ЯНЫ + МЫ = СЯМ’Я

Дзеці – дар Божы. І як прыкра, што гэта разумеюць не ўсе бацькі. Больш таго, яны нярэдка ігнаруюць такое Богам дадзенае шчасце, не даражаць ім, а асобным яно нават у цяжар. Ёсць нават і такія, хто адмаўляецца ад сваіх родных крывіначак, як ад непатрэбнай рэчы. Вось чаму дамы дзіцяці і школы-інтэрнаты перапоўнены сацыяльнымі сіротамі.

У якасці адступлення.
Па стану на 1 студзеня г.г. у Беларусі налічвалася 24210 дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. З іх 18981 дзіця (78,4%) выхоўваюцца ў апякунскіх і прыёмных сем’ях, дзіцячых вёсках, дамах сямейнага тыпу, 5229 (21,6%) – у інтэрнатных установах. Акрамя таго, 6736 дзяцей жывуць у сем’ях усынавіцеляў.
У Брэсцкай вобласці (дадзеныя на 1.01.2014 г.) налічваецца 2893 дзіцяці-сіроты і дзіцяці, якія засталіся без апекі бацькоў. У апякунскіх і прыёмных сем’ях выхоўваецца 869 і 548 дзяцей адпаведна. У нашым раёне ў 18 апякунскіх сем’ях выхоўваецца 25 дзяцей, і ў 15 прыёмных – 22 дзіцяці.

Абузай для родных маці аказаліся і вось гэтыя дзеткі: Дзіма, Валерый, Міша і Даша, Маргарыта, Сашка і Лера. Яны былі заменены на гарэлку. Быць бы ім да паўналецця ў казённым доме, калі б не добрыя, чулыя і спагадлівыя людзі, у сэрцах якіх з’явілася шчырае жаданне дапамагчы гэтым дзеткам, забраць іх да сябе ў сям’ю і выхоўваць. Дашы і Мішы, праўда, туды ехаць не давялося, бо да сябе ў сям’ю іх забрала родная бабуля. І вось ужо больш чым 10 год яна з’яўляецца апекуном унукаў. Святлана Васільеўна Маскалёва прызналася, што калі ўнукі засталіся адны, яна нават і думкі не дапускала, каб аддаць іх у дом-інтэрнат.
— Мне сорамна было пра такое думаць, бо гэта ж мая родная кроў, мае ўнукі. Вядома, нялёгка было мне адной гадаваць іх. Узрост мой ужо немалады, дастатак у хаце невялікі. Дашка тады яшчэ і хадзіць не ўмела, калі я яе ўзяла. Калі пайшло адно ў сад, другое – у школу, і праблем дабавілася. У 4 гадзіны падымалася, бо і сняданак ім трэба было згатаваць, і ў школу ці сад сабраць, і адзенне папрасаваць. Але з Божай дапамогай усё паспявала. Ра­зам з імі яшчэ адну школу прайшла. Бо ў сталым узросце мне трэба было дапамагаць дзецям і задачку рашыць, і фізіку вывучыць, і хімію, і правілы паўтараць, і верш на памяць вывучыць. Мне Бог даваў сілы і здароўе.
Святлана Васільеўна дабілася вялікага поспеху і ў самым галоўным: Даша і Міша растуць паслухмянымі, добрымі, працавітымі. Міша вучыцца ў ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці, ён закончыў школу мастацтваў па класу баяна. Даша вучыцца ў гімназіі, заканчвае школу мастацтваў па класу акардэона, вельмі любіць спяваць, а таксама плаванне. А яшчэ Міша і Даша ахвотна і з вялікім стараннем дапамагаюць бабулі па гаспадарцы, прыбіраюць у хаце, гатуюць, бо яны ўжо дарослыя, казала Даша, і разумеюць, колькі сіл і здароўя аддае ім бабуля. Зрэшты, Святлану Васільеўну яны не называюць бабуляй, а мамай.

