ЁСЦЬ ТАКАЯ БАЛЬНІЦА

Пра гэтую медыцынскую ўстанову ведала толькі па чутках і, як кажуць, краем вуха. Нядаўна давялося пабываць у ёй на экскурсіі у групе ўдзельнікаў рэспубліканскага семінара ў Салігорску.
Дзяржаўная ўстанова “Рэспубліканская бальніца спелеалячэння” – вядучая лячэбная ўстанова ў галіне спелеатэрапіі, дзе ёсць унікальныя падземныя аддзяленні спелеалячэння, якія не маюць аналагаў у сусветнай практыцы. Тут лечаць і рэабілітуюць хворых бранхіяльнай астмай, хранічнай, абструктыўнымі захворваннямі лёгкіх, алергіяй органаў дыхання, хранічнымі бранхітамі, палінозам. Бальніца, як адзначае яе галоўны ўрач Павел Леўчанка, валодае агульнааздараўленчым патэнцыялам, які пераўзыходзіць магчымасці кліматычных курортаў. Яна ўключае падземнае аддзяленне спелеалячэння і наземны стацыянарны комплекс на 120 ложкаў. Частка падземных палат размешчана ў калійным пласце, іншыя – у масіве каменнай солі, дзе хворыя адпачываюць, удыхаючы лекавыя лёгкія іоны. У лячэбным корпусе, аснашчаным сучасным абсталяваннем, адпускаюцца розныя фізіятэрапеўтычныя працэдуры: электра-, светалячэнне, масажы, інгаляцыі, ванны, якія замацоўваюць эфект падземнай паветранай тэрапіі.
— Рэальна нашы пацыенты маюць 2 ложкі – падземны і наземны, — расказвае Павел Леўчанка. – І самае галоўнае ў тым, што пасля заканчэння курса эфектыўнасць спелеалячэння складае 97%.
— Многія хворыя бранхіяльнай астмай пасля лячэння адмаўляюцца ад інгалятараў, — дадае начмед бальніцы Наталля Дубовік.
Варта адзначыць, што метады лячэння тут пастаянна ўдасканальваюцца, ідуць у нагу з навукай, тут працуюць спецыялісты высокага класа. Сам галоўны ўрач Павел Леўчанка – дацэнт, кандыдат медыцынскіх навук. Наталля Дубовік – таксама кандыдат навук у медыцыне, удзельнічае ў міжнародных медыцынскіх сімпозіумах і форумах.
Многія лічаць, што трапіць сюды складана.
— Гэта не так, — гаворыць Павел Аляксандравіч. – 80% тых, хто ў нас лечыцца, беларусы. Калі ў вас ёсць паталогіі нашага профілю, трэба прыйсці на прыём да свайго ўчастковага тэрапеўта і ўзяць адпаведнае пацвярджэнне. Можна пралячыцца і на платнай аснове. Для гэтага трэба патэлефанаваць у службу маркетынгу (тэл. +37517 423-81-74, +37529 666-96-56, +37529 323-73-40). Платнага лячэння не трэба баяцца – мы выдаем хвораму лісток непрацаздольнасці. Палавіна тых, хто лечыцца ў нашай бальніцы, – людзі працаздольнага ўзросту – ад 18 да 50 гадоў.
Унікальная бальніца знаходзіцца ў хваёвым лесе на беразе Салігорскага вадасховішча.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: бальніца спелеалячэння ў Салігорску.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 26.12.2013 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.