С Новым годом!

 Сустракаючы Новы год, кожны з нас абавязкова загадвае жаданні. Сваім родным, сябрам, проста знаёмым разам з цёплымі словамі віншаванняў мы адрасуем і не менш цёплыя словы пажаданняў. А вось што вам жадаюць яны, знакамітыя людзі, выхадцы з Маларытчыны.

Мікалай Міхальчук, дырэктар дзяржаўнай навуковай установы “Палескі аграрна-эканамічны інстытут Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”:

— Жадаю вам, дарагія землякі, каб шчасце і дабрабыт мы займелі менавіта ў роднай старонцы, на Маларытчыне. А калі абставіны жыцця прымусяць пакінуць яе, то каб ненадоўга і недалёка. Бо пачуццё задавальнення, душэўны спакой, станоўчасць адносін да іншых людзей і нават стан нашага здароўя наўпрост залежаць ад моцы нашай повязі з той зямелькай, дзе мы нарадзіліся і якая нас узгадавала. Адсюль і наступныя пажаданні: беражыце сябе і сваіх блізкіх, з павагай, дабрынёй, а калі патрэбна – з міласэрнасцю стаўцеся да іншых людзей. Няхай ніколі не пакідае пачуццё заклапочанасці пра нашых бацькоў і пра нашых дзяцей, а таксама пра нашу цудоўную прыроду – аснову ўсяго існага. Асобныя пажаданні моладзі: няхай вас напаўняе рамантыка юнацтва, якая неад’емная ад кахання, мрояў і светлых прадчуванняў. Здароўя ўсім вам, мудрасці, сумленнасці і спагады!

Саша Снегіна, шэф-рэдактар праграмы беларускага тэлебачання “Времечко”:

— Удзячна году, што адыходзіць, за хвіліны радасці, любві і прыемных клопатаў! За родных і сяброў, якія былі побач! Шчыра жадаю, каб у новым, 2014-ым, годзе кожная хвіліна была жаданай і любы настрой заўсёды было з кім дзяліць!!! Заўсёды ваша Саша Снегіна.

Валерый Масюк, генеральны дырэктар ААТ “Палессежылбуд”:

— Мы часта жадаем сваім блізкім, родным, сябрам, знаёмым шчасця. У чым яно заключаецца? У самым простым і звычайным. Чалавек здаровы і здаровы яго родныя і бліжнія – шчасце; маеш любімую работу – шчасце, у сям’і лад і згода, дзеці павырасталі, унукаў дачакаўся – зноў жа шчасце; цябе разумеюць блізкія і шчыра радуюцца тваім поспехам – чаму ж не шчасце. Усяго гэтага жадаю і я вам, паважаныя землякі! Няхай у вас такога душэўнага багацця будзе на цэлы век.

Таццяна Юхімук, урач-стама­толаг абласной стамата­лагічнай паліклінікі:

— Самага галоўнага вам багацця – здароўя: фізічнага, маральнага, псіхічнага. А яшчэ – працавітасці, прафесійнай дасканаласці, веры ў сябе. Няхай любімая работа прыносіць вам толькі задавальненне, а пачуццё аптымізму не пакідае на працягу ўсяго жыцця. Шчырых усмешак вам, прыемных сустрэч, надзейных сяброў і вечнай маладосці душы.

Святлана Конюх, дзяржаўны натарыус, лаўрэат рэспубліканскага конкурсу 2012 года імя Уладзіміра Спасовіча:

— Хацелася б пажадаць чытачам газеты “”, усім маларытчанам і жыхарам раёна, а асабліва маім землякам – працавітым, з чыстым сэрцам людзям з невялічкай і ціхай вёсачкі Лешніца, якіх, дарэчы, ужо зусім мала засталося, і ў будучым прыгажосці душы, адданасці роднай зямлі і роднаму куточку, нястомнага жадання добрымі справамі ўпрыгожваць наша жыццё, глядзець наперад – з верай, па баках – з любоўю, назад – з удзячнасцю. Няхай вас ніколі не пакідаюць пачуцці любові да маленькай радзімы, дзе кожны з нас з’явіўся на свет.