Калі б не чулая і добрая душа Валянціны Сямёнаўны Лямачка, цяжка сказаць, як склаўся б далейшы лёс Дзімы. Маці яго таксама была пазбаўлена сваіх правоў, і Дзіму ўладкавалі ў школу-інтэрнат. Праблемны ён быў хлопчык. Дрэнна вучыўся, пра дысцыпліну і гаварыць не трэба. Псіхолагі рабілі заключэнне, што нічога больш, акрамя інтэрната, Дзіме не свеціць. А калі і пашанцуе з замяшчальнай сям’ёй, там яго больш чым паўгода не працерпяць. Але псіхолагі не ўлічылі адзін момант: тым, хто знойдзе ў Дзімы пазітыў, шчыра палюбіць яго, удасца заваяваць сэрца хлопчыка. І Валянціна Сямёнаўна якраз і аказалася такім чалавекам. Хаця, вядома ж, спачатку было не без праблем.
— Калі мы Дзіму ўзялі ў сваю прыёмную сям’ю, — дзялілася Валянціна Сямёнаўна, — ён, безумоў­на, вельмі ад­розніваўся ад нашых дзяцей (а ў Валянціны Сямёнаўны 2 дачкі — аўтар). У нечым камплексаваў. А цяпер, што ў маіх дзецях ёсць добрае, тое пераняў ад іх і Дзіма. У нас у сям’і ўсе вельмі любяць яго, ніхто з нас цяпер не скажа, што Дзіма чужы. Мы яго ўспрымаем, як позняе дзіця, народжанае ў нашай сям’і. Дзіма не з’есць цукерак, каб не падзяліцца з усімі намі. Ён можа мяне на кухні замяніць, а з мужам раздзяляе абавязкі па догляду за хатняй жывёлай. Ён майстравіты, наогул не баіцца ніякай работы. Калі трэба некуды паехаць, заўсёды Дзіму кажу: “Ты застаешся дома за гаспадара”. За тры гады, што жыве ў нашай сям’і, ён ні разу не падвёў.

Валерыю, зноў жа выхаванцу школы-інтэрната, таксама лёс падаслаў чулых людзей, дзякуючы якім ён змог пазнаць, што такое сапраўдная сям’я, мацярынская любоў, якой вялікай сілай яны валодаюць. Дачка Алы Уладзіміраўны Капанька адпачывала ў дзіцячым санаторыі. Там і пазнаёмілася з Валерыем. Цікавым здаўся ёй гэты хлопчык, добрай у яго была душа. А вось лёс – хоць ты плач. Валера таксама аказаўся непатрэбным роднай маці, таму рос і выхоўваўся ў інтэрнаце. Дзяўчынцы шкада стала Валеру, і яна патэлефанавала маці з такой альтэрнатывай: “Калі не дазволіце Валерыю прыехаць на канікулы да нас у Арэхава, і я з санаторыя дамоў не вяртаюся ”. Ала Уладзіміраў­на хоць і прызадумалася, але згадзілася. І цяпер Валера на канікулы , на выхадныя, на святы пастаянна прыязджае ў Арэхава. Ён на патранатным выхаванні ў сям’і Капанькаў.
— Ястрабельскую школу-ін­тэр­нат, — расказвае Ала Уладзі­міраўна, — пе­райменавалі ў кадэцкае вучылішча. І наш Валера займаецца цяпер там. Безумоўна, калі б мы яго забралі да сябе ў прыёмную сям’ю, вучыцца яму давялося б у Арэхаўскай школе. Думаю, што ў плане вучобы яму лепш ў вучылішчы. А вось любві сваёй усе мы ў сям’і для яго не шкадуем. Ён для нас, як родны сын.

