Вайна пакінула свой след

Пакаленне франтавікоў за цвёрдасць духу і волі, стойкасць перад жыццёвымі нягодамі і выпрабаваннямі параўноўваюць з крэмнем. І сапраўды, перажыўшы ліхі час — жорсткасць акупацыі, баі і бамбёжкі, разруху, нястачу і бясхлеб’е, гэтыя людзі здолелі стаць на ногі, жыць, працаваць, будаваць сваё жыццё, пачынаючы ўсё амаль з нуля. Яны не скардзіліся ніколі, не скардзяцца і сёння на сваё жыццё, бо памятаюць смак гнілой бульбы, ведаюць сапраўдную цану акрайца хлеба, памятаюць, як радаваліся сшытай кашулі, як пад тусклае святло газніцы на пажоўклых газетных лістах вучыліся пісаць і дзякавалі Богу, што выжылі. Іх загартавала вайна, адшліфавала характар, навучыла не баяцца цяжкасцей, а проста жыць і працаваць.
Інваліду Вялікай Айчыннай вайны, аднаму са старэйшых жыхароў вёскі Макраны, Мікалаю Іванавічу Тамашуку 92 гады. Ці думаў ён, калі пасля ранення апрытомнеў у шпіталі, што пражыве такі доўгі адрэзак жыцця? Тады параненаму юнаку пражыць дзень, месяц, год было ўжо шчасцем.
На фронт Мікалай Іванавіч трапіў у 1944-ым. Вучыць навабранцаў усім тонкасцям вайсковай справы тады, калі ішлі жорсткія баі і не хапала воінаў, часу не было. Таму амаль адразу давялося ісці ў бой. Маладому байцу Мікалаю Тамашуку ваяваць давялося не доўга. У жорсткім баі з разлютаваным ад неабходнасці адступаць ворагам яго параніла. Было гэта пад Варшавай. У прытомнасць малады воін прыйшоў пасля складанай аперацыі. Затым былі доўгія месяцы лячэння ў ваенным шпіталі ў Казані. Адабраўшы здароўе, вайна назаўжды пакінула Мікалаю Іванавічу памяць аб сабе. Вярнуўся дамоў ён аслабелы. Але трэба было жыць, аднаўляць усё тое, што разбурылі акупанты. Ваенныя раны загойваў час. На пачатку пяцідзесятых гадоў Мікалай Тамашук ажаніўся. Яго жонка, Акуліна Гаўрылаўна, таксама шмат чаго перажыла ў ваеннае ліхалецце. Яе, маладую дзяўчыну, ледзь не забралі немцы ў Германію. Да адпраўкі заставаліся лічаныя дні. Ніякія спробы разжаліць фашыстаў, каб вярнуцца дамоў, не дапамагалі. Аднойчы, улучыўшы момант, Акуліне разам з сяброўкамі ўдалося ўцячы. Яны беглі і баяліся, што за спіною пачуюцца выстралы. Але дзяўчатам пашанцавала, яны вярнуліся дамоў.
Разам Мікалай Іванавіч і Акуліна Гаўрылаўна ўжо 63 гады. За перажытыя выпрабаванні лёс узнагародзіў іх — падарыў дзяцей, унукаў, праўнукаў. Усё сваё жыццё Тамашукі пражылі ў працы. Аб няўрымслівасці рук іх сведчыць парадак на падворку. Двор старэнькіх ужо гаспадароў і сёння вызначаецца чысцінёй. А летам ён нават радуе прахожых кветкамі, за якімі старанна даглядае Акуліна Гаўрылаўна.
Людзі ваеннага пакалення. Яны многае перажылі, былі сведкамі таго, як вайна руйнавала, калечыла, не шкадавала ні старых, ні малых… Час, які няўмольна адлічвае пражытыя гады, сцёр у іх памяці многія ўспаміны, засталіся крупінкі іх. Але і гэтыя крупінкі дапамагаюць нам зразумець, як добра жыць пад мірным небам.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: інвалід Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Іванавіч Тамашук.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 11.12.2013 г.

Добавить комментарий


https://farm-pump-ua.com/

https://topobzor.info

militarycenter.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!