У раёне працуюць перасоўныя пункты дастаўкі пошты

Сёння ў вёсцы ўжо нікога не здзівіш аўталаўкай, бібліобусам… Яны трывала ўвайшлі ў штодзённы быт жыхароў некаторых населеных пунктаў. Яшчэ адно новаўвядзенне гэтага года на Маларытчыне – з’яўленне перасоўнага аддзялення паштовай сувязі.
— Яно пачало сваю работу 4 чэрвеня, — кажа Святлана Піпко, намеснік начальніка райвузла паштовай сувязі. — Паводле стандартаў, якія існуюць сёння, паштовае аддзяленне павінна абслугоўваць да дзвюх тысяч чалавек. Ліквідуюцца перш за ўсё маларэнтабельныя і нерэнтабельныя аддзяленні. Яны замяняюцца перасоўнымі пунктамі дастаўкі пошты.Сутнасць новаўвядзення ў наступным: спецыяльна абсталяваная машына па графіку наведвае аддаленыя і маланаселеныя пункты. У ёй, як і на стацыянарным аддзяленні сувязі, можна аформіць падпіску, страхоўку, атрымаць карэспандэнцыю, адправіць і атрымаць грашовы перавод, аплаціць камунальныя паслугі, паслугі сотавай і стацыянарнай тэлефоннай сувязі, купіць канверты, паштоўкі, газеты, часопісы, прадукцыю бытавой хіміі… З-за нізкай рэнтабельнасці першым у раёне было зачынена паштовае аддзяленне ў Радзежы. Пакінуць лю­дзей без паштовых паслуг нельга. Таму і з’явілася перасоўнае аддзяленне сувязі, якое абсталявана на базе аўтамабіля павышанай праходнасці УАЗ.
Пяць разоў на тыдзень, акрамя нядзелі і паня­дзелка, перасоўнае аддзяленне, якое ўзначальвае Алена Георгіеўна Дацык, абавязкова прыязджае ў вёскі Багуслаўка,Радзеж, Навалессе, Хмялёўка, Брадзяцін, Арлянка, Галёўка. У сераду і суботу пошта “на колах” бывае яшчэ ў Хмелішчах, Яміцы, Ацятах, Пяртышчы. У гэтых 11 населеных пунктах Маларытчыны жыве цяпер амаль 1090 чалавек. Працягласць маршруту руху поштамабіля ў сераду і суботу складае амаль 210 км. Раніцай УАЗ накіроўваецца ў вёскі Гвозніцкага і Олтушскага сельсаветаў, а вечарам вяртаецца ў райцэнтр.
— У паштовай аўталаўцы прадуманы расклад руху, — гаворыць Алена Дацык, начальнік перасоўнага аддзялення паштовай сувязі (на здымку). — Яна спыняецца ў кожнай вёсцы, якая абслугоўваецца згодна з зацверджаным графікам. Час знахо­джання ў населеным пункце — ад 20 хвілін да 2 гадзін і залежыць ад некалькіх прычын. Падыход да кожнага кліента індывідуальны. Паштовы экіпаж добра ведае, напрыклад, каму і на якія выданні прапанаваць аформіць падпіску, які тавар прапанаваць. Перасоўнае паштовае аддзяленне сувязі працуе з улікам запатрабаванняў насельніцтва.
Як адносяцца жыхары в. Радзеж да таго, што ў іх населеным пункце закрылі стацыянарнае аддзяленне паштовай сувязі? Разам са Святланай Піпко накіроўваемся ў Ра­дзеж, каб атрымаць адказ ад саміх жыхароў. Ля магазіна праводзім міні-апытанне. Як і чакалася, думкі раздзяліліся. Аднак большая палова тых, хто выказваў свае меркаванні, была за такі від паштовай сувязі. На іх думку, гэта — сучаснае мабільнае аддзяленне і вельмі неабходнае жыхарам аддаленых вёсак.

Пётр Цяліпка:
— Такая пошта для нас – проста цуд. Яна, напэўна, якраз прыдумана для людзей састарэлага ўзросту (смяецца). Па­тлумачу. Мая сям’я жыве прыблізна за 3 км ад таго месца, дзе знаходзіцца будынак стацыянарнай пошты. І ісці туды пешшу пры неабходнасці цяжка. Асабліва нязручна зімой, калі завіруха ці слізкая дарога. Цяпер жа ўсе паслугі за некалькі метраў ад дома. Каб імі скарыстацца, дастаткова выйсці на дарогу. Зручна, дзякуй за такі сэрвіс.

Таццяна Сіманюк:
— Перасоў­нае аддзя­ленне паш­­товай сувязі для жыхароў Радзежа – гэта сучасны міні-офіс на колах. Тут ёсць своеасаблівая вітрына, дзе выкладзены тавар ад газет-часопісаў да чаю-гарбаты. Прадукты харчавання заўсёды свежыя, якасныя. Ды і Алене Дацык, начальніку аўтапошты, можна патэлефанаваць і заказаць усё, што хацелася б набыць. Абслугоўванне ў перасоўным аддзяленні паштовай сувязі ніколькі не горшае, чым у стацыянарным. Яно ў нас якаснае і аператыўнае. Акрамя таго, у вёсцы па-ранейшаму ўсе віды паслуг аказвае яшчэ і паштальён.

Лідзія Дацык:
— Я была супраць закрыцця ў Радзежы стацыянарнага аддзялення сувязі. Раней туды я магла зайсці ў любы момант, калі яно праца­вала. Цяпер жа даводзіцца карэкціраваць свой працоўны дзень, планаваць, каб трапіць у графік знаходжання перасоўнай пошты ў вёсцы. Бывае, што не заўсёды атрымліваецца “ўціснуцца” ў адведзеныя для Радзежа гадзіны.
***
Святлана Піпко падкрэсліла і той факт, што перасоўнае аддзяленне паштовай сувязі бывае ў тых вёсках, дзе стацыянарныя аддзяленні раней не дзейнічалі.Іх жыхары цяпер маюць магчымасць атрымліваць поўны пералік паштовых і няпрофільных паслуг на высокім якасным узроўні.Выбар сэрвісных паслуг такі ж, як і ў горадзе.
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 18.12.2013 г.

Добавить комментарий


https://best-products.reviews

www.adulttorrent.org/details/pandemonium_slash_princess_sakura
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!