СВАБОДА, ПРЫ ЯКОЙ НЯМА АДКАЗНАСЦІ, РАЗБУРАЕ ЧАЛАВЕКА

Маладым людзям, у якіх толькі пачынае фарміравацца светапогляд, вельмі цяжка ў шматлікім моры інфармацыі і пры шырокіх магчымасцях доступу да яе засвоіць прынцыпы маральна здаровага грамадства, вызначыць правільныя жыццёвыя арыенціры. Таму задача ўсіх нас – бацькоў, педагогаў, улады, грамадскіх арганізацый, а таксама праваслаўнай царквы, хто неабыякавы да заўтрашняга краіны, дапамагчы ім зрабіць гэта. Як? На якіх прыкладах выхоўваць маладых людзей? Што значыць быць патрыётам? Маральныя праблемы ў сучаснай школе і шляхі іх вырашэння, роля царквы ў духоўна-маральнай асвеце моладзі, метады матывацыі педагогаў да павышэння прафесійнай педагагічнай культуры, шляхі фарміравання духоўна-маральных якасцяў вучняў, фарміраванне патрыятызму праз прызму ўзаемаадносін грамадства і праваслаўнай царквы. Гэтыя і многія іншыя пытанні абмяркоўвалі прадстаўнікі ўлады, педагогі, свяшчэннаслужыцелі ў час “круглага стала” па тэме “Праваслаўе – крыніца маралі, патрыятызму, культуры і духоўнасці”. Ён быў арганізаваны ў дзяржаўным прафесійным ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці па ініцыятыве яго кіраўніцтва. Прапануем увазе чытачоў рэпартаж з “круглага стала”.

Вадзім Шпетны, намеснік старшыні райвыканкама:
— Калі рыхтаваўся да сённяшняга “круглага стала”, задумаўся над тым, як з’арыентаваць яго ўдзельнікаў на размову па выбранай тэме, улічваючы тую сітуацыю, якая цяпер у нашым грамадстве. І паставіў для сябе першую задачу: коратка вызначыць, што такое патрыятызм, мараль для маладога чалавека. Напэўна, ніхто не будзе аспрэчваць той факт, што ранейшыя ідэалы, на якіх выхоўвалася больш старэйшае пакаленне, разбураны. Мы бачым, што моладзь сёння розная. І зносячыся з маладымі людзьмі, праглядваючы блогі ў інтэрнэце, нельга не заўважыць, што юнакі і дзяўчаты цяпер усё спрошчваюць, нават мову зносін. У такой сітуацыі трэба данесці да маладых людзей нейкі сімвал, лозунг, каб яны зразумелі, што мы, дарослыя, хочам выхаваць у іх. Праглядваючы шмат матэрыялаў, у тым ліку і ў інтэрнэце, я выдзеліў слова «адказнасць». І запомніў цытату Патрыярха Алексія ІІ, якая мне спадабалася: “Патрыятызм, несумненна, актуальны. Гэта пачуццё, якое робіць кожнага чалавека адказным за справы краіны. Без патрыятызму няма маралі. Калі я не думаю пра свой народ — у мяне няма дома, няма каранёў, бо дом – гэта не толькі камфорт, але яшчэ і адказнасць за парадак у ім, за дзяцей, якія жывуць у гэтым доме.
Чалавек сённяшняга свету – гэта свабода­любівы чалавек. Але бяда ў тым, што сучасная моладзь хоча бясконцай свабоды і ніяк не хоча прызнаць, што свабода – гэта найперш адказнасць: за сябе, за сваю справу, за сваю сям’ю, за сваё здароўе. Калі чалавек будзе адчуваць гэтую адказнасць, ён будзе патрыётам. Даючы такое тлумачэнне патрыятызму, магчыма, нам і ўдасца дастукацца да сэрцаў маладых лю­дзей.

