Ля штурвала школьнага карабля

У апошні час шмат вядзецца размоў пра паняцце «сучасны». Кожны ў значэнне гэтага слова ўкладвае сваё асабістае разуменне і ўспрыняцце рэчаіснасці. Сучасным можа быць усё без выключэння. Сучасны стан дасягненняў навукі, тэхнікі, культуры, літаратуры, грамадства… Гэты рад можна працягваць бясконца. Аднак важнае і значнае месца ў ім займае, напэўна, школа. Менавіта з яе сцен і пачынаецца дарога ў шырокі свет. Дык што такое сучасная школа?
— Наш вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа –сучасная навучальная ўстанова на Маларытчыне,- кажа Марыя Афанасенка, дырэктар, якая ля штурвала школьнага карабля стаіць 3 гады. – 1 верасня 2012 г. мы атрымалі цудоўны падарунак – новую двухпавярховую школу. 9 вучэбных кабінетаў. Цудоўны камп’ютарны клас з суперсучасным абсталяваннем. Сталовая, чытальная зала, кнігасховішча, актавая зала, медыцынскі кабінет, шыкоўны стадыён, пляцоўка для вывучэння правілаў дарожнага руху, тэнісны корт… І ўсё гэта для 74 вучняў (яшчэ 14 чалавек знаходзяцца ў дзіцячым садку) і 22 педагогаў для заняткаў у адну змену. Пра такія ўмовы працы і вучобы не толькі мы, але і ўсе жыхары Гвозніцы марылі не адзін год.
Марыя Міхайлаўна пераканана, што школа трымае вёску, сілкуе яе, надае веры, аптымізму і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні ўсім жыхарам населенага пункта…
— Пакуль ёсць школа, Гвозніца жыве, — гаворыць Марыя Афанасенка. –Навучальная ўстанова на вёсцы – яе аснова, пульс, па якім звяраецца жыццё, робяцца прагнозы і планы на будучае. Засмучае тое, што, напрыклад, 4 гады таму вучняў у Гвозніцы было на 30 чалавек больш, чым цяпер. Калі за ўвесь 2012 г. нарадзілася 10 дзяцей у нашым мікрараёне, то за 2013 г. — толькі 4. Трое з іх – дзеці работнікаў школы. У нас ёсць свой аўтобус. Мы падвозім 9 дзяцей з Брадзяціна і Арлянкі. На жаль, з вёсак Язвін і Багуслаўка няма каго вазіць на заняткі… Для вучняў школы створаны ўсе неабходныя ўмовы для набыцця трывалых ведаў. Працуе 9 гурткоў па розных накірунках дзейнасці, у тым ліку – 2 спартыўныя.
За тры апошнія гады вучні Гвозніцкага д/с-СШ паказалі добрыя вынікі на прадметных алімпіядах рознага ўзроўню. Самых высокіх дасягнула ў 2010 і 2011 гг. Ганна Афанасенка. Двойчы яна была ўзнагароджана дыпломам 2-й ступені на рэспубліканскай алімпіядзе па беларускай мове. Ганна Афанасенка і настаўніца беларускай мовы і літаратуры Дзіяна Васільеўна Мароз з’яўляліся лаўрэатамі прэміі Брэсцкага аблвыканкама і стыпендыятамі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адоранай і таленавітай моладзі за 2010 і 2011 гады.
Гвозніцкі д/с-СШ славіцца сваімі спартыўнымі традыцыямі і дасягненнямі. Іван Лук’янчук, вучань 11 класа, да прыкладу, нядаўна заняў 2 месца на абласных спаборніцтвах і 3 – на рэспубліканскіх па спартыўнай хадзьбе. Акрамя таго, ён стаў пераможцам Кубка краін Балтыі. Дзмітрый Лук’янчук, вучань 10 класа, заняў 1 месца ў абласных спаборніцтвах. Абнадзейвае і Марыя Кавальчук, вучаніца 8 класа, якая сёлета ў абласных спаборніцтвах па спартыўнай хадзьбе на розных дыстанцыях заняла 2 і 3 месцы.
Спартыўнай хадзьбой у Гвозніцы сур’­ёзна займаюцца 24 вучні 2-11 класаў. Захапіў дзяцей гэтым відам спорту трэнер ДЮСШ Сяргей Астапук. Падтрымлівае цікавасць да заняткаў фізічнай культурай і спортам настаўнік фізічнай культуры Валерый Чырко. У 2012 і 2013 гг. каманда школы-сада заняла 1 месца ў Маларыцкім міжнародным марафоне, лёгкаатлетычным кросе. У час дабрачыннай рэспубліканскай акцыі “Спартсмены – дзецям”, якая нядаўна прайшла на Маларытчыне, юныя спартсмены з Гвозніцы былі ўшанаваны на сцэне ГДК.
* * *