А 9-месячную Маргарыту яе мама зімою ў 15-градусны мароз пакінула ля пад’езда свайго дома, а сама пайшла да суседзяў, якія жылі насупраць, п’янстваваць. Калі тады дзяўчынку даставілі ў міліцыю, у яе было двухбаковае запаленне лёгкіх і моцнае знясіленне арганізма. Маргарыту ўладкавалі ў Пінскі дом дзіцяці. А 7 красавіка на праваслаўнае свята Благавешчанне ў Дом дзіцяці прыехалі маларытчане маладыя муж і жонка Алена Мікалаеўна і Міхаіл Міхайлавіч з добрай весткай: узяць на выхаванне і ўдачарыць дзяўчынку.
— Я ўбачы­ла Маргары­ту, — успамінае Алена Міка­лаеўна, — і падумала: “Гэта тая дзяўчынка, пра якую я марыла”. Я палюбіла яе з першага погляду.
Таму гэтае свята Маргарыта па праву можа лічыць сваім другім днём нараджэння, бо для яе заззяла святло новага жыцця. Яна набыла бацькоў, сям’ю. Маргарыту ўдачарылі. А калі яна падрасла, неяк прызналася сваім новым бацькам, што ёй кепска без браціка і сястры.
— Таму мы зноў паехалі ў дзіцячы дом, — кажа Алена Мікалаеўна, — каб узяць у сваю сям’ю, усынавіць і ўдачарыць хлопчыка і дзяўчынку. Спачатку нам паказалі Лерку. Яна мне спадабалася. Але выхавальнікі дзіцячага дома папярэдзілі, што ў Леркі ёсць брацік і разлучаць іх не хацелася б. Больш таго, прапанавалі нам самім знайсці Сашку сярод мноства дзяцей. Я вачыма правяла ўсіх і спыніла свой позірк на чарнавокім хлопчыку, які быў вельмі падобны на Лерку. Гэта і быў Сашка. Так у нас і стварылася шматдзетная сям’я. Мне заўсёды хацелася мець вялікую сям’ю, бо сама я была адным дзіцём у бацькоў і добра ведаю, як дрэнна без сясцёр і братоў. Цяпер Маргарыце 12 год, Сашку – 3, Леры – 5. Складана было іх паставіць на ногі,вылечыць усе запушчаныя хваробы, цяжкія гэтым дзецям дасталіся гены ад бацькоў, але мы з мужам, — прызнаецца Алена Мікалаеўна, — бачым толькі адзін спосаб добрага выхавання іх – выхаванне любоўю. І вельмі шчаслівыя, што яны ў нас ёсць.
…Слухала жанчын, якія забралі да сябе на выхаванне чужых дзяцей, іх шчырыя расказы пра сваіх выхаванцаў, пра іх поспехі і пераконвалася: у сэрцы кожнай — рэкордны памер дабрыні, чуласці, спагады, многіх іншых добрых якасцяў, якія прымушаюць дапамагаць іншым.

У якасці адступлення.
Безумоўна, выхоўваць чужых дзяцей нялёгка. Часам бывае, што і да сваіх, родных не ўдаецца падабраць патрэбны ключык, а тут чужая кроў. А як цяжка адапціравацца гэтым дзеткам у новых сем’ях!? Большасць дзяцей-сірот, дзяцей, якія жывуць у непаўнацэнных і неспрыяльных сем’ях, так ці інакш знахо­дзяцца ў стрэсавым стане. А стрэс, падобна да радыяцыі, разбурае ў першую чаргу галаўны мозг. Пра такіх дзяцей, усыноўленых ці якія аказаліся ў больш спрыяльных, чым у традыцыйных дзіцячых дамах, умовах, справядліва кажуць, што яны падобныя да тых, хто вярнуўся з трэцяй сусветнай вайны. Дадайце сюды адсутнасць прыхільнасці да блізкага чалавека ў раннім дзяцінстве, якая прыводзіць і да эмацыянальнай недастатковасці, і да затрымкі ў развіцці. Дадайце адсутнасць даверу да дарослых і страту радасці, якая павінна суправаджаць дзіця калі не заўсёды, дык абавязкова часта. У такіх дзяцей фарміруецца іншая сістэма каштоўнасцей, якая прынцыпова адрозніваецца ад агульнапрызнаных нормаў.
А як цяжка з такімі дзецьмі! Кажуць, што родная кроў заўсёды кліча да сябе. Не раз, вядома ж, успамінаюць прыёмныя дзеці ці бачаць у снах сваіх родных матуль. Бо якімі б дрэннымі яны не былі для нас, для іх яны самыя добрыя. І любяць дзеці іх больш, як правільна заўважаюць псіхолагі, чым любяць дзеці маці сваіх у спрыяльных сем’ях.
А псіхалагічныя траўмы, што атрымліваюць дзеці, калі іх забіраюць з роднага гнязда?! Не трэба забываць і пра такі маральны аспект. Сярод нас не зжыта меркаванне, што ў прыёмныя сем’і бяруць дзяцей з-за матэрыяльнай выгоды. Беларусь жа сёння застаецца адзінай дзяржавай, якая заахвочвае прыёмных бацькоў матэрыяльна. Толькі вось чамусьці не шмат тых, хто праяўляе жаданне папаўняць свой сямейны бюджэт такім чынам.