Айцец Віктар, пра­таіерэй, благачынны цэркваў раёна:
— Менавіта царква заклікае чалавека быць адказным за свае ўчынкі, справы, словы і нават думкі і сувымяраць сваё жыццё з законам Божым. Дзесяць Евангельскіх запаведзяў вучаць чалавека і любві да Бога, і любві да бліжняга. Яны і з’яўляюцца асноўнымі прынцыпамі маралі ўсяго грамадства, у тым ліку і патрыятызму. Па-мойму, цяпер наша грамадства пачынае ўжо ўсведамляць, што без нейкіх межаў у паводзінах чалавека не будзе нічога добрага, што прынцып выхавання “дзе хлеб, там і Радзіма”, — непрымальны.
Калі мы з адказнасцю будзем адносіцца да саміх сябе, да сваіх бліжніх, тады мы бу­дзем прыслухоўвацца, што нам прапаноўвае Гасподзь. А прапаноўвае ён няшмат: каб мы мелі веру і гэтай верай кіраваліся ў паўсядзённым жыц­ці, каб наша вера пад­мацоўвалася тымі ўчын­камі, якія нам Бог прапаноўвае да выканання.
Што праваслаўе адра­джаецца – гэта добра. Раней на Маларытчыне было толькі тры храмы, цяпер – пятнаццаць. Будзе будавацца яшчэ адзін, а гэта тыя астраўкі, якія выконваюць галоўную сваю місію, — выхаванне чалавека.

Сяргей Строк, на­меснік начальніка ад­дзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама:
— Між іншым, права­слаўная царква ў нашым раёне прадстаўлена найбольш. Таму яе ўплыў на выхаванне чалавека вельмі значны. Размова ідзе не толькі пра пропаведзі ў храмах, але і пра выхаваўчую місію праз сродкі масавай інфармацыі. Трэба сказаць, што ў раёне нядрэнна наладжана супрацоўніцтва апошніх і праваслаўнай царквы. Раённая газета і раённае радыё рэгулярна рыхтуюць матэрыялы на праваслаўную тэматыку, свяшчэннікі – частыя ўдзельнікі “круглых сталоў”, якія арганізоўваюцца і праводзяцца ў рэдакцыі. Але сувязь царквы і сродкаў масавай інфармацыі трэба ўмацоўваць, больш актыўна выка­рыстоўваць інтэрнэт-рэсурсы. У нашага маларыцкага благачыння ёсць свой сайт, ён нядрэнны. Улічваючы той факт, што яго наведваюць і маладыя людзі, хацелася б, каб там змяшчалася больш павучальнай інфармацыі, якая б аказвала станоўчае ўздзеянне на моладзь.

Таццяна Лаўрэенка, начальнік аддзела аду­ка­цыі, па спорту і ту­рызму райвыканкама:
— Так, нашы дзеці любяць цяпер пася­дзець у інтэрнэце, але не любяць чытаць, таму разлічваць на такі рэсурс у выхаванні, як добрая кніга, наўрад ці варта.
Ва ўстановах аду­кацыі вучэбны працэс непарыўна звязаны з выхаваўчым, у аснову якога пакладзена маральнае выхаванне. Педагогі маюць на мэце выхаваць сапраўднага грамадзяніна, патрыёта, маральна здаровага чалавека, але не заўсёды гэта атрымліваецца. Мы даем дзецям урок, рыхтуем для іх пазакласныя мерапрыемствы, але кожны з вучняў успрымае іх па-свойму. У школе мы вучым дабру, чуласці, шчырасці, а дзіця прыходзіць дамоў ці ідзе па вуліцы і там бачыць зусім іншае. Часта гутару са школьнікамі. І калі пытаюся ў вучня, чаго ён дрэнна зрабіў, ці чаму ўчыніў дрэнны ўчынак, адказвае: “А я бачыў, як адзін дзядзька рабіў”. Адсюль можна зрабіць вывад, што і нам, дарослым, трэба быць больш адказнымі перад дзецьмі, ніколі не паказваць ім дрэнны прыклад. А дзе адказнасць, там будзе і высокая мараль.

