“ЗАХОДЗЬЦЕ, РАДЫ ВАМ!”

Каляды вяртаюць нас да вытокаў, быццам напамінаюць, што мы – беларусы. У час гэтых зімовых свят калядоўшчыкі ідуць у госці, віншуюць сваіх знаёмых, блізкіх, родных, спяваюць песні, выказваюць пажаданні. На калядным стале мноства смачных ласункаў, то тут, то там у вёсцы чутны смех, песні, залівіста іграе гармонік. Сёлета жыхары в. Ужова, акрамя сваіх мясцовых калядоўшчыкаў, прымалі і шматлікіх гасцей з іншых раёнаў нашай вобласці, а таксама з суседняй Польшчы. У прыватнасці, фальклорны гурт “Жэмэрва” і фальклорна-этнаграфічны гурт “Пудляшанкі”, народны тэатр гумару, гульні і песні “Хмелеўскія валацугі” і ўдзельнікаў дзіцячага клуба аматараў фальклору “Дараносіца” з Жабінкаўскага раёна, народнага ансамбля песні “Хаціславяне” і калядны гурт раённага метадычнага цэнтра “Хадакі”. Гэта быў заключны этап праекта “Вёска, якая не павінна знікнуць” пры фінансавай падтрымцы нямецкага фонду “Памяць. Адказнасць. Будучыня” сумесна з міжнародным грамадскім аб’яднаннем “Узаемаразуменне”. З вялікім задавальненнем усе яны наведвалі дамы вяскоўцаў з песнямі, віншаваннямі. То тут, то там чутна было гармонік, здавалася, што добры настрой разліўся па ўсім наваколлі. “Добры вечар, шчодры вечар!, “Ці дазволіце пакалядаваць?” – можна было пачуць то ў адной, то ў другой хаце, дзе адказвалі: “Заходзьце, даўно вас чакаем!”.
У гаспадароў выступалі слёзы радасці ад шчырых слоў віншаванняў, а можа, ад сустрэчы з маладосцю, калі самі былі калядоўшчыкамі. У прыўзнятым настроі і з прыемнымі ўражаннямі артысты вярталіся ва Ужоўскі Дом фальклору, дзе іх чакала сустрэча з гледачом: тут пачынаўся канцэрт усіх калядных гуртоў.
Адкрыла яго загадчыца аддзела традыцыйнай культуры Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Ларыса Быцко – чалавек, улюбёны ў нашу народную традыцыйную культуру, чалавек, які ўносіць вялікі ўклад у развіццё і зберажэнне нашай народнай спадчыны.
…На канцэртную пляцоўку выходзяць гурты “Хаціславяне” і “Хадакі”. Яны спяваюць калядныя песні, водзяць за сабою “козачку”, якая, “дзе ходзіць, там і жыта родзіць”, “дзе каза хвастом, там жыта кустом”, і наогул, “дзе каза бывае, там шчасце вітае”. А хаціслаўская цыганка дае парады, што трэба зрабіць, каб не застацца халасцяком, ці як маладой дзяўчыне знайсці свайго суджанага. Выходзяць на сцэну і жабінкаўскія артысты, якія сваім запалам, гумарам і песняй зачаравалі гледача. Не абышлося тут і без галоўнай медыцынскай сястры, якая давала парады, як трымаць сябе ў добрай форме, колькі трэба выпіць, каб не трапіць у вароты суседкі.
Шчырымі апладысментамі віталі гледачы і гасцей з Польшчы. Іх выступленне адрознівалася духоўнасцю, аўтэнтыкай. Пажылыя жанчыны разам са сваім кіраўніком Дарафеем Фіанікам імкнуліся данесці да гледача ўсю прыгажосць духоўных песнапенняў, што краналі душу і сэрца. А калі на пляцоўку выйшаў казачны герой свята Мядзведзь, зала яшчэ больш ажывілася. Усе пусціліся ў скокі: падэспань, кракавяк, польку. У маленькай зале Дома фальклору не было свабоднага месца, каб танчыць. Але, як кажуць, у цеснаце – не ў крыўдзе.
Яшчэ доўга гучала народная музыка, ногі самі цягнуліся да танцаў.
Напрыканцы свята былі ўручаны ганаровыя граматы і салодкія падарункі ўсім артыстам. Словы падзякі былі выказаны і дырэктару Дома фальклору Святлане Пятручык, якая прымала самы актыўны ўдзел у свяце, была арганізатарам і натхняльнікам калядак ва Ужове.
Лідзія КІВАЧУК, дырэктар раённага метадычнага цэнтра, удзельніца гурта “Хадакі”.
НА ЗДЫМКУ: удзельнікі гуртка «Хадакі».

Опубликовано в «ГЧ» 1.02.2014 г. 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


www.pharmacy24.com.ua

ry-diplomer.com

http://oncesearch.com