Марыя Афанасенка нарадзілася ў Разані (Расія) у сям’і служачых. Яе бацька і маці пасля заканчэння Ра­занскага радыётэхнічнага інстытута працавалі інжынерамі-канструктарамі ў г. Арзамас (Ніжнягародская вобласць)– распрацоўвалі рэактыўныя рухавікі для ваенных самалётаў. Затым сям’я пераехала ў Брэст, на радзіму бацькі. Міхаіл Уладзіміравіч і Вольга Уладзіміраўна Макарукі ўладкаваліся на працу ў Брэсцкі чыгуначны тэхнікум. Маці ў гэтай установе адукацыі ўсё працоўнае жыццё аддала выкладчыцкай справе. А бацька спачатку быў загадчыкам аддзялення, а затым быў назначаны на пасаду дырэктара Брэсцкага чыгуначнага тэхнікума. На гэтай пасадзе ён прапрацаваў ажно 20 гадоў.
Марыя Міхайлаўна закончыла з залатым медалём СШ №16 г. Брэста, біялагічны факультэт БДУ з адзнакай. З атрыманай спецыяльнасцю “Біёлаг. Выкладчык біялогіі і хіміі” на першае месца працы паехала па размеркаванні на радзіму мужа ў вёску Ламавічы Акцябрскага раёна Гомельскай вобласці. У Ламавіцкай сярэдняй школе выкладала біялогію. Праз год у гэтай жа ўстанове адукацыі стала намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце.
У гэты час муж Уладзімір Якаўлевіч, які таксама закончыў біялагічны факультэт БДУ, працаваў памочнікам ляснічага. Сям’я жыла ў службовай кватэры пры лясніцтве. Афанасенкі трымалі гаспадарку: курэй, гусей, качак, свіней, апрацоўвалі прысядзібны ўчастак, вырошчвалі ага­родніну. Уладзімір Якаўлевіч вырашыў атрымаць другую вышэйшую адукацыю ў тэхналагічным універсітэце. У час адной з сесій разгаварыўся з работнікам Брэсцкага лясгаса, які таксама набываў лясную адукацыю. Ён і прапанаваў працу на Брэстчыне. У той час стварыліся 3 новыя лясніцтвы. Неабходны былі спецыялісты. Уладзімір Якаўлевіч пасля роздумаў усё ж такі рызыкнуў паехаць на новае месца працы.
— Я была супраць пераезду, — кажа Марыя Афанасенка. – Але на гэтым настойвала і маці мужа. Уладзімір Якаўлевіч стаў працаваць ляснічым у Гвозніцкім лясніцтве, а я ў Гвозніцкай СШ — намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце і адначасова настаўнікам біялогіі і хіміі.
Спачатку ўзніклі цяжкасці з жыллёвымі ўмовамі. Адразу сям’я жыла ў бацькоў Марыі Міхайлаўны. На працягу некалькіх месяцаў Уладзімір Якаўлевіч штодзень з Брэста ездзіў на працу ў Гвозніцу. На вучобу ў школу вазіў і дачку Ганну. Потым 6 гадоў сям’я па найму жыла ў невялікім вясковым доме. Палёгку атрымалі тады, калі СВК выдзеліў Афанасенкам службовае жыллё – трохпакаёвы дом. Але з самага пачатку жыцця ў Гвозніцы ўсе цяжкасці дапамагалі пераадольваць людзі, якія акружалі Марыю Міхайлаўну і Уладзіміра Якаўлевіча: новыя сябры, калегі, аднавяскоўцы. Маларытчына гасцінна прыняла гэтую сям’ю і ўжо 13 гадоў нікуды не адпускае.
* * *
— Я люблю сваю справу, — гаворыць Марыя Міхайлаўна. – Атрымліваю задавальненне і асалоду ад таго, калі бачу, што гвозніцкія хлопчыкі і дзяўчынкі разумеюць законы прыроды і чалавечага грамадства, якія неабходны для іх далейшага жыцця, сталеюць, мужнеюць, умеюць самастойна знайсці выйсце са складанага становішча. Пераканана, што ўсе нашы выпускнікі знойдуць сваю жыццёвую сцежку, трывала стануць на ногі, смела і ўпэўнена пакрочаць наперад. У кожным вучні імкнуся знайсці станоўчае, тое, за што можна было б пахваліць яго, падахвоціць. Ва ўсім – наколькі гэта магчыма — імкнуся быць справядлівай і шчырай. Вучні не даруюць фальшу. Прытрымліваюся прынцыпу: спачатку навучы, а толькі пасля спытай. У сваіх калегах бачу надзейных памочнікаў, паплечнікаў, дарадцаў і сяброў. Можна не сумнявацца, што даручаная справа будзе выканана імі ў тэрмін і якасна. Магу дараваць усё, акрамя чалавечай подласці і здрады. Сябе лічу кіраўніком, якому яшчэ неабходна шмат чаму вучыцца. Ведаю, у чым мне трэба і самаўдасканальвацца. У наш час стаяць на адным месцы і жыць толькі сённяшнім днём нельга. Неабходны паступальны рух наперад. Хочацца, каб установа адукацыі, якую ўзначальваю, адпавядала азначэнню сучасная школа і па змесце, і па форме. Сапраўдны кіраўнік павінен ведаць, што для гэтага неабходна зрабіць.