Аляксей Дзямінскі, першы сакратар райкама ГА “БРСМ”:
— У сваіх мэтах мы не можам разыходзіцца з праваслаўнай царквой, бо прызваны вырашаць адну задачу – выхоўваць маладых людзей. Пра рабочую моладзь я гаварыць не буду. Гэта людзі, у якіх сфарміраваўся свой светапогляд, а вось вучнёўскай моладзі трэба дапамагаць яго фарміраваць. Мы стараемся выхоўваць маладых людзей так, каб яны добра ведалі свае карані, каб не гаварылі, што, дзе добра, там і Радзіма. Наша арганізацыя спрабуе напомніць моладзі і аб тым, што яна адказная за будучае ўсяго грамадства, што ёсць сярод нас людзі пажылыя, нямоглыя, ветэраны, і мы ў адказе і за іх. А многага гэтыя людзі не патрабуюць, толькі нашай увагі і неабыякавасці.
На жаль, сумесныя мерапрыемствы з праваслаўной царкой мы не праводзілі, у мяне пакуль яшчэ невялікі вопыт у рабоце, але я думаю, што ў будучым мы будзем праводзіць такія сумесныя мерапрыемствы.

Мікалай Казінец, настаяцель храма Раства Прасвятой Бага­родзіцы в. Макраны:
— З-за многіх абставін, розных гістарычных катаклізмаў здарылася так, што ў нашай духоўнай культуры была цалкам зжыта ідэя граху і ў той жа час вельмі моцна развівалася ідэя правоў і свабод. Ёсць такое прыгожае слова «дэмакратыя». Яна прывяло да таго, што чалавек пачаў разнявольваць у сабе жывёльны інстынкт. Прычым, якім ён ёсць, такім і праяўляецца. Таму не дзіўна, што ў нас з’явіліся ўсялякія партыі, тыпу партыя сэксуальных меншасцей і інш. Даходзіць да бязглуздзіцы, чалавек ператвараецца невядома ў каго. І заклікаць кожнага быць хрысціянінам – гэта вялікая планка. Чалавек павінен быць чалавекам. У розныя часы, гістарычныя перыяды і правіцелі, і цары, і філосафы спрабавалі сфарміраваць свае паняцці, каб грамадства развівалася на аснове нейкіх прынятых норм і законаў. Але як бы там ні было, большасць усё роўна звярталіся да царквы. Праўда, і недавер да яе заставаўся. З аднаго боку было жаданне супрацоўнічаць з царквою, а з другога – ёй не давяралі. Гэты недавер у многіх захаваўся і сёння.
Царква прыкладвае ўсе намаганні, каб данесці да маладога пакалення Божыя ісціны, хрысціянскія нормы. З гэтай мэтай пры кожным прыходзе дзейнічаюць Нядзельныя школы, для больш старэйшых дзяцей – маладзёжныя брацтвы. Мы зрабілі вывад, што юнакі і дзяўчаты, якія займаюцца ў школе і з’яўляюцца братчыкамі, — больш добрыя, больш чулыя, больш міласэрныя.
Вядома, Божыя ісціны не заўсёды зразумелыя для чалавека ці-то ў сілу яго выхавання, ці-то ў сілу нейкіх уласных перакананняў. Але яны незразумелыя толькі да таго часу, пакуль у чалавека не нараджаецца сапраўдная любоў. Не нейкая асабістая, а менавіта хрысціянская, калі пачуцці дабрыні, спачування, чуласці праяўляюцца ў адносінах да іншых людзей. І тады чалавек пачынае ра­зумець, як працуюць Божыя запаведзі, бо ў таго, каго ты сапраўды любіш, ніколі не будзеш красці, не будзеш яго падманваць, ніколі яму не здрадзіш. Запаведзі аўтаматычна пачынаюць працаваць.
Вельмі важна, каб бацькі любілі сваіх дзяцей, пастаянна зносіліся з імі. А мы, трэба прызнаць, не часта робім гэта.

