“Нам належыць, браткі, спяшацца…”

Здарылася аварыя на дарозе, “разгуляўся” агонь у будынку, чалавек заблудзіў у лесе – якая б ні была надзвычайная сітуацыя, мы ведаем, што ёсць служба, якая ў лічаныя хвіліны прыйдзе на дапамогу. 19 студзеня работнікі гэтай службы адзначаць сваё прафесійнае свята – Дзень выратавальніка. Пра будні і святы тых, хто абраў адну з самых рызыкоўных і ў той жа час самых высакародных прафесій, чытайце ў інтэрв’ю начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Мікалая Дубача.

— Сваё прафесійнае свята работнікі службы выратавання адзначаюць напачатку года. А гэта самы час азірнуцца назад, асэнсаваць тое, што засталося ў мінулым. Мікалай Паўлавіч, якім для раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях быў 2013 год, чым запомніўся ён?
— Дзякуючы сістэмнай рабоце органаў улады і нас, пажарных-выратавальнікаў, летась напачатку года быў дадзены добры старт дзейнасці аддзела ацэнкай вынікаў нашай работы. У студзені 2013 года ад абласнога кіраўніцтва УМНС мы атрымалі пераходны прыз імя Фёдара Іванавіча Талатыніка. А гэта высокая планка нашых вынікаў і яе з гонарам нам удавалася ўтрымліваць на працягу ўсяго года. Летась у студзені ў нас з’явілася яшча адна добрая традыцыя. У сваё прафесійнае свята, якое супадае са святам Хрышчэння Гасподняга, выратавальнікі, у чарговы раз выпрабаваўшы сябе, паспыталі лекавую сілу хрышчэнскай вады. Між іншым, мінулы год прынёс выратавальнікам нямала і прафесійных выпрабаванняў. Мароз і снежныя заносы, якія падарыў нам “Хаўер”, сталі сапраўдным экзаменам для служб экстраннага рэагавання. Даводзілася не толькі дапамагаць ачышчаць вуліцы і дарогі ад снегу, але і аказваць экстранную дапамогу людзям, якія апынуліся ў снежным палоне. Затое быў набыты добры вопыт дзейнічання ў экстрэмальных сітуацыях у зімовы перыяд. Але не толькі з наступствамі прыродных стыхій змагаліся выратавальнікі. Практычна кожны дзень паступалі “трывожныя званкі” на нумар 101. Дарэчы, у мінулым годзе з’явілася магчымасць выклікаць выратавальнікаў па адзіным еўрапейскім нумары 112. Было ліквідавана 84 узгаранні, 47 разоў была аказана дапамога насельніцтву ў розных складаных сітуацыях. І ўсё ж самы галоўны вынік нашай работы – гэта 11 выратаваных жыццяў людзей. Выратавана таксама матэрыяльных каштоўнасцей на суму каля 0,5 мільярда рублёў. Агульныя эканамічныя страты ад надзвычайных здарэнняў знізіліся.
Раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях дынамічна развіваецца. Штогод удасканальваецца матэрыяльна-тэхнічная база і абсталяванне. У маі 2013 года на базе двух падраздзяленняў, у Маларыце і вёсцы Ланская, былі створаны і забяспечаны ўсім неабходным абсталяваннем пазаштатныя групы выратавання на водах. Асабісты састаў прайшоў адпаведную падрыхтоўку, і ў чэрвені прадстаўнікі аддзела Дзмітрый Сакалюк, Аляксей Масюк і Аляксандр Сезік занялі другое месца ў абласных спаборніцтвах сярод выратавальнікаў-плыўцоў груп выратавання на водах. Таму год быў насычаны рознымі падзеямі.
— Выкананне ўсіх задач, а яны ў выратавальнікаў лёгкімі не бываюць, залежыць ад надзейных людзей. Такіх у аддзеле па надзвычайных сітуацыях нямала?
— Сапраўды, ніякая самая ўдасканаленая тэхніка не зможа замяніць чалавека. Людзі — гэта асноўны наш рэсурс. У калектыве райаддзела працуе 69 чалавек. Больш за 90 працэнтаў асабовага саставу маюць найвышэйшую класную кваліфікацыю. 28 работнікаў, а гэта 42 працэнты калектыву, працуюць у райаддзеле з 1999 года – з дня стварэння Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Усе яны маюць вялікі практычны вопыт і перадаюць свае веды калегам. Хацелася б адзначыць вопытных кіраўнікоў і работнікаў Генадзя Суміча, Анатоля Гусакова, Сяргея Касянюка, Дзмітрыя Сакалюка, Віталя Бягезу, Сяргея Дваракоўскага, Мікалая Пляханава, Мікалая Клюнчыка, Сяргея Бурштына, Генадзя Мішчука, Віктара Ляха, Анатоля Нікіцюка, Сяргея Самасюка, Аляксандра Касянюка.
— Нярэдка гавораць, што ўрачом ці педагогам трэба нарадзіцца. Прафесія выратавальніка таксама з ліку тых, якія набываюць па прызванні. Што ў першую чаргу трэба для таго, каб стаць прафесіяналам у прэстыжнай, але вельмі нялёгкай прафесіі выратавальніка?
— Адразу хачу сказаць, што выпадковых людзей у нашай прафесіі не бывае. Кожнаму, хто выказвае жаданне стаць выратавальнікам, даводзіцца прайсці жорсткі адбор. І, як паказвае жыццё, вытрымлівае яго толькі 20 працэнтаў тых, хто спрабуе сябе ў гэтай справе. Выратавальнік павінен быць здаровым, фізічна і маральна падрыхтаваным да дзеянняў у экстрэмальных сітуацыях. А на гэта здольны не кожны. Працаваць даводзіцца ў калектыве, плячом да пляча з таварышамі. У экстрэмальнай сітуацыі на віду ўсе тыя якасці характару, якія ў звычайным жыцці можна схаваць.А таму ў нашай службе затрымліваюцца толькі мужныя, смелыя, рашучыя людзі, якія ўмеюць ахвяраваць многім дзеля выратавання жыцця чалавека.
— Заўтра ваша прафесійнае свята. Што пажадаеце сваім калегам напярэдадні яго?
— Пачаць сваё віншаванне хачу з верша, які вельмі яскрава адлюстроўвае прафесію выратавальніка:
Не привыкнуть к тревожным звонкам,
Не привыкнуть к тревогам, сиренам,
Говорят – наша служба легка, —
Что им знать про дежурные смены.
Нам секундное время на сбор
Нормативом предписано чётко,
Пробивая дорожный затор,
Мы летим словно лайнер на «взлётке».
Нам положено, братцы, спешить,
Мы спасатели – служба от Бога,
Человеку положено жить,
Мы на помощь летим по тревоге.
Пажадаць жа ўсяму калектыву выратаваль­нікаў і ветэранам пажарнай службы хочацца моцнага здароўя, шчасця, удачы, дабрабыту і задавальнення ад той справы, якой прызваны служыць. Няхай у вашых сем’ях будуць мір, любоў і згода. А ўсім жыхарам раёна хачу пажадаць, каб абміналі вас беды і надзвычайныя здарэнні.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Мікалай Дубач.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 18.01.2014 г.

Добавить комментарий


https://velotime.com.ua

www.unc-mps.com.ua

220km.com/category/forse_ba/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!