КАБ НЕ ЗНІКАЛІ ТРАДЫЦЫІ

Правільна нехта сказаў: толькі той, хто побач з простым чалавекам, заслугоў­вае права называцца і быць дэпутатам. Што значыць для Валянціны Гатоўчыц, дэпутата Чарнянскага сельскага Савета, якім яна з’яўляецца ўжо другое скліканне, яе дэпутацкі хлеб? Хутчэй за ўсё, гэта яе паўсядзённая работа, будні.
— Так па жыцці склалася, што я ўвесь час працую з людзьмі, — гаворыць Валянціна. – І гэта самая лепшая магчымасць ведаць праблемы і клопаты сваіх падначаленых. Таму дэпутацтва для мяне – гэта яны, гэта мая вёска, дзе я гадавалася і жыву.
І працягнуць руку дапамогі сваім выбаршчыкам, а гэта жыхары вёскі Дарапеевічы, Валянціна заўжды гатова. Усе іх просьбы і праблемы яна ўспрымае як свае, узнімае іх на сесіях сельскага Савета. Датычацца яны, скажам, пашырэння тэрыторыі мясцовых могілак, а пытанне гэтае паўстала востра, ці зносу старых аварыйных дрэў, ці дапамогі адзінокаму старому чалавеку ці нечага іншага. Прыклады можна пералічваць яшчэ і яшчэ. І няхай камусьці яны здадуцца нязначнымі і не заслугоўваюць увагі, але за кожнай праблемай стаіць канкрэтны чалавек.
Валянціна вельмі любіць сваю вёску. У СВК “Дара­пеевічы” больш чым 10 гадоў адпрацавала брыгадзірам паляводчай брыгады, цяпер – кладаўшчык у гарод­нінасховішчы. Увесь час, як падкрэсліла, з людзьмі. Умее ладзіць. І падначаленыя яе паважаюць за прынцыповасць, справядлівасць, неабыякавасць, парадак ва ўсім.
Валянціна рада бачыць, што родная вёска за апошнія гады адбудавана, што гаспадарка, дзе яна працуе, дынамічна і ўпэўнена развіваецца, што вёска славіцца сваімі багатымі культурнымі і народнымі традыцыямі, што менавіта тут, у Дарапеевічах, жыве народны майстар Беларусі. Дарэчы, яе маці – Сцепаніда Аляксееўна Сцепанюк. Што тут, у СВК “Дарапеевічы”, пасля заканчэння ВНУ працуе інжынерам-будаўніком яе сын Сяргей. Ды сама дэпутат – чалавек творчы і натхнёны. Яна, як і маці, вельмі любіць ткацтва.
— Вядома, да мамінага ўзроўню мне не дарасці, у яе асобы талент, але я ўсё жыццё дапамагала ёй, і справу гэтую ведаю нядрэнна.
Таму і Валянціна ра­зам з маці з ахвотай пад­трымалі ініцыятыву культработнікаў раёна адкрыць у мясцовым Доме культуры Дарапеевіцкую школу творчасці, а ў ёй – клас ткацтва. Яны разам яго абуладкавалі – кінулі кліч па вёсцы, і жыхары прынеслі сюды шмат цікавых рэчаў старадаўняга стылю. Цяпер Валянціна тры дні на ты­дзень, вечарамі, навучае мясцовых дзетак ткацтву.
— Хочацца, каб традыцыі вёскі жылі і не знікалі, тым больш, што ў дзяцей ёсць цікаўнасць да гісторыі, да спадчыны. І гэта добра. Мабыць, камусьці пасля нас захочацца працягнуць справу.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: Валянціна ГАТОЎЧЫЦ, дэпутат Чарнянскага сельскага Савета.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 1.02.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.