УСЕ ДЗЕЦІ — НАШЫ!

Чалавек прыходзіць у гэты свет, каб рабіць дабро. Гэта можа праяўляцца не толькі ў нечым вялікім, але і маленькім, нябачным, нязначным на першы погляд. Зранку ўсміхнуўся прахожаму – і зарадзіў яго добрай энергіяй на цэлы дзень; сказаў камплімент сяброўцы – і надоўга ўзняў ёй настрой; падзяліўся з абяздоленым кавалачкам хлеба ці грашыма – і ў яго на сэрцы пацяплела; наведаў у бальніцы проста знаёмага табе чалавека – і яго маральны дух памацнеў. Ды хіба ж можна пералічыць усё, што мы можам зрабіць добрае адзін для аднаго.
…У сям’і Валянціны і Мікалая Братчукоў, нашых землякоў з Радзежа, бяда. Іх сыну, 4-гадоваму Паўліку, і дачцэ, 2-гадовай Дашачцы, урачы паставілі страшны дыягназ: анкалагічныя захворванні. У Дашачкі гэтую хваробу выявілі адразу пасля з’яўлення малой на свет, у Паўліка – пасля некалькіх гадоў яго жыцця. З 2011 года Валянціна знаходзіцца з дзецьмі на лячэнні ў Рэспубліканскім анкалагічным цэнтры: то з адным, то з другім. Дзеткі маюць патрэбу ў бесперапынным спецыялізаваным лячэнні, якое могуць аказаць толькі ў спецыялізаваным дзіцячым анкалагічным Цэнтры.
Што такое цяжкахворае дзіця, ды і не адно, а адразу двое, можа зразумець толькі сама маці. Бо яна і маленькі чалавечак – адно цэлае. Фізічны боль яго – гэта маральны боль і яе. Слёзы дзіцяці – гэта плач душы і маці. І як важна ў такой сітуацыі маральна не здацца, не апусціць рукі, старацца проста жыць, каб раздзяліць з родным маленькім чалавечкам яго пакуты, накіроўваючы свае сілы, думкі і пачуцці на вылечванне. Проста жыць, верыць і спадзявацца на лепшае.
Што добрага для сям’і Братчукоў можам зрабіць мы з вамі? Не пакінуць іх адзін на адзін са сваёю бядою. І найперш – падтрымаць матэрыяльна. Бо для лячэння дзеткам неабходны дарагія лекі.
Ад рэдакцыі. Валянціна і Мікалай, бацькі Дашачкі і Паўліка, не прасілі нас аб дапамозе. Рэдакцыя па ўласнай ініцыятыве аб’яўляе дабрачынную акцыю ”Усе дзеці – нашы”. Грошы можна пералічваць на спецыяльныя рахункі, якія адкрыты ў “Беларусбанку”, альбо перадаваць у рэдакцыю мне, аўтару гэтых радкоў.
Дабрачынныя рахункі адкрыты ў філіяле № 614 – г. Мінск, вул. Карбышава, 13, кв. 2; УНП 600052608, МФО 153001520:
— беларускія рублі – транзітны рахунак № 3819382106084 на дабрачынны рахунак № 000108 у аддзяленні № 614/143, бестэрміновы;
— расійскія рублі — транзітны рахунак № 3819382118580 на дабрачынны рахунак № 000090 у аддзяленні № 614/143, бестэрміновы;
— долары ЗША — транзітны рахунак № 3819382118580 на дабрачынны рахунак № 000103 у аддзяленні № 614/143, бестэрміновы;
— еўра — транзітны рахунак № 3819382118580 на дабрачынны рахунак № 000094 у аддзяленні №614/143, бестэрміновы.
Прызначэнне плацяжу: для залічэння на дабрачынныя рахункі, адкрытыя на імя Валянціны Георгіеўны Братчук для лячэння сына Паўла Мікалаевіча Братчука і дачкі Дар’і Мікалаеўны Братчук.
З надзеяй і верай у дабро, Ірына КАСЦЕВІЧ.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


220km.net/

узнать больше 220km.com