Валянцін Аўдзяюк, удзель­нік беларускага дзяржаўнага харэаграфічнага ансамбля “Харошкі”:

— Як чалавек творчай прафесіі хачу пажадаць вам, мае дарагія землякі, творчасці і неабыякавасці ў душы. Няхай яна кожны дзень гарыць жаданнем тварыць тое, што сэрцу міла, што прыносіць задавальненне не толькі асабіста кожнаму з вас, але і ўсім. Рамэн Ралан некалі сказаў: “Жыве толькі той, хто творыць. Усе радасці жыцця – радасці творчасці”. Жывіце, тварыце, натхняйцеся, кахайце і будзьце каханымі! Няхай кожны дзень вам будзе ў радасць і абавязкова падорыць новыя задумы, ідэі, новыя мары.
Ніна Савінава, прэзідэнт таварыства беларусаў Эстоніі:

— Паважаныя суайчыннікі! Вітаю вас ад шчырага сэрца ад імя беларусаў Балтыі і віншую з надыходзячымі святамі Раства Хрыстовага і Новым годам. Шчасця, дабрабыту, поспехаў вам і вашым сем’ям! Беларусы Эстоніі вельмі ўдзячны Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь за тое, што прынялі ў першым чытанні праект закона “Аб суайчынніках”. Мы, хто па волі лёсу ака­заў­ся за мяжой, зможам быць больш блізкімі да Радзімы, і ў новым, 2014-м, го­дзе звязваем надзеі больш часта бываць на Радзіме нашым дзецям, унукам і праўнукам.

Барыс Пухоўскі, майстар спорту міжнароднага класа:

— Многім у сваім жыцці мы абавязаны бацькам, роднаму дому. Гэта той надзейны прыстанак, дзе, нягледзячы ні на што, нас заўсёды з радасцю чакаюць і любяць. І што б у нашым жыцці ні здаралася, мы заўсёды ўпэўнены: тут, дома, нас заўсёды зразумеюць і падтрымаюць. Таму хацеў бы пажадаць усім цаніць сваіх бацькоў, шанаваць іх, любіць і ніколі не крыўдзіць ні дрэннымі словамі, ні дрэннымі ўчынкамі. Мы ніхто і без сваіх другіх палавінак, якія кожнаму з нас наканаваны небам. Таму ўзаемнасці ўсім у пачуццях, згоды і ўзаемаразумення ў сем’ях. Ну, а моладзі хацелася б пажадаць светлых і добрых мар, ажыццяўлення іх, жыццёвай актыўнасці і мэтанакіраванасці. Любіце спорт і будзеце вечна маладымі і здаровымі!

Кацярына Панцялеева, спецыяльны карэспандэнт газеты “Рэс­публіка”:

— З сённяшняга дня пачынаю новае жыццё, — з такімі думкамі 1 студзеня прачнецца большасць жыхароў свету. Затым адны пачнуць успамінаць, што ж яны напланавалі на 2014 год, другія – мроіць пра тое, на што б ім хацелася патраціць гэтыя 365 дзён. Атрымацца ўсё павінна і ў першых, і ў другіх, нездарма ж год пачынаецца ў сераду, а не ў цяжкі панядзелак. Таму напярэдадні святаў хочацца пажадаць, каб 2014-ы быў насычаны падзеямі, падарожжамі, знаёмствамі з новымі людзьмі і, безумоўна ж, шчасцем. І нават калі часам у вас баліць галава, нечакана сапсаваўся акумулятар, а сын Пеця ўжо трэці тыдзень запар атрымлівае па фізіцы двойкі, не спяшайцеся наракаць на лёс. Бо, пагадзіцеся, здароўе паправіцца, машыну парамантуеце, а фізіка… дык, можа, (няхай мне даруюць мае настаўнікі) і не спатрэбяцца Пеці ў жыцці законы Ома і Ньютана. А значыць, у складаныя моманты не палянуйцеся ўсміхнуцца і сказаць сабе: “Заўтра будзе абавязкова лепш, чым сёння”. І яшчэ. Дзе б вы ні былі, на якой мове ні размаўлялі, і якую б пасаду ні займалі, не забывайце пра бацькоў. Бо колькі б дроў вы ні наламалі, яны будуць першымі, хто вас зразумее і прапануе дапамагчы пасадзіць новы лес. З надыходзячым Новым годам і Калядамі! З любоўю да самага роднага горада на зямлі, Кацярына Панцялеева.

Аляксандр Ханчук, акадэмік Расійскай акадэміі навук, дырэктар Далёкаўсходняга геалагічнага інстытута:

— Такая далёкая адлегласць раздзяляе нас з вамі, мае родныя жыхары Маларытчыны. Толькі яна не можа быць перашкодай для таго, каб памятаць і любіць свой горад, вас, землякоў. Нам, беларусам, заўсёды былі ўласцівы такія пачуцці, як сяброўства, шчырасць, спагада, талерантнасць. Няхай яны заўсёды суправаджаюць вас у адносінах адзін да аднаго, дапамагаюць у цяжкіх жыццёвых сітуацыях! Няхай на сэрцы кожнага з вас будзе лёгка і спакойна ад таго, што ўсё ладзіцца і на рабоце, і дома, што не падводзіць здароўе, што вас любяць і паважаюць. Душой я заўсёды з вамі, са сваім родным горадам, адкуль пачыналася мая маленькая дарога ў вялікае жыццё. Люблю вас і шчасця вам, а таксама невычарпальнай жыццёвай энергіі і аптымізму.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!