У аўры ўвагі

Калі ў жыцці чалавека ці працоўнага калектыву набліжаецца юбілейная дата, вядома ж, хочацца азірнуцца назад, вярнуцца да самых вытокаў, успомніць, як з першых крокаў складалася гісторыя. Свой багаты гістарычны скарб ёсць і ў сацыяльнай службы раёна, якая на Маларытчыне была створана ў жніўні 1944 года, калі адкрыўся аддзел сацзабеспячэння. Галоўнай задачай гэтага аддзела было афармленне пенсій і дапамог, у першую чаргу сем’ям загінуўшых воінаў і інвалідам Вялікай Айчыннай вайны, якія вярталіся з фронту. Загадчыкам аддзела быў назначаны Антон Андрэевіч Мурашка, які 21 год узначальваў сацыяльную службу раёна. Затым больш як 30 гадоў сферай сацыяльнага забеспячэння кіраваў Уладзімір Андрэевіч Дрэмук. У розныя гады сацыяльную службу раёна ўзначальвалі Уладзімір Андрэевіч Бойка, Уладзімір Іванавіч Захарэвіч і Антаніна Іванаўна Лапіч.
З сакавіка 2002 года аддзел сацыяльнай абароны райвыканкама быў пераўтвораны ва ўпраўленне па працы і сацыяльнай абароне. А ў 2007 годзе ва ўпраўленні з’явіўся яшчэ і аддзел занятасці.
Спектр задач, якія выконваюць работнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, шырокі, ды і сама работа няпростая, бо працаваць даводзіцца з той катэгорыяй людзей, якая патрабуе асаблівай увагі, стрыманасці, паразумення і цярпення. У цэнтры пастаяннага клопату розных падраздзяленняў калектыву пытанні захавання працоўнага заканадаўства па аплаце і ахове працы, забеспячэнне своечасовай выплаты пенсій і дапамог, работа ў сістэме адраснай сацыяльнай дапамогі, правядзенне маніторынгу на рынку працы, садзейнічанне самастойнай занятасці беспрацоўных і многае іншае. І ўсю гэтую работу выконвае зладжаны, дружны калектыў упраўлення, які складаецца з 16 чалавек.
— У нашым калектыве не застаюцца людзі грубыя, чэрствыя, бо мы працуем з асаблівай катэгорыяй грамадзян, якія прыходзяць да нас, на жаль, не са сваёй радасцю, а, часцей за ўсё, са сваёй бядой, праблемай. Кожную з гэтых праблем, перш чым вырашыць, трэба прапусціць праз сябе. А гэта можа не кожны. Тварыць дабро здольны толькі добры, спагадлівы чалавек, — заўважае начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Панасюк.
А яшчэ, як адзначае Наталля Валер’еўна, якая шосты год узначальвае сацыяльную службу раёна, кожны з работнікаў упраўлення – сапраўдны прафесіянал у сваёй справе. І гэты прафесіяналізм не мае ўзроставых межаў. Вопыт старэйшых гарманічна спалучаецца з ініцыятывай моладзі, якая задае тон у рабоце. Прыклад такога супрацоўніцтва ёсць у кожным аддзеле ўпраўлення. У мінулым годзе аддзел занятасці ўзначаліла малады, энергічны і вельмі камунікабельны, па словах кіраўніка ўпраўлення, спецыяліст Таццяна Хатынюк. Надзейная падтрымка ў яе рабоце – вопытныя калегі – Марына Станіславаўна Кот і Таццяна Андрэеўна Анішчук. Сёлета за садзейнічаннем у працаўладкаванні ва ўпраўленне звярнулася 550 грамадзян, было працаўладкавана 435 чалавек. У рамках праграмы занятасці 13 жыхароў раёна атрымалі субсідыі на адкрыццё прадпрымальніцкай дзейнасці. Найбольшая ўвага надавалася падтрымцы людзей, якія не могуць працаўладкавацца па прычыне хваробы ці абмежаванняў у здароўі. Субсідыі на адкрыццё сваёй справы атрымалі трое інвалідаў. Памер гэтай субсідыі ў сярэднім на 1 чалавека склаў больш за 12 мільёнаў рублёў.
Двое маладых спецыялістаў – Таццяна Грузінская і Таццяна Косік, прыйшлі нядаўна ў аддзел пенсій і дапамог, узначаліла які у студзені мінулага года Людміла Вітрук. Энтузіязм моладзі ў спалучэнні з вялікім багажом ведаў Ніны Мікалаеўны Кузьміч і Таццяны Іванаўны Церашчук даюць у рабоце толькі плюс. А адказнай і неадкладнай работы ў аддзеле сапраўды шмат. Толькі адных атрымальнікаў пенсій у раёне больш за 7 тысяч чалавек.
Ад “А” да “Я” усе пытанні аховы працы добра ведаюць сапраўдныя асы ў сваёй справе Антаніна Іванаўна Лапіч, якая з’яўляецца намеснікам начальніка ўпраўлення, галоўным спецыялістам па ахове працы і добрым настаўнікам для моладзі, і Таццяна Барысаўна Ванюшына, чалавек адказны і скрупулёзны ў адносінах да сваёй справы. Прафесіяналы дапамаглі за кароткі час унікнуць у работу маладому спецыялісту аддзела Сяргею Пачынчуку, які, даказаўшы сваю адказнасць і стараннасць, хутка ўліўся ў калектыў.
Са шматгранным аб’ёмам задач, якія знаходзяцца ў полі дзейнасці аддзела адраснай дапамогі, быту і сям’і, умела спраўляюцца намеснік начальніка ўпраўлення, загадчыца аддзела Наталля Іолап і і спецыяліст Марына Касянюк. Пастаянны кантакт з людзьмі, якія звяртаюцца са сваімі праблемамі і просьбамі, патрабуе ад работнікаў гэтага аддзела стрыманасці, ураўнаважанасці, умення выслухаць. А каб у рабоце быў лад, каб не здараліся збоі ў камп’ютарных праграмах, якія ўтрымліваюць важную інфармацыю, заўжды “на варце” спецыяліст па аўтаматызацыі Сяргей Селівонік.
Галоўны прынцып усіх работнікаў сацыяльнай службы – падтрымліваць парадай і справай. І нязменная якасць характару для кожнага з работнікаў гэтай сферы – душэўная дабрыня. І няхай крыніца гэтай дабрыні будзе невычарпальная.

Опубликовано в «ГЧ» 4.01.2014 г.

Добавить комментарий


www.cl24.com.ua

http://poliv.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!