КАБ РЭАЛІЗАВАЦЬ СЯБЕ

Стала добрай традыцыяй праводзіць у ліцэі творчую сустрэчу пад назвай “Вясёлка талентаў”. Гэтае мерапрыемства заўжды пакідае шмат станоўчых эмоцый і дапамагае зноў і зноў пераконвацца ў тым, што ў кожным падлетку ёсць творчы пачатак. Не стала выключэннем і сёлетняя “Вясёлка талентаў”. Хоць усе навучэнцы ліцэя – юнакі, але канцэртную праграму яны змаглі зрабіць яркай, эмацыянальнай. Кожнае з выступленняў было вельмі цікавым, уражвала. Свае таленты раскрылі хлопцы ў розных накірунках. Дзмітрый Галавій прадэманстраваў уменне іграць на розных музычных інструментах, Аляксандр Яроменка перамог у намінацыі “Лепшы акампаніятар”, Уладзіслаў Маразевіч прадэманстраваў аўтарскае выкананне ўласных трэкаў у стылі РЭП, Мікалай Герасімук стаў лепшым у намінацыі “Вакальны выка­наўца”. Парадавалі і навучэнцы групы 64, якія дружным хорам выканалі песню “Смуглянка”.
Дапамагаючы навучэнцам рэалізавацца ў творчасці, у ліцэі не забываюць і пра выхаванне павагі да будучай прафесіі. Штогод напрыканцы восені навучэнцаў чакае цікавае мерапрыемства “Поспех выбірае прафесіяналаў”. Галоўнымі героямі сустрэчы становяцца першакурснікі, якія яшчэ толькі пераступілі парог ліцэя. Па традыцыі на сустрэчу запрашаюцца выпускнікі навучальнай установы, сапраўдныя прафесіяналы, якія свае навыкі атрымалі ў прафесійным ліцэі. Сёлета гасцямі мерапрыемства сталі Фёдар Фёдаравіч Кузьміч, які прайшоў шлях ад выпускніка ліцэя да майстра вытворчага навучання, адпрацаваўшы ў ліцэі больш за 40 гадоў, і Арцём Чыкіта, які закончыў ліцэй у 2009 годзе і сёлета стаў пераможцам раённага спаборніцтва на жніве сярод маладых вадзіцеляў. Яны дзяліліся сакрэтам свайго прафесійнага поспеху. А сакрэт гэты просты – адносіцца да справы адказна і працаваць заўжды старанна.
На мерапрыемства былі запрошаны вучні Хаціслаўскай, Мельніцкай і першай гарадской школ. Для школьнікаў сустрэча была цікавай і павучальнай. З экскурсіяй яны прайшліся па тэрыторыі ліцэя, пабывалі ў вучэбных кабінетах, пазнаёміліся з машынна-трактарным паркам, спартыўнымі заламі, інтэрнатам. Навучэнцы ліцэя расказалі школьнікам аб прафесіях, якія можна атрымаць у навучальнай установе, павесялілі іх прыпеўкамі аб жыцці ліцэя.
Многія сённяшнія навучэнцы ліцэя з-за пэўных абставін не змаглі ў дастатковай ступені раскрыцца ў школе, паказаць сябе са станоўчага боку. У ліцэі ім даецца такая магчымасць. І калі ў падлетка не атрымліваецца праявіць сябе ў вучобе, ён можа рэалізавацца ў гуртках “Тэхнічнай твор­часці”, “Мастацкай коўкі”, “Свет на экране”, “Футбол”, “Баскетбол” і інш. Прафесіяналізм педагогаў дазваляе арганізаваць выхаваўчы працэс так, каб дзеці, нярэдка не з самымі простымі лёсамі і не з самымі простымі характарамі, атрымлівалі магчымасць праявіць сябе ў розных сферах – спартыўнай, інтэлектуальнай, грамадскім жыцці не толькі ліцэя, але і раёна.
Галіна СТАСЮК, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце УА “Маларыцкі ДзПЛСВ”.
НА ЗДЫМКАХ: ліцэісты праяўляюць свае таленты.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 18.12.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


https://velotime.com.ua

www.medicaments-24.com

http://chemtest.com.ua/