Прызёрамі абласнога этапу алімпіяд сталі 12 вучняў школ раёна, 5 з іх — вучні сельскіх школ

Алімпіяда – гэта не толькі своеасаблівы вынік работы кожнага настаўніка і ўсяго педагагічнага калектыву ўстановы адукацыі з адоранымі і таленавітымі дзецьмі на ўроках і ў пазаўрочны час праз розныя факультатыўныя заняткі, гурткі, клубы… Гэта яшчэ і паказчык развіцця ў вучняў творчых адносін да прадмета па-за межамі адукацыйнай праграмы, магчымасць праявіць цікавасць да самастойнага пошуку інфармацыі. Алімпіяда – той від разумовай дзейнасці, дзе зацікаўленасць настаўніка і вучня цесна звязаны паміж сабой, іх агульны рух да пазнання нязведанага ідзе ў адным накірунку. Менавіта так імкнуцца на працягу ўжо некалькіх апошніх гадоў працаваць педагогі Маларытчыны.
Нядаўна на трэцім этапе рэспубліканскіх прадметных алімпіяд каманда Маларытчыны была прадстаўлена 36 вучнямі з 9 устаноў адукацыі па 15 прадметах. Выступленне юных інтэлектуалаў было ўдалым: дыпломаў рознай ступені сёлета заваявана на адзін больш, чым у мінулым годзе. Прызёрамі абласнога этапу сталі 12 вучняў, 5 з іх – вучні вясковых школ. На жаль, у скарбонцы каманды з Маларыцкага раёна па выніках выступлення на абласных алімпіядах 2014 г. не аказалася ні аднаго дыплома І ступені.
Дыпломамі ІІ ступені за свае трывалыя веды ўзнагароджаны 2 вучні: Віталь Дайнека (астраномія, 11 клас) і Ганна Кавальчук (беларуская мова і літаратура, 11 клас) з СШ №2 райцэнтра. Уладальнікамі дыпломаў ІІІ ступені стала адразу 10 чалавек з 5 устаноў адукацыі Маларытчыны. З раённай гімназіі гэта — Андрэй Струнец (тэхнічная праца, 9 клас), Дзіяна Чыкіта (біялогія, 9 клас), Сяргей Гарачкін (біялогія, 11 клас), Сафія Шараварына (грамадазнаўства, 11 клас); з Дарапеевіцкага д/с-СШ – Арцём Пацяюк (хімія, 10 клас); з СШ №2 – Ілья Хапалюк (астраномія, 11 клас); з Ланской СШ – Яўген Карпук (фізіка, 9 клас) і На­дзея Казачук (абслуговая праца, 9 клас); з Олтушскай СШ – Вікторыя Канашук (гісторыя, 10 клас) і Руслана Сымонік (грамадазнаўства, 10 клас).
— На Маларытчыне ста­більная сітуацыя па коль­касці атрыманых дыпломаў на ІІІ этапе рэспубліканскіх алімпіяд, — кажа Таццяна Лаўрэенка, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. — На працягу апошніх 6 гадоў вучні ўстаноў адукацыі раёна за свае веды ўзнагароджваюцца 10-13 дыпломамі рознай ступені. Мы праводзім работу, каб іх стала больш.Сёння неабходна скіроўваць увагу менавіта на пытанні павышэння якасці адукацыі. Гэта – адзін з прыярытэтных накірункаў нашай працы. У павелічэнні колькасці дыпломаў на абласной алімпіядзе павінны паспрыяць і рэсурсныя цэнтры (кансультацыйныя пункты) па рабоце з адоранымі дзецьмі па беларускай мове і літаратуры, рускай мове і літаратуры, біялогіі, матэматыцы, гісторыі (на базе раённай гімназіі), а таксама фізіцы, абслуговай працы (на базе СШ №2), якія сталі дзейнічаць са снежня мінулага года. Заняткі з вучнямі 8-11 класаў па суботах право­дзяць настаўнікі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, якія маюць багаты вопыт работы з высокаматываванымі вучнямі і падрыхтавалі дыпламантаў абласных і рэспубліканскіх алімпіяд. На такіх занятках свае веды паглыбляюць не толькі вучні гарадскіх устаноў адукацыі, але і вясковых.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: шчаслівыя ўладальнікі дыпломаў трэцяга этапу рэспубліканскіх алімпіяд з устаноў адукацыі Маларытчыны.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 1.02.2014 г.

Добавить комментарий


best-cooler.reviews
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!