ХВАРЭЛІ ЗА “СВАЙГО” НАСТАЎНІКА

На гарадскім стадыёне адбыліся раённыя комплексныя спаборніцтвы сярод работнікаў адукацыі Маларытчыны, у якіх прыняло ўдзел 280 чалавек з 28 каманд.
— Гэтае спартыўнае мерапрыемства, — падзялілася Тамара Бурштын, старшыня райкама галіновага прафсаюза, — імкнемся праводзіць традыцыйна, за выключэннем тых гадоў, калі ёсць неспрыяльныя прыродныя ўмовы. Усе, без перабольшання, чакаюць з нецярпеннем гэта спартыўнае свята і з радасцю прымаюць у ім удзел. На гэты раз свае спартыўныя ўменні і навыкі,  сілу і спрыт, вынослівасць і азарт прадэманстравалі прадстаўнікі 20 сярэдніх і 6 дашкольных устаноў адукацыі,  спецыялісты РАА  і РВМК, РСПЦ і інш.
Праграма ўключала спа­борніцтвы па 7 спартыўных відах. Гэта – шашкі, дартс, стральба з пнеўматычнай вінтоўкі, футбол (пенальці), гонка на веласіпедах па асфальтаванай дарозе, скачкі ў даўжыню з месца і настольны тэніс. У выніку напружанай шматгадзіннай барацьбы на першую прыступку ўзняліся каманды я/с №5 і Хаціслаўскай СШ, на другую – я/с №4 і Велікарыцкай СШ, на трэцюю – я/с №1 і Арэхаўскай СШ.
— Такія спаборніцтвы, — мяркуе Іван Шышук, дырэктар Мельніцкай БШ, — патрэбныя, бо яны аб’ядноўваюць калектывы, даюць магчымасць з карысцю для здароўя правесці час, зара­джаюць бадзёрасцю, аптымізмам. Акрамя таго, можна заявіць пра сябе як спартсмена. Я асабіста прымаў ўдзел у спаборніцтвах па настольным тэнісе. Вынікамі гульні задаволены.
— А я вось страляла,- дзеліцца сваімі думкамі Наталля Зезюкова, дырэктар Олтушскай СШ,- і хоць не вельмі трапна, але ўражанняў сабрала на ўвесь дзень. Такое мерапрыемства лічу карысным і проста неабходным па многіх прычынах. У тым ліку і таму, што тут у нефармальнай абстаноўцы можна абмеркаваць надзённыя праблемы і пытанні школьных будняў.
— Мы пастаянна ва ўстановах адукацыі гаворым вучням пра здаровы лад жыцця, праводзім пэўную работу, — падтрымлівае размову Таццяна Лаўрэенка, начальнік РАА, — разумеем, што ў наш час гэта рэальная неабходнасць. Але тэорыя без практыкі мёртвая, гэта – проста рыторыка. Не больш таго. Сёння ж  тут мы пабачылі, што лепшай агітацыяй і прапагандай, дзейснай і эфектыўнай, з’яўляецца прыклад самога педагога. Я звярнула ўвагу, што на трыбунах за “свайго” настаўніка прыйшлі пахварэць многія вучні.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: моманты спаборніцтваў работнікаў адукацыі.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!