“На фронт імкнуўся трапіць усёй душой”

— На фронце з немцамі ваяваць, на жаль, не давялося, — расказвае Мікалай Касянюк з в.Ляхаўцы. – Малы быў, не хапала гадоў, каб узялі на фронт. А так гэтага хацелася! Крыўдна, але я і многія мае саслужыўцы спазніліся ўсяго толькі недзе на дзень-два на поле бою. Проста цягнік з Расіі з маладым папаўненнем ехаў павольна. Не цярпелася мне выстраліць у захопнікаў. Было вялікае жаданне біць ненавіснага ворага, які неспадзявана перакрэсліў усе планы, мары, надзеі і спадзяванні, пазбавіў шчаслівага дзяцінства. Хіба можна калі-небудзь забыць свіст куль, выбухі снарадаў і бомб, галечу, холад, голад… Гады бягуць. 86 ужо, а ваеннае ліхалецце ніяк з памяці не сціраецца.
***
Мікалай Мікалаевіч нарадзіўся і вырас на хутары бліз Ляхавец. У 1939г. скончыў тры класы польскай школы. Далей не вучыўся. Не да вучобы было, бо пачалася Вялікая Айчынная вайна. Цяжкае жыццё пачалося для 14-гадовага падлетка. Усе жахі вайны бачыў на свае вочы.
Пасля вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Мікалаю Касянюку далі прыпісное пасведчанне. Юнак адразу стаў у Маларыце ахоўваць ваенкамат.
— Час быў нялёгкі, — кажа Мікалай Мікалаевіч. – Усякія людзі трапляліся. Тады на Маларытчыне “лавілі” дэзерціраў. Іх прыводзілі ў ваенкамат, а раніцай на цягніку накіроўвалі ў Брэст. Службу з хлопцамі неслі па­зменна. Адпачывалі ў каравульным памяшканні, якое знаходзілася побач. З Ляхавец у Маларыту і назад хадзіў пешшу. Ды хіба гэта адлегласць была для маладога хлопца? Адзінае, што засмучала, — гэта вялікі лес і ваўкі ў ім. Не раз лясны разбойнік пераходзіў дарогу.
У снежні 1944 г. Мікалая Касянюка прызвалі ў армію. Даўно юнак чакаў гэтага дня. Яго накіравалі ў Разань, у “вучэбку”, дзе сталі сур’ёзна рыхтаваць да службы. Там хлопец быў да красавіка наступнага года. Затым іх, маладых, пасля прыняцця прысягі, пасадзілі ў эшалон і павезлі. Ён дакладна ведаў: вязуць ваяваць з немцамі, каб ачысціць краіны Еўропы ад карычневай чумы. У адным польскім горадзе спыніліся на ноч. Раніцай наступнага дня Мікалай Мікалаевіч прачнуўся ад моцнай перастрэлкі. Яна не сціхала на працягу некалькіх хвілін. Юнак падумаў, што напалі немцы. Хутка выскачыў на перон. Затым далі каманду пастроіцца. Начальства аб’явіла аб тым, што фашысцкая Германія капітулявала.
— Мы святкавалі перамогу над ворагам. Шчыра віншавалі адзін аднаго з гэтай падзеяй. Пазней наш цягнік усё ж такі накіраваўся ў бок Германіі. Далей мая служба працягвалася на яе тэрыторыі. Я стаў артылерыстам. У Германіі праслужыў да кастрычніка 1945 г. Далей накіравалі праходзіць службу ў г. Белая Царква (Украіна), пазней – у Кіеў. У родную вёску вярнуўся зімой 1951 года.
***
Мікалай Касянюк сваё жыццё звязаў з лесам. Гэтай справе аддаў 35 гадоў. Быў лесніком, пасля – майстрам лесу… Без справы не сядзіць і цяпер. Зямля, на якой вырас, не адпускае і да гэтага часу.
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 18.12.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


別れさせ屋

автомасла мобил

обращайтесь