«Мы ў баях адстаялі Вясну”

Мы ніколі не чулі выцця сі­рэны,  якая паведамляе аб ваеннай трывозе, не бачылі разбураных фашысцкімі бомбамі гарадоў і вёсак, зруйнаваных дашчэнту хат. Мы не ведаем, што такое жыць у зямлянках, есці лебяду, галадаць. Не бачылі разам безліч смяротна параненых і забітых, не чулі стогнаў і нечалавечых крыкаў. Не сустракаліся кожны дзень з калекамі, удовамі, сіротамі. Нам цяжка паверыць, што чалавечае жыццё абарваць гэтак жа проста і лёгка ў адно імгненне, як ранішні сон. Аб акопах і траншэях, зверствах захопнікаў мы можам меркаваць толькі па кінафільмах і расказах  франтавікоў. Для нас вайна – гісторыя.
9 мая 1945 г… Усё далей адыходзіць ад нас гэтая лёсавызначальная дата ў гісторыі. Усё менш застаецца  жывых сведкаў тых дзён. Але мы не можам забываць пра іх і тыя падзеі,  бо ведаем,  якой цаной дасталася нашым бацькам і дзядам перамога 65 гадоў таму. Кожны год адзначаем гэтае светлае і разам з тым сумнае свята. Гэта наш абавязак перад тымі,   хто сваё жыццё паклаў на алтар Перамогі  дзеля нас.
Як праходзіла святкаванне 9 Мая ў райцэнтры сёлета? Карэспандэнт газеты паспрабаваў прасачыць храналогію асноўных па­дзей, якія разгортваліся ў розных месцах горада.
8.45. У горадзе пачалося ўскладанне кветак да помнікаў і абеліскаў. У гэтым мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі органаў мясцовай улады, прадпрыемстваў, устаноў.
9.00. Вадзім Шпетны, намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта, і Тамара Бурштын, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, сустрэліся з настаўнікамі-франтавікамі, павіншавалі іх са святам, уручылі кветкі, пажадалі здароўя, доўгіх гадоў жыцця… Дарэчы, іх, былых педагогаў, якія кавалі Перамогу ў жорстскіх умовах на палях  баёў 1941-1945гг.,  засталося ў жывых на сённяшні дзень толькі 2 чалавекі. Гэта Васіль Маркаў і Іван Астапук. Адбылася шчырая і зацікаўленая размова.
9.45. Пачынаецца святочнае шэсце да помніка загінуўшым воінам і партызанам. На чале калоны – прадстаўнікі ўлады раёна, аддзелаў райвыканкама, ветэраны апошняй вайны. Многія — з Георгіеўскай стужкай на грудзях. Жывая людская глынь з кветкамі, рознакаляровымі шарыкамі, флаж­камі па­воль­на на­кіроўваецца ў сквер, які зна­ходзіцца ў канцы вул. Савецкай на скрыжаванні дарог Ол­туш-Збу­раж.
10.00. Мі­тынг ля пом­ніка загі­нуў­шым. Яго ад­крывае Ка­зімір Лапіч, старшыня райвыканкама. Потым слова для выступлення бяруць: Васіль Маркаў, старшыня раённага савета ветэранаў; Алег Шышацкі, ваенны камісар раёна; Любоў Куц, старшыня РГА “Белая Русь”; Таццяна Сацюк, другі сакратар РК ГА ”БРСМ”. З уважлівасцю і слязамі на вачах іх слухаюць ветэраны. Іх мала, але яны яшчэ з намі. Ускладваюцца кветкі і вянкі да помніка, аб’яўляец­ца хвіліна маўчання…
10.40. Прад­стаў­ні­кі ўлады і ветэраны накі­роў­ваюцца ва ўрочы­ш­ча Мелавая га­ра,  дзе аддаюць даніну павагі тым,  хто загінуў ў імя Радзімы і знайшоў свой апошні прытулак у брацкай магіле-кургане.
14.00. Стадыён кан­серва­вагарод­ніна­су­шыльнага кам­біната. Тут стартуе чэм­піянат раёна па футболу. У матчы памерацца сваімі сіламі сышліся каманды “Таптышка” МКАСК і райаддзела па надзвычайных сітуацыях. З лікам 3:1 перамогу выхапіла “Таптышка”.

17.00. На гарадской плошчы шматлюдна. На тварах ва ўсіх усмешкі, настрой прыўзняты. Працуюць гандлёвыя рады. За столікамі маларытчане вядуць няспешную бяседу, нешта абмяркоўваюць. Многа моладзі.
19.00. Нягледзячы на пахмурнае надвор’е, народ паступова сцягваецца да імправізаванай сцэны, якая размешчана ля дзіцячай школы мастацтваў. Самадзейныя артысты на суд гледачоў прапануюць канцэрт з 30 нумароў, які ўдала зрэжысіраваны Лідзіяй Ківачук сумесна з раённым метадычным Цэнтрам ГДК. У “Франтавой перадышцы”, эстраднай і гульнявой частках сваім майстэрствам на працягу амаль трох гадзін прысутных радавалі вядомыя на Маларытчыне артысты і калектывы: народны хор ветэранаў працы ГДК, народны ансамбль народнай песні “Рыцкі куфэрак”, узорны агіттэатр “Імпульс” Збуражскага СДК, узорная студыя “Забава” ГДК, творчыя калектывы ДзШМ, а таксама работнікі сельскіх устаноў культуры.
22.00. На плошчы пачалася культурна-забаўляльная праграма.
Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.