“У НАС ЁСЦЬ КАНСТРУКТЫЎНАЯ РАБОТА”, –

адзначыў старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар у час прэс-канферэнцыі
Склалася добрая практыка – праводзіць выязныя прэс-канферэнцыі старшыні Брэсцкага аблвыканкама Канстанціна Сумара з журналістамі СМІ. Карысць ад іх відавочная. Яны даюць магчымасць не толькі пазносіцца ў фармаце “пытанне-адказ”, але і атрымаць уражанне ад наведвання розных аб’ектаў. На гэты раз журналісты пабывалі ў Ружанскім палацавым комплексе Сапегаў, на Кляпацкім камбікормавым заводзе, у Мокраўскім вучэбна-педагагічным комплексе-сярэдняй школе, грамадска-культурным цэнтры “Мікалаеўскі” ў ААТ “Жураўлінае”.
Фармат гэтай сустрэчы быў пашыраны. Кіраўнік вобласці расказаў пра вынікі, з якімі рэгіён завяршае год, а журналісты маглі падзяліцца думкамі пра тое, якія праблемы застаюцца яшчэ за бартом улады, ствараюць напружанасць у грамадстве. Можна сказаць, што гэта была сустрэча, дзе падводзіліся вынікі работы за год улады і прэсы.
У пачатку Канстанцін Сумар невыпадкова сканцэнтраваў увагу на працэсах мадэрнізацыі. Бо менавіта мадэрнізацыя, падкрэсліў ён, дае магчымасць выжываць у сучасным свеце, які імкліва развіваецца. Цяпер, каб выпускаць канкурэнтназдольную прадукцыю, трэба арыентавацца на патрабаванні па яе якасці і цане. Ёсць у нас ужо гаспадаркі, якія, дзякуючы праведзенай мадэрнізацыі, дабіліся ў вытворчасці прадукцыі еўрапейскага ўзроўню. У якасці прыкладаў Канстанцін Сумар назваў сельгаспрадпрыемствы “Белавежскі”, “Астрамечава” і некаторыя іншыя. На сённяшні дзень у вобласці больш за 1230 прадпрыемстваў знаходзяцца ў стадыі мадэрнізацыі. Наогул, праграма гэтая доўгатэрміновая, адзначыў губернатар, яна бу­дзе ажыццяўляцца і ў наступныя гады.
За 11 месяцаў у вобласці дасягнуты нядрэнныя вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця. Тэмп росту аб’ёмаў вытворчасці прамысловых тавараў склаў 103% — вышэй, чым у іншых рэгіёнах. Станоўчыя вынікі і па экспарту тавараў. Вобласць застаецца лідарам па аб’ёмах паставак на экспарт прадуктовых тавараў. Заданне Прэзідэнта па мадэрнізацыі малочнатаварных ферм выканана на 92%. 56% дойнага статка вобласці знаходзіцца ўжо на новых фермах. Тэмп росту вытворчасці малака па выніках года складзе 101%, хаця, як адзначыў губернатар, у вытворчасці малака і мяса не дасягнуты тыя вынікі, якія планаваліся ў пачатку года.
Канстанцін Андрэевіч коратка спыніўся і на інвестыцыйнай палітыцы, адзначыўшы, у прыватнасці, што на канец кастрычніка ў вобласці заключаны 161 інвестпраект на суму 12,5 трыльёна рублёў. У ліку найбольш значных застануцца будаўніцтва завода па вытворчасці стальных труб у свабоднай эканамічнай зоне “Брэст”, далейшае развіццё СЗАТ “КварцМелПрам” у Маларыцкім раёне, будаўніцтва лагістычнага цэнтра ў Баранавічах і многія іншыя. Кіраўнік вобласці не абыходзіў праблемы, якія ёсць у сацыяльнай сферы. У прыватнасці, не хапае на сённяшні дзень месцаў у дзіцячых садах Брэста, Пінска, Баранавіч.
