Ізумруднае шчасце

Напісаць пра гэтую сямейную пару хацелася даўно. Ды так складваліся абставіны, што ўсё ніяк не атрымлівалася. Нарэшце, наша сустрэча адбылася. Ён, Сяргей Дзмітрыевіч Лядзінскі, працаваў у апараце КДБ, потым – у міліцыі, дзе прайшоў шлях ад оперупаўнаважанага да начальніка Маларыцкага РАУС, ад малодшага лейтэнанта да падпалкоўніка. Яна, Надзея Фёдараўна, усё жыццё аддала выхаванню і навучанню дзяцей: працавала настаўніцай пачатковых класаў і выхавальнікам групы падоўжанага дня. Звычайная, на першы погляд, сямейная пара, за выключэннем, бадай, адной акалічнасці: яны разам ужо больш як 55 гадоў. Ці многа ёсць на Маларытчыне тых, хто разам па жыцці крочыць столькі гадоў у згодзе, суладдзі, гармоніі, хто і да гэтага часу здолеў захаваць шчырасць і адкрытасць ва ўзаемаадносінах? Паўсядзённасць Лядзінскіх авеяна рамантызмам, дзе ёсць толькі тактоўнасць і далікатнасць, дзе няма месца фальшу, няшчырасці, грубасці. Гэта складае аснову няпісанага закона сям’і, які ўсталяваўся з першага дня яе стварэння. Гэта — найвышэйшая каштоўнасць. На ёй трымаецца сям’я. Ніхто ніколі не рызыкнуў парушыць парадак, які ўсталяваўся адзін раз і назаўжды. Ды ці магчыма такое там, дзе пануюць ва ўсім і заўжды каханне і любоў?
Ізумруднае вяселле адзначылі ціха, сціпла, у коле блізкіх і родных. Азіраючыся на сумесна пражытыя гады, сямейная пара Лядзінскіх часта ўспамінае мінулае. Усё было ў ім. Памяць трывала зафіксавала быццам бы нязначныя, на першы погляд, штрышкі, імгненні, факты, падзеі. Але менавіта з іх, як з цаглінак, гадамі складваўся трывалы і надзейны сямейны саюз двух закаханых сэрцаў. Перагарнуць хочацца толькі самыя значныя і светлыя старонкі сямейнага альбома Лядзінскіх.
У Сяргея бацькі былі нас­таўнікамі, іх часта пераводзілі з адной школы ў другую Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці. Неяк бацька атрымаў назначэнне ў Вішкавіцкую сямігодку дырэктарам. Па­сяліліся ў школе. Праз дарогу жыла і Надзея. Яна хутка стала сяброўкаю Тамары, роднай сястры Сяргея. Хлопцу адразу спадабалася Надзея. Ён зразумеў, што моцна закахаўся ў гэтую дзяўчынку, і стаў рабіць ёй знакі ўвагі. Аднойчы, калі нікога не было ў класе, ён употайкі ў дзённіку Надзеі напісаў словы: ”Вучыся на пяць і пра мяне не забывай”. Гэта было самае першае прызнанне ў каханні. Надзя аўтара хутка знайшла, але выгляду не падавала. Ніяк не адрэагавала. Гэта была нязначная пакуль што іскрынка, якая запаліла каханне. Кволае і нясмелае пакуль што, баязлівае, палахлівае і сарамлівае. Патухне яно ці ўспыхне з новаю сілаю – гэта цяпер залежыла толькі ад іх дваіх. Сяргей на гэтым не спыніўся. Неяк асмеліўся і папрасіў дазволу пацалаваць дзяўчыну ў шчаку. Тая моцна здзівілася і сказала: “Адхіліся, адыдзі…” Пасля гэтага з ты­дзень пазбягала сустрэчы. Хлопец вельмі перажываў. Думка пра Надзю аніяк з галавы не выходзіла.