Станіслаў Ляшчук, дырэктар дзяржаўна­га прафесій­нага ліцэя сельскагаспадарчай вы­творчасці:
— Калі гаварыць аб выхаванні дзяцей у веры, мы павінны добра разумець, што галоўнае – не нашкодзіць ім. Я сёння з задавальненнем вітаю настаўніка, які сам з’яўляецца вернікам. Але я супраць фанаціка-верніка. Такі чалавек, на мой погляд, у школе можа толькі нашкодзіць. Таму мы заўсёды павінны турбавацца, каб нашы дзеці не сталі рэлігійнымі фанацікамі.
І яшчэ. Усе мы добра ведаем, што ранейшая моладзь выхоўвалася на кумірах 70-80-х гадоў, але для сённяшніх юнакоў і дзяўчат гэтыя куміры не з’яўляюцца тым узорам, на каго яны хочуць раўняцца. Сённяшняй моладзі патрэбны свой кумір. Толькі хто?

Віталь Равінскі, нас­таяцель храма Раства Прасвятой Бага­родзіцы в. Ляхаў­цы:
— Бяда ў тым, што наша моладзь выхавана на фільмах, дзе рэлігійны чалавек паказваецца страшным, з вачамі, якія гараць, ступленым. Але для праваслаўя ніколі не быў уласцівы фанатызм. Для хрысціяніна непрыймальная сама думка аб насіллі над чужой свабодай. Бог сам у адносінах да лю­дзей не дапускае гэтага. Духоўнае жыццё праваслаўнага чалавека накіравана ўнутр сябе. Хрысціянін усе свае праблемы бачыць у сабе. Менавіта там, у сэрцы, дз’ябал з Богам змагаюцца. Праваслаўе прапаноўвае цвяроза, без ружовых акуляраў зазірнуць у сваю ўлас­ную душу, прыгледзецца, што ўнутры сэрца, што там на самой справе адбываецца. Нармальная праваслаўная духоўнасць далёкая ад фанатызму.

Мікалай Навумчык, намеснік дырэктара раённай гімназіі па вучэбна-метадычнай рабоце:
— Юнакам і дзяўчатам, на мой погляд, трэба растлумачваць не толькі законы навукі, але і паказваць, што прагрэс цывілізацыі не ёсць стварэнне і назапашванне матэрыяльных даброт, а паступовае раз­дзяленне супрацьлеглых маральных пачаткаў – дабра і зла. Неабходна пастаянна напамінаць вучням пра тое, што інфармацыйныя тэхна­логіі павінны ацэньвацца і асэнсоўвацца перш за ўсё ў духоўна-маральным аспекце. Работу па выхаванні трэба праводзіць пастаянна, сістэмна, а не эпізадычна.
Сярод вучняў 9-11 класаў раённай гімназіі было праведзена анкетаванне на тэму: “Якія, па-вашаму, асобасныя якасці павінны быць уласцівы педагогам”. І гімназісты шчыра прызналіся, што ў сваіх педагогаў хацелі б бачыць такія якасці, як дабрыня, жыццярадаснасць, ураўнаважанасць, сяброўская прыхіль­насць, уменне зразумець і давяраць, талерантнасць, павага да асобы вучня і яго чалавечых годнасцяў, тактоўнасць, прыстойнасць і г.д. Мы, настаўнікі, павінны заў­сёды памятаць пра тое, што якія мы самі, такімі будуць і нашы выхаванцы.

