Адрэзак у пятнаццаць гадоў

Разам са сваім прафесійным святам выратавальнікі адзначаюць сёлета 15-годдзе службы выратавання. Той час, калі пажарная служба набыла новыя функцыі, а супрацоўнікі яе пачалі змагацца не толькі са стыхіяй агню, але і ліквідоўваць наступствы многіх іншых надзвычайных сітуацый, добра памятаюць тыя, хто ў 1999 годзе нёс баявую службу. Як ішло ў раёне станаўленне службы выратавання, якія змены за паўтара дзясятка гадоў адбыліся ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, расказалі яго супрацоўнікі.

Віталь Крэнь, дыспетчар цэнтра аператыўнага ўпраўлення:
— У той час, калі я пачаў працаваць дыспетчарам, а быў гэта 2003 год, з абсталявання ў дзяжурнай службе раёна быў толькі тэлефон на экстранны нумар “101” якога паступалі званкі. Цяпер для аператыўнай работы цэнтра ёсць два камп’ютары, абсталяванне для прыёму сігналаў грамадзянскай абароны, пульт кіравання адзінай дзяжурнай дыспетчарскай службай, працуе аўтаматычная сістэма запісу тэлефонных размоў. З пашырэннем задач службы павялічылася і колькасць тэлефонных званкоў. Калі раней людзі паведамлялі толькі аб пажарах, дык цяпер паступаюць званкі па ўсіх пытаннях, якія датычацца выкліку розных экстранных службаў. Толькі за снежань мінулага года 42 званкі былі пера­адрасаваны ў розныя іншыя службы – раён электрасетак, жыллёва-камунальную гаспадарку, раённую бальніцу, аддзел унутраных спраў, дарожную службу. У дыспетчара цяпер ёсць магчымасць кіраваць усімі сіламі і сродкамі, прызначанымі для аказання дапамогі ў экстрэмальных сітуацыях. Акрамя таго, укараняецца новая аўтаматызаваная сістэма высылкі сіл і сродкаў падраздзяленняў МНС “Фенікс”, якая дапаможа за лічаныя хвіліны адпраўляць падраздзяленням, што выязджаюць на ліквідацыю надзвычайнага здарэння, усю неабходную першапачатковую інфармацыю. У камп’ютарнай базе цэнтра ўпраўлення ёсць характарыстыкі ўсіх аб’ектаў, і пры атрыманні сігнала можна паглядзець аб’ёмна-планіровачныя рашэнні гэтага аб’екта і даць нейкія рэкамендацыі тым людзям, якія ўдзельнічаюць у ліквідацыі надзвычайнай сітуацыі. Раней, каб атрымаць такую інфармацыю, трэба было патраціць нямала часу. Вядома, удасканалілася многае, ды і сама работа патрабуе цяпер яшчэ большай аператыўнасці.

Мікалай Пляханаў, камандзір аддзялення пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 1:
— Раней, калі была служба пажарная, неабходна было абсталяванне, якое дапамагала б хутка змагацца з агнём. Калі задачы пашырыліся, выконваць іх без спецыяльнага інструменту стала цяжка. Гэты час, напэўна, можна назваць самым складаным. Першым з інструментаў, які атрымалі мы гадоў дзесяць назад, быў бензарэз. З ім можна было ужо аказваць дапамогу пацярпелым у аварыі. Цяпер спраўляцца з ліквідацыяй любых аварыйных сітуацый нам дапамагаюць сучасныя аварыйна-выратавальныя інструменты, якія механізавалі ручную працу і зрабілі працэсы выканання работ больш бяспечнымі, у тым ліку і для саміх выратавальнікаў. З дапамогай гэтых інструментаў ёсць магчымасць разрэзаць жалеза, падняць цяжкую пліту ці машыну, разбіць сцяну. Ёсць у нас усё неабходнае і для выратавання людзей на вадзе. За пятнаццаць гадоў пяць разоў змянялася баявая вопратка выратавальнікаў. Зараз яна пашыта з непрамакаемай і негаручай тканіны, мае аблегчаную вагу, спецыяльны абутак таксама непрабіваемы, абараняе ад электратраўм, каскі маюць святлоадлюстравальныя элементы, што дазваляе, накіраваўшы пра­мень святла, бачыць у цемры, дзе знаходзіцца выра­тавальнік.Зусім іншай стала і падрыхтоўка выра­тавальнікаў. Раней патрабавалася толькі веданне пажарнай справы, а цяпер выратавальнік павінен умець аказваць дапамогу ў розных аварыйных сітуацыях, першую даўрачэбную і псіхалагічную дапамогу.

Анатоль Гусакоў, намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце і кадраваму забеспячэнню:
— Нельга не сказаць пра тыя змяненні, якія адбыліся ў падрыхтоўцы кадраў выратавальнікаў-пажарных. Вядома, навучыць гасіць пажары — гэта адна справа, і зусім іншая — падрыхтаваць выратавальніка, які здольны спраўляцца з любымі надзвычайнымі здарэннямі. Таму, калі раней курсы, якія рыхтавалі пажарных з ліку грамадзянскай моладзі, займалі ўсяго месяц і праходзілі яны ў вучэбным цэнтры, цяпер вучыцца даводзіцца ў інстытуце перападрыхтоўкі МНС на працягу трох месяцаў, дзе прысвойваецца кваліфікацыя пажарнага-выратавальніка. Сталі больш жорсткімі патрабаванні адбору тых, хто хоча стаць выратавальнікам, пашырылася колькасць задач, якія даводзіцца выконваць. Адзінае, што засталося нязменным, гэта колькасць асабовага саставу. Таму больш увагі даводзіцца надаваць прафесійнай падрыхтоўцы. Калі раней у Беларусі спецыялістаў для нашай службы рыхтавала толькі Гомельскае вучылішча выратавальнікаў, дык цяпер адукацыю можна набыць у трох вышэйшых навучальных установах краіны, а таксама ў Расіі, у акадэміі грамадзянскай абароны. Шмат увагі надаецца профільнай падрыхтоўцы моладзі для таго, каб яшчэ са школьных гадоў з’арыентаваць на службу ў падраздзяленнях па надзвычайных сітуацыях. Такая падрыхтоўка ў навучальных установах раёна праводзіцца ўжо больш за 10 гадоў. Актыўна праходзяць профільныя факультатыўныя заняткі ў СШ №1. Між іншым, у вучняў, якія наведваюць гэтыя заняткі, ёсць рэальная магчымасць стаць у будучым выратавальнікам. Такія прыклады ў раёне ёсць. Так, выпускнік профільнага класа Юрый Марук працуе цяпер у райаддзеле па надзвычайных сітуацыях дыспетчарам цэнтра аператыўнага ўпраўлення і завочна працягвае навучанне ў Гомельскім інжынерным інстытуце. Але самае галоў­нае, калі ў некага ёсць мара стаць выратавальнікам, — з малых гадоў берагчы сваё здароўе, фізічна развівацца і выпрацоўваць вытрымку і сілу волі.
Святлана МАКСІМУК.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 18.01.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


www.best-cooler.reviews

www.101binaryoptions.com

www.seotexts.com