— Быццам бы і дзяўчат іншых  вакол не было тады для мяне,-успамінае  Сяргей Дзмітрыевіч.- Але ж я ўпарты быў. Раз сказаў сабе, што яна будзе маёю жонкаю, значыць, будзе. А для гэтага і распрацаваў тактыку дзеянняў для таго, каб заваяваць яе сэрца.
Сяргей не прывык, каб яму адмаўлялі. Быў ён хлопцам упартым, мэтанакіраваным, статным, прыгожым. З такім любая пад вянец пайшла б з радасцю. Сяргей жа іншых  дзяўчат і блізка да сябе не падпускаў, быццам бы іх зусім не было. Надзея, і ўсё тут. Адна і на ўсё жыццё…
Бацька Сяргея ў Надзі вы­кладаў матэматыку, і ў яго ўпотай “выкрадваў” хлопец тэксты кантрольных работ ды прыносіў іх сваёй каханай дзяўчыне. Хутка ляцеў час. Юнак, закончыўшы сярэднюю школу ў Чашніках, паступіў вучыцца ў Магілёўскае мілі­цэйскае вучылішча. Надзея, праводзячы яго на вучобу, падарыла партсігар. Праз некаторы час дзяўчына падала дакументы ў Лепельскае педвучылішча. Сустрэчы сталі рэдкімі, але сувязь трымалі праз пісьмы. Яго на першае месца працы накіравалі ў Маларыцкі раён, яе – у Маладзечанскі. Так атрымалася, што летам 1954г. адначасова прыехалі ў родную вёску на адпачынак. Сяргея адпусцілі ўсяго на 2 тыдні. Хлопец збіраўся ўсе адведзеныя дні дапамагаць бацькам па гаспадарцы. Але атрымалася інакш. У дзень прыезду, вечарам, ён і яна сустрэліся, доўга размаўлялі. Узаемнае каханне ўспыхнула з новаю сілаю, ды такою моцнаю, што на наступны дзень пешшу (8 км) пайшлі ў райцэнтр распісвацца. Але ў маладых людзей прапіска была па месцы працы, таму ў рэгістрацыі шлюбу адмовілі. Вярнуўшыся назад, узялі свед­каў і зноў пешшу за 6 км накіраваліся ў суседнюю вёску ў сельскі Савет. Тут усякімі праўдамі-няпраўдамі свае адно­сіны ўдалося ўзаконіць. Праз тры дні пасля гэтага маладажоны з рэчамі ўжо ехалі ў Маларыту па сваё шчасце. Іх адразу пасялілі ў доме 37 па вул. Чырвонаармейскай. Для калег жаніцьба Сяргея стала прыемнаю неспадзяванкаю. На трэці дзень жыцця маладой пары на новым месцы малодшага лейтэнанта Лядзінскага начальства нечакана накіроўвае ў Радзеж на разборкі (многа было падпалаў). Прайшоў дзень, другі, трэці… Надзея страціла надзею. Яна была зусім адна ў чужым горадзе сярод чужых людзей. Муж пра сябе ніяк не напамінаў, бо транспарт не хадзіў, а тэлефонаў амаль не было. У галаву лезлі розныя думкі. Стала невыносна і страшна. Ад безвыходнасці стала збіраць рэчы, пакаваць чамаданы, каб вярнуцца да бацькоў. Вырашала ехаць заў­тра раніцай. У ноч перад ад’ездам Сяргей пешшу прыйшоў (праз тыдзень) да сваёй любімай жонкі. Спяшаўся, бо нешта прадчуваў. Адбылася сур’ёзная размова, з якой Надзя зрабіла адзін вывад: быць жонкаю міліцыянера – подзвіг. Пастаянныя зборы, камандзіроўкі, а то і выклікі сярод ночы. Давялося  змірыцца з абставінамі, бо перайначыць ужо нічога не магла: сама ж выбрала такі лёс, абдумана і па ўласнай волі. Маладая жанчына, аднак, не адчайвалася. Чалавек жа можа адшукаць вый­сце з любой сітуацыі. Надзея яго знайшла, стварыўшы дома такія абставіны, куды Сяргей заўжды імкнуўся вярнуцца з радасцю. Ведаў: там яго самы надзейны тыл, які пры любых абставінах абагрэе, накорміць, прылашчыць, які заўжды чакае і кахае. Ці не гэта запаветная мара любога мужчыны? У адказ Сяргей таксама імкнуўся быць заўжды галантным кавалерам, уважлівым і чулым. Ці мог ён за такі клопат быць іншым? Маладыя з самага пачатку сумеснага жыцця на першае месца паставілі сям’ю: яна аберагае шчасце.