Гісторыі пра дзяцей, расказаныя вам, пачулі ад жанчын-маці, якія прысутнічалі на “круглым стале”, што быў нядаўна арганізаваны ў рэдакцыі райгазеты. Яны ж, акрамя таго, падзяліліся сваімі праблемамі, з якімі даводзіцца сутыкацца.

Людміла Кучарук, загадчыца сектара па ахове дзяцінства аддзела адукацыі, спорту і турызму:
— У якасці адной з мер, што дазваляе рэаліза­ваць дзяр­жаўную палітыку, выступае развіццё інс­тытута сем’яў, якія замяшчаюць біялагіч­ныя.
У нашай краіне існуюць такія формы ўладкавання дзяцей у сям’ю, як прыёмная сям’я, апякунская, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, усынаўленне (удачарэнне) альбо патранатнае выхаванне. Чым адна форма абуладкавання дзяцей адрозніваецца ад другой? Прыёмныя бацькі і бацькі-выхавальнікі атрымліваюць заработную плату за працу па выхаванні дзяцей, прынятых у свае сем’і. Такім чынам, прыёмная сям’я і дзіцячы дом сямейнага тыпу – гэта прафесійныя формы сямейнага клопату пра дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Час працы ў якасці прыёмных бацькоў і бацькоў-выхавальнікаў залічваецца ў агульны працоўны стаж. Яны маюць штогадовы аплачваемы водпуск працягласцю 56 каляндарных дзён, на перыяд якога для іх выхаванцаў прадастаўляюцца месцы ў аздараўленчым лагеры.
Новай формай сямейнага ўстрой­ства дзяцей з’яўляецца патранатнае выхаванне. Пры ім законнае прадстаўніцтва не перадаецца ў поўным аб’ёме сям’і, што ўзяла дзіця на выхаванне, а правы і абавязкі па абароне правоў дзіцяці размежаваны паміж патранатным выхавальнікам і органам апекі і папячыцельства. Патранатная сям’я па сваім статусе характарызуецца тым, што дзіця застаецца выхаванцам дзіцячага дома і перадаецца ў сям’ю на падставе дагавора. Адміністрацыя дзіцячага дома застаецца законным прадстаўніком дзіцяці, а псіхолаг, сацыяльны педагог, іншыя педагагічныя, медыцынскія работнікі працягваюць выконваць свае абавязкі ў адносінах да дзіцяці, удзельнічаюць у выхаванні, абароне яго правоў. Праваадносіны паміж дзіцяці і патранатным выхавальнікам спыняюцца пасля таго, як заканчваецца тэрмін дзеяння дагавора.
Апека – прыняцце дзіцяці (дзяцей) у сям’ю на правах падапечнага. Абавязкі па апецы і папячыцельству выконваюцца бясплатна. Апекуны (папячыцелі) не маюць права перашкаджаць зносінам падапечных з бацькамі і іншымі блізкімі сваякамі.
Як правіла, апеку (папячыцельства) на дзіцяці ўстанаўліваюць родзічы ці блізкія для яго асобы. Перавага гэтай формы ў тым, што, не маючы магчымасці выхоўвацца ў сям’і сваіх бацькоў, дзеці ўсё ж выхоўваюцца блізкімі для іх людзьмі.
Акрамя таго, дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў, можна ўсынавіць (удачарыць). Усынаўленне (удачарэнне) – гэта прыняцце дзіцяці ў сям’ю на правах кроўнага. Усыноўленыя дзеці страчваюць асабістыя немаёмасныя і маёмасныя правы і вызваляюцца ад абавязкаў у адносінах да сваіх бацькоў (родзічаў), а ў адносінах да ўсынавіцеляў і іх родзічаў прыраўноўваюцца да родзічаў па паходжанні. Гэта прыярытэтная форма ўладкавання дзяцей у сям’ю. Яна пажыццёвая.
Дапамогу па пытаннях, што ўзніклі, усім сем’ям, якія прынялі на выхаванне дзяцей, аказвае аддзел адукацыі па месцы жыхарства. Неабходныя кансультацыі па праблемных сітуацыях і псіхолага-педагагічную падтрымку можна атрымаць у сацыяльна-педагагічным Цэнтры.