* * *
Марыя Афанасенка – асоба шматгранная. Яна не толькі вырашае праблемы школы ў складзе Брэсцкага абласнога савета кіраўнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, але знаходзіць час і для сваіх шматлікіх захапленняў.
Яна з задавальненнем займаецца плаваннем. Акрамя таго, добра страляе з пнеўматычнай вінтоўкі. На раённых спартакіядах педагагічных работнікаў у гэтым відзе спорту не раз займала прызавыя месцы.
Марыя Міхайлаўна – чалавек музычна адораны. Яна закончыла музычную школу, цудоўна іграе на фартэпіяна.
— Да клавішаў дакранаюся тады, калі таго патрабуе душа. Музыка ўзвышае над будзённасцю, дазваляе забыць пра штодзённыя турботы, праблемы. Бліжэй за ўсё творы Бетховена, Моцарта, Чэрні… Асабліва падабаюцца “Лунная соната”, п’еса “К Элизе”, розныя музычныя эцюды. За фартэпіяна сядаю і для таго, каб не забыць нотную грамату.
У Марыі Афанасенка прыгожы голас. У вольны час любіць напяваць песні з савецкіх кінафільмаў і бардаўскія.
— У час маладосці ў нас з мужам быў своеасаблівы сямейны дуэт. Уладзімір Якаўлевіч іграў на гітары, а я спявала. Разам часта выступалі на розных канцэртах.
Калі ў школе не было музычнага кіраўніка, то яго замяняла Марыя Міхайлаўна. Ды і зараз пры неабходнасці яна лёгка і проста можа падабраць любую патрэбную мелодыю. А яшчэ навучылася танцаваць гвозніцкія танцы і развучвае іх з вучнямі да фестываляў “Радавод”.
Не можа Марыя Афанасенка і без лесу. У цёплую пару года яе стыхія – грыбы. Разам з мужам, дачкой Ганнай і сынам Андрэем у выхадныя яны едуць на ціхае паляванне.
— Мы ідзем у лес не толькі дзеля збору грыбоў. Гэта яшчэ і актыўны адпачынак. Прайсціся ўсёй сям’ёй па лесе пешшу, пачуць яго гукі, надыхацца водарам дрэў і траў – неймаверныя радасць і задавальненне. Такія “лясныя набегі” згуртоўваюць сям’ю, дораць радасць зносін.
А яшчэ Марыя Міхайлаўна — клапатлівая гаспадыня. Вяжа, шые,вырошчвае разнастайныя пакаёвыя кветкі: шматлікія фіялкі, глаксініі, цыкламены, бягоніі, якімі ўпрыгожаны і кабінеты школы, гатуе смачныя стравы, асабліва – з рыбы, мяса і цеста… Усяму гэтаму навучылася яна ад сваёй маці, якая не раз казала, што неабходна ўмець рабіць усё ў жыцці. Кулінарныя шэдэўры на стале – звычайная з’ява ў доме Афанасенкаў. Але самымі смачнымі і карыснымі для здароўя Марыя Міхайлаўна лічыць стравы, прыгатаваныя ў рускай печы. Гэтаму яе навучыла маці мужа, калі жылі на Гомельшчыне. На жаль, у сучасным доме печы няма.
Трэба заўважыць, што заслона ў актавай зале школы з’явілася пасля яе адкрыцця. Яна пашыта Марыяй Афанасенка і старшынёй прафкама Ларысай Чырко, якія сталі і дызайнерамі, і швачкамі. Зайшоўшы ў актавую залу, нельга не звярнуць на яе ўвагу і не залюбавацца. Прыгожа, стыльна і для бюджэту школы эканомія. У Гвозніцкай школе ведаюць кошт заробленаму рублю. Вучні і педагагічны калектыў – частыя памочнікі і ў Гвозніцкім лясніцтве, і ў мясцовым СВК. Гэтыя сувязі традыцыйна трывалыя і ўзаемавыгадныя.
* * *
Ці лёгка быць капітанам школьнага карабля? Рытарычнае, напэўна, пытанне. У Гвозніцы ля штурвала стаіць Марыя Афанасенка – чалавек сучасны, яркі, творчы, ініцыятыўны, які можа і ўмее за сабою павесці. Яна па-майстэрску і ўмела накіроўвае карабель наперад, пазбягаючы падводных цячэнняў, рыфаў, штормаў. Педагагічнаму і вучнёўскаму калектыву за яе плячыма спакойна, упэўнена. Азімут іх сумеснага руху — сучасная школа. Па сутнасці, сёння такім Гвозніцкі д/с-СШ і з’яўляецца.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымках: Марыя Афанасенка, дырэктар Гвозніцкага д/с-СШ.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано в «ГЧ» 22.01.2014 г.

Добавить комментарий


http://cialis-viagra.com.ua

farm-pump-ua.com

http://velomarket.org.ua/stati/kak-prodlit-resurs-transmissii-kataya-v-tri-tsepi/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!