— І гэтая праблема будзе вырашацца, — гаварыў губернатар.
Сёлета здадзена нямала аб’ектаў у медыцынскай і спартыўнай сферах. Аднак гэта не азначае, што ўсе пытанні тут вырашаны. Будзе працягвацца рэканструкцыя Белаазёрскай гарбальніцы, паліклінікі ў Ляхавічах, райбальніцы ў Камянцы, наркалагічнага дыспансера ў Пінску.
Сярод прыярытэтаў, што вызначаны на 2014 год, як адзначыў Канстанцін Сумар, — развіццё прамысловага комплексу, мадэрнізацыя аб’ектаў харчовай прамысловасці ў Бярозе, Іванаве, Кобрыне, Жабінцы. Вялікі аб’ём работ плануецца выканаць на Брэсцкім электралямпавым заводзе, дзе агульны аб’ём інвестыцый складзе 99 мільярдаў рублёў, з якіх 45 мільярдаў будзе асвоена ў наступным годзе. Сярод прадпрыемстваў тэкстыльнай і швейнай вытворчасці, якія далей будуць развівацца, губернатар назваў Пінскі завод штучных скур, Баранавіцкае вытворчае баваўнянапапяровае аб’яднанне. У наступным годзе пачнецца будаўніцтва школ на 1120 месцаў у паўднёва-заходняй частцы Брэста і на 1020 месцаў у мікрараёне “Радужны” ў Пінску, будуць пабудаваны ў вобласці 4 дамы для прыёмных сем’яў, працягнецца рэканструкцыя тэатра лялек у абласным цэнтры, будаўніцтва Дома культуры ў Бярозе і іншых аб’ектаў сацыяльнай сферы.
Старшыня аблвыканкама адказаў на паўтара дзясятка пытанняў. Журналістаў цікавілі ўзровень эфектыўнай аддачы ад мадэрнізацыі, ці не адносяцца да яе дзесьці дзеля галачкі; якім чынам фонд арэнднага жылля можа паўплываць на праграму будаўніцтва жылля; як будзе далей адраджацца ў вобласці гісторыка-культурная спадчына; ці будзе стварацца інфраструктура ў горадзе — спадарожніку Брэста — Жабінцы і ці застанецца Жабінка адзіным спадарожнікам абласнога цэнтра, на што, дарэчы, Канстанцін Андрэевіч прыкмеціў, што ў перспектыве яшчэ адным спадарожнікам Брэста можа стаць Маларыта.
Чым найбольш запомніўся кіраўніку вобласці 2013 год, што адыходзіць? Па-першае, тым, што эканоміка вобласці паступова развівалася. Па-другое, што дасягнута станоўчая дынаміка ў дэмаграфіі: натуральны прырост насельніцтва склаў 207 чалавек, і наша вобласць па гэтаму паказчыку адзіная пасля Мінска. “І дынаміку гэтую нам трэба працягваць трымаць”, — адзначыў Канстанцін Андрэевіч. Па-трэцяе, як сказаў кіраўнік вобласці, людзі пры любой сітуацыі захоўвалі пэўную цярпімасць, шмат працавалі, жывуць у міры і згодзе, не разгубілі такія цудоўныя якасці, як дабрата, узаемаразуменне. Радуе тое, што ва ўлады і прэсы ёсць канструктыўная работа, ёсць узаемаразуменне.
— Хацелася б завяршыць усю тую работу, пачатую на аб’ектах аховы здароўя, у добраўпарадкаванні, бо ад гэтага залежыць настрой чалавека. І я вельмі радуюся, калі бачу, што чалавек пачынае цаніць усё зробленае ў імя яго дабрабыту. Менавіта разуменне чалавекам гэтага для мяне значыць больш, чым які-небудзь пабудаваны аб’ект, — сказаў Канстанцін Сумар.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: экскурсія ў палацавым комплексе Сапегаў у Ружанах.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!