Дар’я Уласюк, педагог-псіхолаг сацыяльна-педагагічнага Цэнтра:
— Калі прааналі­заваць пы­танні, па якіх сёлета прыёмныя бацькі звярталіся да псіхолага нашага Цэнтра, дык у асноўным гэта адны і тыя ж прыём­ныя бацькі з аднымі і тымі ж праблемамі. З расказаў іх можна зрабіць такія вывады: некаторыя бацькі маюць устойлівыя стылі бацькоўскага выхавання, з дапамогай якіх яны выхоўвалі ўласных дзяцей. Вядома, яны не супярэчаць агульнапрынятым інтарэсам дзяцей, але, як вядома, кожнае дзіця – індывідуальнасць, да кожнага патрэбны свой падыход. Вось тут і ўзнікае дысананс: устойлівыя прынцыпы выхавання не працуюць, а праявіць гібкасць, падстроіцца пад дзіця і паспрабаваць новыя метады – цяжка. На самой справе, сапраўды, вельмі складана змяніць погляды, якія складваліся гадамі, на навакольны свет, метады і стылі бацькоўскага выхавання. Але хацелася б напомніць паважаным прыёмным бацькам, што яны ведалі, на што ішлі, на спецыяльных курсах іх рыхтавалі да такіх жыццёвых выпрабаванняў, таму варта крыху папрацаваць і вызначыць той самы індывідуальны падыход, што неабходны дзіцяці.
Што датычыць праблем, з якімі прыёмныя бацькі звяртаюцца да псіхолага, іх можна вызначыць у адну вялікую групу: “Асаблівасці паводзін, альбо непаслухмянасць прыёмных дзяцей”. Цікавым фактам з’яўляецца тое, што гэтыя праблемы ўзнікаюць менавіта тады, калі дзеці пазносяцца з біялагічнымі бацькамі. З такой праблемай змагацца вельмі складана, бо, вырашыўшы яе, мы не вырашаем іншую праблему – зносіны біялагічных бацькоў з дзіцяці, якія вельмі траўміруюць апошняе. Дзіўна, але дзеці гэтай катэгорыі ўсё роўна любяць сваіх бацькоў, якімі б яны ні былі, і ім цяжка выбіраць, каго менавіта слухаць. Ні ў якім разе нельга негатыўна гаварыць пра біялагічных бацькоў у прысутнасці дзіцяці, гэтым можна толькі пагоршыць сітуацыю. Дзецям трэба гаварыць пра тое, што яны самі ў адказе за сваю будучыню і ім самім выбіраць, якое жыццё пражыць, і хто ім у гэтым можа дапамагчы. Бо такія дзеці добра разумеюць, па якіх прычынах яны аказаліся ў замяшчальных сем’ях.

Некалькі карысных парад прыёмным бацькам:
1. Зносьцеся з дзецьмі пазітыўна-эмацыянальна. Толькі пасля таго, як дзіцё ў прыёмнай сям’і набудзе стабільную прыхільнасць і эмацыянальную абарону, пачнецца паступовы працэс яго развіцця.
2. Не параўноўвайце дзіця з іншымі дзецьмі. Бо кожнае з іх унікальнае, акрамя недахопаў, ёсць яшчэ і асаблівасці.
3. Праяўляйце цярпенне ў працэсе выхавання. Атрымаць усё адразу немагчыма. Хутка – не заўсёды значыць добра.
4. Шукайце пазітыў. Нікому не хочацца рабіць тое, што не атрым­ліваецца. Навучыце сваё дзіця прыкмячаць няхай сабе і невялікія, але зрухі ў выхаванні.
5. Хваліце за намаганні, а не за вынік.
6. Верце ў дзіця. Вера дарослых у дзіця – крыніца яго жыццёвых сіл і 2/3 будучага поспеху, як у школе, так і ў жыцці.