— У той час,-успамінае Сяргей Дзмітрыевіч Лядзінскі,- ніякага транспарту ў аддзеле не было. Праўда, можна было ездзіць на кані, але гэта дастаўляла вельмі многа турбот. Таму ўвесь раён не адзін раз абышоў пешшу і аб’ехаў на веласіпедзе. Гэта займала многа часу, таму дома бываў мала. Увесь цяжар па гаспадарцы і выхаванні дзяцей узяла на сябе жонка. Помнік ёй трэба паставіць за гэта. З абавязкамі захавальніцы сямейнага ачага яна справілася на выдатна. Цяжка было. Калі сыну споўніўся месяц, выйшла на працу ў школу. За ім трэба было даглядаць. Таму па вёсках давялося шукаць нянек.
— Калі ў хаце любоў і лад, не патрэбен тады і клад. Так, здаецца, у народзе кажуць,-заўважае Надзея Фёдараўна. – Усім і заўсёды трэба ахвяраваць  і ўсё цярпець для захавання ўзаемнага кахання. Ружы бываюць толькі на пачатку шляху сямейнага, а потым выскакваюць калючкі, малыя і вялікія. Але іх колькасць і балючасць залежыць ад мудрасці мужа і жонкі. Крызісы характэрны для кожнай сям’і. Толькі вось выходзяць з іх па-рознаму і ў розны тэрмін. Каханне павінна дыхаць адкрытасцю, даверам, падсілкоўвацца ўзаемнай павагай, сімпатыяй і шчырасцю. Павінна быць месца і незалежнасці ў шлюбе. Але разумнай. Я ніколі не навязвала сваю думку, заўсёды раілася з мужам, пытала ў яго парады. А на ўсе цяжкія пытанні ў любой сітуацыі адказы шукалі толькі разам.
— Думаеце, у нас заўжды ідылія? – усміхаецца Сяргей Дзмітрыевіч. — Не, бывае, што пабурчым адзін на аднаго, але далікатна, ціха, тактоўна, з любоўю і клопатам. Але хутка супакойваемся. Сварак  не бывае.  Праз імгненне пасля таго, як трошачкі “пашуміш”, здаецца, што нічога як быццам бы і не было. Толькі сябе дакараеш: для чаго ўсё гэта пачынаў, чаму голас павысіў? Лепш было б змаўчаць, каб тая злосць, мізэрная, нікчэмная, якая ёсць, хутка перагарэла і знікла. Гэта таксама набываецца з гадамі. Ніякія універсітэты і інстытуты такому не навучаць. Да ўсяго трэба даходзіць самім. І чым раней, тым лепш. Каханне шкадуе і ўсё даруе.
— А калі б можна было вярнуць час назад, з кім бы вы ўзялі шлюб? – цікаўлюся я.
У адказ Сяргей Дзмітрыевіч і Надзея Фёдараўна моўчкі пераглянуліся, усміхнуліся і далікатна ўзялі адзін аднаго за руку. Усё стала зразумела без слоў. Сапраўднае каханне не прадаецца, не купляецца і не мяняецца ні на што. Яно – адзінае і вечнае.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Сяргей Дзмітрыевіч і Надзея Фёдараўна Лядзінскія на парозе свайго ізумруднага шчасця.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


noahinvest.com

sweet-smoke.com.ua

здесь www.profvest.com