ПАДАРУНАК АД СПАРТСМЕНА-ЗЕМЛЯКА

Спорт — гэта добры сродак для выхавання самых лепшых якасцяў асобы. У гэтым нядаўна змаглі пераканацца многія жыхары раёна, у тым ліку і калектыў Маларыцкага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. У час рэспубліканскай акцыі “Спартсмены-дзецям”, якая праходзіла 15 снежня ў нашым раёне, маларытчане маглі пазнаёміцца з многімі вядомымі беларускімі спартсменамі, атрымаць шмат станоўчых эмоцый і нават падарункі. Мы, супрацоўнікі і выхаванцы Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, хочам яшчэ раз выказаць словы падзякі ўсім нераўнадушным людзям, якія прынялі ўдзел у акцыі. Але асабліва хацелася б адзначыць аднаго чалавека. Пра Барыса Пухоўскага ў нашым горадзе ведаюць многія. Вядомы беларускі гандбаліст, наш зямляк, які зрабіў імклівую кар’еру ў спорце і ў свае 26 гадоў дабіўся вельмі многага, дастойны, каб у яго адрас сказалі: добрасумленны, дысцыплінаваны, працавіты, адказны. Менавіта так характарызуюць яго знаёмыя, балельшчыкі, калегі. А мы змаглі пераканацца, што гэтаму чалавеку яшчэ ўласцівы такія якасці, як чуласць, спагада і міласэрнасць. Для асаблівых дзетак па сваёй ініцыятыве ён зрабіў падарунак – музычны цэнтр, што стала для ўсіх сапраўдным сюрпрызам. Выкарыстанню музыкі ў нашым Цэнтры ў комплексе рэабілітацыйных працэдур надаецца асаблівая ўвага. Музыка дапамагае гарманізаваць навакольны асяродак, стымулюе развіццё, зніжае агульную ўзбуджальнасць, трывожнасць у дзяцей і іх бацькоў. І калі гэтая музыка гучыць у добрай якасці – удвайне прыемна.
Ёсць яшчэ адна нагода, каб звярнуцца да Барыса Пухоўскага з добрымі словамі. 3 студзеня ён бу­дзе святкаваць свой дзень нараджэння. Хацелася б пажадаць яму душэўнай раўнавагі, бадзёрасці духу і перамогі на чэмпіянаце Еўропы па гандболу ў Даніі. Няхай нашы станоўчыя эмоцыі стануць для яго маленькім зарадам бадзёрасці на шляху да будучых перамог!
Людміла ЛУКАВЕЦ, дырэктар Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.
НА ЗДЫМКУ: выхаванцы Цэнтра вельмі рады падарункам.
Фота Святланы МАКСІМУК.

Опубликовано в «ГЧ» 26.12.2013 г. 

Добавить комментарий


www.monaliza.kiev.ua

диспенсер для воды

karter-kiev.net
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!