Акцыя па збору сродкаў на лячэнне Паўліка і Дашы Братчукоў з в. Радзеж працягваецца

Нішто так не правярае нашы маральныя каштоўнасці, нашу душу, як чужое гора. Калі мы ўспрымаем яго, як сваё, калі наша сэрца шчыміць ад болю за таго, каму цяжка, у каго бяда, калі імкнемся дапамагчы бліжняму, значыць, не пустая наша душа і дабрыня ў ёй – часты госць.
Скажу шчыра: калі рэдакцыя аб’явіла акцыю па зборы сродкаў для лячэння цяжкахворых дзетак з сям’і Валянціны і Мікалая Братчукоў, нашых землякоў з Радзежа, сумняваліся, што да яе далучыцца такая вялікая колькасць жыхароў нашага горада і раёна. І як прыемна, што мы памыліліся. Ужо на наступны дзень пасля выхаду ў раённай газеце матэрыяла “Усе дзеці – нашы” ўдзельнікамі акцыі сталі многія з нас, асабліва такая катэгорыя, як пенсіянеры. Людзі ішлі ў рэдакцыю, ахвяравалі грошы, прычым немалыя, выказвалі словы падзякі газеце, што не пакінула без увагі такі факт, жадалі здароўя малым Паўліку і Дашачцы, іх бацькам, родзічам, якія аказаліся ў няпростай жыццёвай сітуацыі. Да грамадзян далучаліся працоўныя калектывы, калектывы арганізацый і ўстаноў горада і раёна.
Як стала вядома, у дзень выхаду “раёнкі” індывідуальны прадпрымальнік Васіль Карабейка ўзяў на сябе ініцыятыву і сабраў сродкі ў калектыве прадпрымальнікаў. Гэтак жа паступілі і ў Ляхавецкай сярэдняй школе: педагогамі было прынята рашэнне падтрымаць акцыю. Прычым удакладнілі, што ўсе ахвяраванні з’яўляюцца добраахвотнымі, але ніхто з работнікаў школы не застаўся абыякавым.
Далучыліся да акцыі калектывы такіх арганізацый і ўстаноў, як інспекцыя па падатках і зборах па Маларыцкім раёне, прадпрыемства меліярацыйных сістэм, кансервавагароднінасушыльны камбінат, Олтушская, Ланская, Ра­дзежская школы, Ланская ўрачэбная амбулаторыя, супра­цоўнікі ўпраўлення дзяр­жаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці і інш. А ў Збуражскай школе па ініцыятыве Галіны Андрэеўны Алесік акцыю спалучылі з калядкамі, у якіх удзельнічалі як настаўнікі, так і вучні. Дзякуючы гэтаму была сабрана вялікая сума грошай, якія перадалі асабіста Мікалаю Братчуку. Іх прыклад перанялі і ў вёсцы Перавое, жыхары якой добраахвотна ахвяравалі магчымыя грашовыя сродкі на лячэнне хворых дзяцей. Імёны і прозвішчы ўсіх, хто праявіў міласэрнасць, наўрад ці ўмесціць цэлая газетная старонка.
Ад імя сям’і Мікалая і Валянціны Братчукоў і ад калектыву рэдакцыі райгазеты нельга не выказаць словы шчырай удзячнасці ўсім, хто праявіў чуласць у адносінах да хворых дзяцей.
Нізкі паклон усім вам! Няхай у вашых сем’ях і дамах бу­дзе заўсёды светла ад шчырай радасці, цёпла ад дабрыні вашых сэрцаў. Шчасця ўсім і кожнаму.
* * *
Разам з тым напамінаем, што збор сродкаў на лячэнне Паўла і Дашы Братчукоў працягваецца. Грошы можна перадаваць у рэдакцыю аўтару гэтых радкоў або пералічваць на рахункі.
Дабрачынныя рахункі адкрыты ў філіяле № 614 – г. Мінск, вул. Карбышава, 13, кв. 2; УНП 600052608, МФО 153001520:
— беларускія рублі – транзітны рахунак № 3819382106084 на дабрачынны рахунак № 000108 у аддзяленні № 614/143, бестэрміновы;
— расійскія рублі — транзітны рахунак № 3819382118580 на дабрачынны рахунак № 000090 у аддзяленні № 614/143, бестэрміновы;
— долары ЗША — транзітны рахунак № 3819382118580 на дабрачынны рахунак № 000103 у аддзяленні № 614/143, бестэрміновы;
— еўра — транзітны рахунак № 3819382118580 на дабрачынны рахунак № 000094 у аддзяленні №614/143, бестэрміновы.
Прызначэнне плацяжу: для залічэння на дабрачынныя рахункі, адкрытыя на імя Валянціны Георгіеўны Братчук для лячэння сына Паўла Мікалаевіча Братчука і дачкі Дар’і Мікалаеўны Братчук.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: Дашачка БРАТЧУК.

Опубликовано в «ГЧ» 8.02.2014 г.

Добавить комментарий


www.ukrterminal.kiev.ua

mitsubishi.niko.ua

np.com.ua/teplovoe-oborudovanie/parokonvektomaty.html
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!