 

З вопыту Ірыны Пятніцкай, адной з прыёмных маці:
— калі вы ўпершыню адпраўляеце сваё дзіця ў школу, вы павінны, па-першае, давесці да ведама класнага кіраўніка, што ў дзіцяці ёсць псіхалагічныя праблемы і яно мае патрэбу ў асаблівым клопаце і ўвазе;
— па-другое, пры паступленні ў школу добра будзе прайсці тэсціраванне ў псіхолага і з вынікамі яго азнаёміць настаўніка;
— па-трэцяе, у вас павінна быць пастаянная сувязь з класным кіраўніком, школьным псіхолагам і сацыяльным педагогам;
— трэба прыкласці ўсе намаганні да таго, каб дзеці займаліся ў гуртках, творчых аб’яднаннях і спартыўных секцыях. Творчасць усебакова развівае, нараджае палёт думкі, натхняе і захапляе.
Дзіця ўсведамляе, што яно здольнае на канкрэтную справу і нават адкрыццё, а, магчыма, і таленавітае, а таму абавязкова даб’ецца поспеху і ўласнай годнасці.
Цяжкім дзецям вельмі карысна займацца музыкай, танцамі, тэатральным мастацтвам, вынаходніцтвам, спортам. Спрабуйце ў выхаванні ўсё, што можа зацікавіць дзіця.
А вось сядзець за камп’ютарам ці ля экрана тэлевізара трэба дазваляць як мага менш. Магчыма, не дазваляць зусім. На няўстойлівую і вельмі адчувальную нервовую сістэму дзяцей камп’ютарныя гульні і фільмы жахаў уздзейнічаюць вельмі адмоўна і разбуральна.
Не трэба шкадаваць час, каб наведаць выставы, з’ездзіць на экскурсію, пабываць на спартыўных спаборніцтвах. Схадзіце абавязкова з дзіцём у храм. Карысць ад гэтага будзе вялікая. Бо душа дзіцяці ўбірае ў сябе боскую ласку святых месцаў, яна гэтым жыве і дыхае. Пасля такіх паездак і наведванняў царквы дзеці пераўтвараюцца. Становяцца іншымі – лепшымі.
Для таго, каб дзіця навучылася ўсведамляць вынікі сваіх учынкаў, трэба не караць яго, а зрабіць так, каб яно на сабе адчула іх вынікі. Не зрабіў урокі – будзе менш часу на гульні і да т.п.
Прыёмнае дзіця ні ў якім разе нельга проста груба асякаць, забараняць нешта. У пакаранні, нават калі яно будзе – у любой форме, — дзіця не павінна адчуць сябе нікчэмным.
Прыёмныя бацькі не павінны адказваць грубасцю на грубасць, неабходна даць дзіцяці зразумець, што ты ўсведамляеш, як яму цяпер цяжка. І, нягледзячы на дрэнныя паводзіны, трэба першым ісці насустрач, размову, зносіны. Неабходна зноў і зноў праявіць вытрымку, сканцэнтраваць на дзіцяці ўвагу, прыгалубіць яго, мабыць, пасадзіць на калені, абняць з усмешкай і супакоіць яго сваім даверам;
Памятайце словы імператрыцы Аляксандры Фёдараўны: “Бацькі павінны быць такімі, якімі яны хочуць бачыць сваіх дзяцей – не на словах, а на справе. Яны павінны вучыць сваіх дзяцей прыкладам свайго жыцця”.
Матэрыял падрыхтавала Ірына КАСЦЕВІЧ.

Опубликовано в «ГЧ» 15.01.2014 г.

Добавить комментарий


www.biceps-ua.com

интернет магазин канцелярии

раскрутка сайта в интернете
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!