99 навучэнцаў дзіцячай школы мастацтваў (з іх 26 у сельскай мясцовасці) цалкам вызваленыя ад платы за навучанне

Сваю гісторыю Маларыцкая дзіцячая школа мастацтваў бярэ ў 1964 г. як філіял Кобрынскай музычнай школы. Тады яе наведвала толькі 20 чалавек. Афіцыйна ўстанова свае дзверы адкрыла 1 верасня 1965 г. з колькасцю 67 навучэнцаў. Пад яе быў перададзены будынак Дома піянераў. У 1969 г. у школе ўжо займалася 100 чалавек па класе фартэпіяна, баяна і акардэона. Важным стаў 1973 г., калі адкрыліся філіялы ў вёсках Олтуш і Макраны. 1 верасня 1999 г. установа атрымала статус школы мастацтваў, а ў 2010г. музычныя школы вёсак Олтуш, Хаціслаў, Чарняны былі рэарганізаваны ў філіялы Маларыцкай дзіцячай школы мастацтваў.
За час існавання школы мастацтваў яе закончыла больш за тысячу чалавек, 150 навучэнцаў працягнулі навучанне ў вышэйшых навучальных установах культуры, 25 былых выпускнікоў у цяперашні час працуюць у школе.
— Асноўная мэта спецыялістаў нашай установы — выяўленне і адбор таленавітых дзяцей, — кажа Ірына Пятрухіна, дырэктар школы мастацтваў. — Настаўнікі замацаваны за пэўнымі класамі сярэдніх школ. Паспяхова працуе падрыхтоўчае аддзяленне па ўсіх накірунках дзейнасці. Для якаснай адукацыі, рэалізацыі творчых магчымасцяў і задум адораных дзяцей рэгулярна праводзяцца адкрытыя і тэматычныя ўрокі, класныя і пазашкольныя мерапрыемствы.
— Ірына Эдуардаўна, якімі ў творчым плане для школы мастацтваў былі мінулыя гады?
— Удалымі і плённымі. Сёння ў школе функцыянуюць 17 вучнёўскіх і 5 педагагічных калектываў, з іх 7 — у філіялах. Два калектывы маюць званне “ўзорны” і “народны”.Паказчыкам эфектыўнай рэалізацыі адукацыйных праграм школы мастацтваў з’яўляецца ўдзел нашых вучняў у абласных, рэспубліканскіх, міжнародных конкурсах і фестывалях. На працягу 2013г.у конкурсах прыняло ўдзел 120 навучэнцаў, атрымана 23 дыпломы, 24 граматы, 1 гран-пры, 7 лістоў падзякі, 20 прызоў, 10 сертыфікатаў ўдзельніка.
Варта нагадаць, што 3 і 4 мая 2012г. на базе нашай школы прайшоў абласны семінар-практыкум дырэктараў дзіцячых школ мастацтваў па тэме “Фарміраванне мастацка-эстэтычнага выхавання навучэнцаў дзіцячай школы мастацтваў праз розныя накірункі дзейнасці”.
У маі 2012г. школа прызнана пераможцай у спаборніцтве сярод устаноў культуры Брэсцкай вобласці, узнагаро­джана ганаровым дыпломам і прэміяй у памеры 10 мільёнаў рублёў за дасягнутыя высокія паказчыкі ў сацыяльна-эканамічным развіцці па выніках работы за 2011г.
— Ірына Эдуардаўна, колькі цяпер у школе мастацтваў навучэнцаў?
— На 1 верасня 2013 г. у нас займалася 339 навучэнцаў, з іх 66 — у філіялах. Навучанне ў нас ажыццяўляецца на інструментальным, харэаграфічным, выяўленчым, эстрадным, вакальным і тэатральным аддзяленнях. Пры школе функцыянуюць тры філіялы ў аграгарадках «Олтушскі», «Хаціслаўскі», «Чарнянскі», працуюць 43 настаўнікі (9 – з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй), з іх 12 — у філіялах. У 2013 г. скончылі школу і атрымалі атэстаты 33 навучэнцы. У першы клас прыняты 91 навучэнец (з іх 12 — у філіялах), што на 10 чалавек больш, чым у 2013 г.
— Які кошт навучання за месяц у школе мастацтваў?
— Дзяржава падтрымлівае развіццё творчых здольнасцей дзяцей. Бацькі за атрыманне дадатковай адукацыі сваіх дзяцей у школах мастацтва аплачваюць не ўсю суму, якая затрачваецца дзяржавай на іх навучанне. Напрыклад, толькі 60% у горадзе і 40% на вёсцы ад базавай велічыні ўносяць бацькі за навучанне ігры на фартэпіяна, 50% і 30% адпаведна – на народных струнных інструментах.З 1 верасня 2013г. 99 навучэнцаў (з іх 26 — у сельскай мясцовасці) цалкам вызваленыя ад бацькоўскай платы за навучанне.
* * *
— У мяне трое дзяцей наведваюць школу мастацтваў, — гаворыць Наталля Федарук. – Юлія вучыцца іграць на цымбалах, а Вераніка і Маргарыта – на фартэпіяна. За іх навучанне мы нічога не плацім. Усе расходы ўзяла на сябе дзяржава. Аплачвалі толькі заняткі, калі дзеці рыхтаваліся да паступлення. Для нашага сямейнага бюджэту сэканомленыя грошы – добрая падтрымка. Дзякуй дзяржаве за клопат.
Мікалай НАВУМЧЫК.

На здымках: Наталля Забеліна, настаўнік па класе цымбал, і Вольга Краско, настаўнік тэатральнага аддзялення, праводзяць заняткі.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 5.02.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


http://ukrterminal.kiev.ua/

https://velotime.com.ua

www.profshina.kiev.ua/hankook