”Вёска, якая не павінна знікнуць”

Культурны праект пад такой назвай не першы год ажыццяўляецца на Берасцейшчыне, а менавіта ў Камянецкім, Кобрынскім, Бярозаўскім, Драгічынскім і Жабінкаўскім раёнах. Зусім нядаўна арганізатары яго завіталі і да нас, на Маларытчыну.
А пачыналася ўсё звычайна. Арганізатары праекта ладзілі паездкі, творчыя экспедыцыі, сустрэчы і выбралі для ажыццяўлення сваіх задум жыхароў невялічкай жывапіснай вёсачкі Ужова, а таксама навакольных вёсак. У аснове праекта – сацыяльна-культурная падтрымка пажылых людзей праз актывізацыю іх удзелу ў захаванні аўтэнтычнай культуры, промыслаў, рамёстваў і фальклору, адным словам, усім, чым жыве сталы чалавек. Бо дабрачынная дзейнасць у інтарэсах ветэранаў вайны і пажылых грамадзян у апошні час становіцца ўсё больш актуальнай. Такой думкі прытрымліваліся начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Андрэй Гарбацэвіч і старшыня Лукаўскага сельвыканкама Ганна Анішчук, якія падтрымалі праект і прынялі актыўны ўдзел у мерапрыемстве, што адбылося ў мясцовым Доме фальклору.
Адкрылі свята Ларыса Быцко, ідэйны натхняльнік праекта, і Святлана Пятручык, дырэктар Дома фальклору. Яны пазнаёмілі прысутных з дзейнасцю ўстановы, людзьмі, якія праслаўляюць вёску, з’яўляюцца носьбітамі традыцыйнай мясцовай культуры, прадставілі ўдзельнікаў і гасцей свята.
А госці ва Ужова прыехалі добра вядомыя: народныя майстры Беларусі, удзельнікі шматлікіх айчынных і замежных выстаў. Гэта рамеснікі-рэзчыкі Анатоль Туркоў з Камянеччыны, Уладзімір Чыквін і Вячаслаў Дароцька з Кобрыншчыны, майстар выцінанкі Ніна Міхайлава з Брэста, майстар роспісу па шклу Марыя Кулецкая з Пружан. Трэба было бачыць, з якой цікавасцю прысутныя разглядвалі экспанаты, імкнуліся самі навучыцца нешта рабіць. Для вучняў мясцовай школы быў праведзены майстар-клас. У выніку за 2 гадзіны дзеці з вялікім запалам і спрытам вырабілі сваімі рукамі і прадэманстравалі гледачам драўляныя свісцёлкі, цацачныя верталёцікі, пакецікі і шарыкі з выцінанкай, размаляваныя па шклу карціны і пано. Сярод прысутных былі мясцовыя майстры. Іван Кардзялюк, напрыклад, займаецца пляценнем кошыкаў з лазы, забяспечвае імі сваіх аднавяскоўцаў і жыхароў іншых вёсак. Яго кошыкі карыстаюцца вялікім попытам. А вось Сцяпан Коцелеў з Грушкі больш любіць займацца бондарствам. Ён вырабляе дзежкі, бочкі і іншыя прылады сялянскага быту. Трэба ж умець валодаць такім рэдкім і складаным рамяством. Бо не так проста зрабіць тую ж дзежку: і адпаведны драўляны матэрыял неабходна падабраць, і клёпкі, якія павінны быць абавязкова дубовыя, бо інакш у той дзежцы хлеб не ўдасца.
Маляўніча і ярка выглядалі на выставе ручнікі вышывальшчыц Вольгі Алесяюк і Вольгі Сцепанюк, якія ўклалі ў свае арнаменты часцінку душы і сэрца. Усе гэтыя ўмельцы – пастаянныя ўдзельнікі раённых і абласных выстаў. Іх цудоўнымі работамі захапляліся жыхары Брэста, Камянца, Кобрына, Ружан.
Не менш цікавымі былі і выступленні аматарскіх калектываў. Канцэрт пачаў дзіцячы ансамбль Ужоўскага Дома фальклору. Затым выступалі госці – удзельнікі фальклорных гуртоў “Старое сяло” і “Рада” з г. Мінска. Колькі прыемных хвілін падарылі яны гледачам! Старадаўнія песні, якія артысты выконвалі, краналі душу кожнага прысутнага. Бо тэмы гэтых песень спрадвечныя: аб каханні, чалавечым лёсе, мацярынскай любві. Яны нікога не пакідалі абыякавым. Немагчыма было ўседзець на месцы, калі слухаў вясёлыя прыпеўкі, жартоўныя мелодыі, у рэшце рэшт, прысутныя пусціліся ў скокі.
Расчуленыя захапляльным дзействам, старажылы згадвалі асноўныя падзеі, што адбываліся ў вёсцы. Жудасныя гады ваеннага ліхалецця назаўжды застануцца ў памяці ветэрана вайны з в. Высокае Івана Астапука і былога вязня фашызму Еўдакіі Коцелевай з Грушкі. Яны ўспаміналі перажытае, што міжволі ўсплывала ў памяці. А Ганна Коцелева, мясцовая спявачка з Грушкі, не магла ўстрымацца, каб не праспяваць задушэўныя песні разам з мінскімі артыстамі. Вось такой яна была, гэтая сустрэча, – патрэбнай, непаўторнай, і, вядома ж, незабыўнай. Спадзяемся, што стваральнікі праекта – удзельнікі грамадскага аб’яднання, аматары мастацтва “Тур” пры падтрымцы германскага фонду “Памяць. Адказнасць. Будучыня” і міжнароднай арганізацыі “Узаемаразуменне” будуць жаданымі гасцямі і ва ўстановах культуры іншых рэгіёнаў. Бо гэта так неабходна ўсім нам, каб захаваць свае карані, сваю гісторыю, каб заўсёды жылі, працвіталі і ніколі не знікалі нашы вёскі.
Наталля ГАЛАВІЙ, дырэктар цэнтралізаванай клубнай сістэмы.
НА ЗДЫМКАХ: ветэран Вялікай Айчыннай вайны Іван АСТАПУК з адным са сталічных артыстаў; арганізатары праекта; былы вязень фашызму Еўдакія КОЦЕЛЕВА.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 14.12.2013 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!