Галіна Стасюк, на­­­меснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце ДзПЛСВ:
— Наша навучальная ўстанова і Маларыцкае благачынне апошнія 2 гады заключаюць пагадненні аб супрацоўніцтве. У рамках яго на класных і інфармацыйных гадзінах у ліцэі пастаянна прысутнічаюць свяшчэннікі. Яны праводзяць з навучэнцамі гутаркі на самыя на­дзённыя і хвалюючыя тэмы, традыцыйныя мерапрыемствы: “круглыя сталы”, экскурсіі па храмах і манастырах, канферэнцыі з педагогамі, бо маральна-духоўнае развіццё апошніх у працэсе выхавання адыгрывае значную ролю. Свяшчэннікаў запрашаем і на савет прафілактыкі ліцэя. Метадам апытання пацікавіліся ў наву­чэнцаў, як яны адносяцца да такіх мера­прыемстваў. 90% апытваемых адказалі, што падтрымліваюць. А на пытанне, ці можа паўплываць царква на духоўна-маральнае выхаванне чалавека, усе 100% апытваемых адказалі сцвярджальна.

Сергій Струнец, клі­рык Свята-Міка­лаеўскай царквы г. Маларыты:
— Выхаванне сучаснага маладога чалавека базіруецца на прынцыпе: “Не рабі дрэнна”. А чалавек пратэстуе супраць гэтага прынцыпу і кажа: “А чаго я не магу рабіць так, як хачу?!”. У гэтым праяўляецца свабода чалавека. І ў многіх краінах падтрымалі такі прынцып свабоды і ўзаконілі тое, што чалавек хоча. У Галандыі, да прыкладу, дайшлі да таго, што ставяць пытанне аб легалізацыі дзіцячай педафіліі. А колькі сэксуальных меншасцей ёсць?! Правы іх таксама ўзаконілі. І калі ў нас такога пакуль няма, яно рознымі спосабамі пастараецца прыйсці і да нас.
Калі прааналізаваць нашу цяперашнюю сітуацыю з выхаваннем моладзі, дык трэба прызнаць, што мы зайшлі далёка. Прычым, не з лепшага боку. Дэградацыя ўсіх чалавечых адносін і ўсяго чалавечага відавочная. Калі мужчына кажа, да прыкладу, што ён Напалеон, яго могуць палічыць псіхічна хворым і адправіць у спецыяльную бальніцу, а калі мужчына кажа, што ён жанчына, – гэта нармальна. Таму выхоўваць трэба не толькі дзяцей, але і дарослых. Вераваць мала, трэба памятаць, што Бог дае кожнаму па яго справах, словах і ўчынках. І мы не ведаем, калі кожны з нас паўстане перад судом Божым, каб даць адказ за тое, што рабілі.
Духоўнасць – гэта практычная дзейнасць, накіраваная на тое, каб перарабіць самога сябе. Калі мы хочам паўплываць на нашых дзяцей, мы павінны перавыхоўваць саміх сябе. А не будзем імкнуцца гэта рабіць, значыць, няма ў нас духоўнасці.

Тамара Тарноўская, настаўніца сярэдняй школы № 2 г. Маларыты:
— Сваю работу па духоўнаму і маральнаму выхаванню мы будуем так, каб нашы дзеці сталі больш цярплівымі, больш добрымі ў адносінах адзін да аднаго, паважалі адзін аднаго, не зневажалі. Мы іх імкнемся пераканаць, што ў жыцці чалавека не ўсё аднолькава. Бываюць выпадкі, моманты, калі чалавеку проста неабходна дапамога і чуласць іншых. Ідэя духоўна-маральнага выхавання ўвасобілася ў атрад міласэрнасці “Добрыя сэрцайкі”. Пра справы гэтага атрада сёння добра ведаюць у раёне. Нашы дзеці праводзяць розныя мерапрыемствы сумесна з дзецьмі-інвалідамі, бываюць у ветэранаў, дапамагаюць ім, наведваюць нямоглых і хворых. На класных гадзінах, куды запрашаюцца настаўнікі з Нядзельнай школы, мы чытаем праваслаўную літаратуру, уключаючы і “Жыццё святых”, ездзім на экскурсіі ў храмы і і нш.

