У інтарэсах людзей

Кожны месяц частка заробленых намі грошай ідзе на плату страхавых узносаў. Кантроль за паступленнем гэтых сродкаў — адна з задач Фонду сацыяльнай абароны, структуры, якая дапамагае дзяржаве сабраць фінансы, што потым ідуць на выплату пенсій і дапамог. А яшчэ спецыялісты Фонду вядуць работу па персаніфікаваным уліку – сістэме збору і назапашвання інфармацыі аб стажы і заробку кожнага работніка. Уся сабраная інфармацыя выкарыстоўваецца, калі надыходзіць час, для налічэння розных відаў пенсій. Напэўна, не лішнім будзе заўважыць, наколькі гэтая работа адказная. Для сапраўдных прафесіяналаў Веры Іванаўны Коханавай і Леаніда Савіча Алесеюка разам з іх кіраўніком Аксанай Валер’еўнай Борсук адказнасць – прывычная справа. Працуючы з кадравай і бухгалтарскай службамі прадпрыемстваў і арганізацый, індывідуальнымі прадпрымальнікамі, і Вера Іванаўна, якая ў раённым аддзеле Фонду ўжо 17 гадоў, і Леанід Савіч, стаж якога налічвае 16 гадоў, умела даюць кансультацыі, адказна ставяцца да кожнай лічбы. Дарэчы, за 11 месяцаў мінулага года сума ўзносаў, што паступілі ў Фонд, склала 73 мільярды 542 мільёны рублёў. Пастаянную работу вядзе Фонд з асабовымі рахункамі персаніфікаванага ўліку, якіх налічваецца больш за 22 тысячы. А гэтая работа патрабуе асаблівай пільнасці.
Як заўважае Аксана Валер’еўна, якая больш за 10 гадоў працуе тут, а з ліпеня мінулага года ўзначаліла арганізацыю, калектыў раённага аддзела Фонду невялікі, але дружны, працавіты. У ім усяго шэсць работнікаў, у ліку якіх вадзіцель Сяргей Анатольевіч Мацвяйчук, загадчык гаспадаркі Віталь Васільевіч Бурштын і прыбіральшчыца Валянціна Сцяпанаўна Лямачка. І хоць інспектары больш працуюць з лічбамі, яны ніколі не забываюць, што работа іх закранае інтарэсы людзей, а таму ва ўсіх пытаннях на першы план ставяць дакладнасць.

Опубликовано в «ГЧ» 4.01.2014 г. 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.