Анатоль Дударчук, настаяцель пры­ходу святой вяліка­пакутніцы Параскевы Пятніцы в. Арэхава:
— Хаця царква аддзелена ад дзяржавы, яна не аддзелена і ніколі не была аддзелена ад грамадства. І заўсёды была разам са сваім народам. Таму пытанні выхавання маладога пакалення таксама для яе не могуць быць абыякавымі. Немалую ролю тут адыгры­вае паразуменне паміж уладай і царквой. У храмах пастаянна ўзносяцца малітвы за ўладу, за воінства. Мы добра разумеем, што выхаванне сапраўдных патрыётаў – справа не аднаго дня і не толькі школы ці царквы. Тут неабходныя сумесныя намаганні ўсіх зацікаўленых сацыяльных інстытутаў.

Жанна Кібальнік, намеснік дырэктара маларыцкага Цэнтра карэкцыйна-развіццё­вага навучання і рэабі­літацыі:
— Выкарыстанне вопыту праваслаўнай педагогікі цяпер асабліва актуальна. Таму мы супрацоўнічаем з сястрынствам, што існуе пры Маларыцкай царкве, і атрадам “Добрыя сэрцайкі” з маларыцкай сярэдняй школы № 2 для таго, каб аб’яднаць намаганні ў духоўна-маральным выхаванні. Духоўна-адукацыйная дзейнасць рэалізуецца праз сустрэчы дзяцей, бацькоў і педагогаў з сястрынствам. Летась работа бацькоўскага клуба была пераарыентавана на бацькоў, дзеці якіх маюць розныя парушэнні ў фізічным развіцці. Менавіта гэтая катэгорыя бацькоў, як аказалася, мае найбольшую патрэбу ў дапамозе спецыялістаў. І тут нас пачулі сёстры міласэрнасці, свяшчэннаслужыцелі. На сустрэчах, якія мы праводзім з імі, бацькі могуць не толькі шчыра пагутарыць, але і атрымаць адказы на такія пытанні: “Як знасйці духоўную раўнавагу?”, “Як пазбавіцца ад тугі?”, “Як знайсці ў сабе сілы змірыцца з рэальнасцю?” Праводзім таксама сумесныя экскурсіі, мерапрыемствы, прымеркаваныя да розных свят.

Надзея Смаль, куратар групы №279 ДзПЛСВ:
— Сацыяльна-мараль­ны аспект выхавання заключаецца ў тым, што яно заснавана на хрысціянскай любві як аснове чалавечых каштоўнасцей. Евангель­скія запаведзі – абсалют маралі. І менавіта добра ведаючы іх, разумеючы сутнасць кожнай, чалавек здольны сувымяраць сваё жыццё, асэнсоўваць свае ўчынкі, справы, думкі. Усё жыццё чалавек праходзіць у грамадстве, ён з’яўляецца сацыяльнай істотай, і ўсе нашы ўзаемаадносіны вельмі цесна пераплецены, звязаны, таму нельга аддзяліць духоўнасць ад маралі.

Сергій Бірук-Русу, настаяцель прыходу ў гонар Лукаўскага абраза Божай маці в. Лукава:
— Каб добра выхаваць сваіх дзяцей, кожны з бацькоў павінен быць носьбітам тых маральных прынцыпаў, якія ніколі не падвяргаліся сумненню. А гэта значыць, што ў аснове выхавання павінны быць вечныя ісціны. На жаль, не ўсе бацькі самі прытрымліваюцца названых прынцыпаў. А галоўная ж роля ў выхаванні маладога чалавека належыць сям’і.
Матэрыял падрыхтавала Ірына КАСЦЕВІЧ.
Фота Мікалая НАВУМЧЫКА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


profvest.com

http://etalon.com.ua/

biceps-ua.com/