У пракуратуры раёна падведзены вынікі работы за мінулы год.

Пра іх — у інтэрв’ю нашага карэспандэнта з пракурорам Раманам ГУЗЮКОМ.

— Раман Яўгенавіч, чым адметны быў леташні год для калектыву раённай пракуратуры?
— Летась нашы работнікі правялі 33 праверкі выканання заканадаўства, з іх 31, альбо 93,4%, аказаліся выніковымі. Гэта сведчыць пра належнае планаванне работы пракуратуры. Не буду загружаць чытачоў шматлікімі лічбамі і паказчыкамі, назаву толькі некаторыя з іх. Па пратэстах пракурора адменена 30 незаконных актаў (у асноўным пастановы аб адміністрацыйнай адказнасці і загады наймальнікаў). Па патрабаванню пракурора ў сувязі з дапушчанымі парушэннямі працоўнай дысцыпліны і неналежным выкананнем працоўных абавязкаў да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты 115 работнікаў і адказных асоб прадпрыемстваў і арганізацый, дзяржаўных органаў. З вінаватых асоб спагнана 33 мільёны 796 тысяч рублёў страт, нанесеных неналежным выкананнем працоўных і службовых абавязкаў. Да адміністрацыйнай адказнасці па актах пракурорскага нагляду прыцягнуты 40 асоб.
У сувязі з тым, што 2013 быў аб’яўлены Годам беражлівасці, у цэнтры ўвагі пракуратуры заставалася выкананне патрабаванняў Дырэктыў №1 і №3 Прэзідэнта РБ. З гэтай нагоды было праведзена 10 праверак. Праверкі і маніторынгі праводзіліся на прадпрыемствах АПК, будаўнічай сферы, дрэваапрацоўчай галіны. З мэтай папярэджання вытворчага траўматызму і надзвычайных сітуацый на вытворчасці работнікі пракуратуры пабывалі практычна на ўсіх прадпрыемствах, якія маюць дачыненне да дрэваапрацоўчай галіны, – Маларыцкім лясгасе, КБА, ТАА “Палетэн люкс”, ЗТАА “Легіёнпрамбуд”, ТДА “Дазір” і “Дэкарт”.
Значная ўвага ўдзялялася захаванню на тэрыторыі раёна заканадаўства аб прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў суб’ектамі прафілактыкі (4 праверкі), барацьбе з п’янствам і наркаманіяй (2 праверкі). Гэтая ўвага была абумоўлена ростам на 18,3% на працягу года зарэгістраваных на тэрыторыі раёна злачынстваў. Праверкі паказалі, што мясцовыя органы ўлады не выкарыстоўваюць у поўнай меры магчымасці грамадскіх аб’яднанняў і фарміраванняў, у першую чаргу, добраахвотных дружын. Прымаемыя ж выканкамамі рашэнні па пытаннях прафілактыкі не заўсёды ўтрымлівалі канкрэтныя мерапрыемствы, здольныя паўплываць на крымінагенную сітуацыю, якая складвалася. У той жа час, аналізам саставаў зарэгістраваных злачынстваў устаноўлена, што рост іх адбыўся ў асноўным за кошт крадзяжу транспарту (з 1 да 10). Пры гэтым у пераважнай большасці выпадкаў крадзяжам садзейнічалі віктымныя паводзіны саміх пацярпелых, пра што я пісаў ужо ў адной са сваіх газетных публікацый. Таксама на рост злачыннасці паўплывала павелічэнне колькасці выяўленых фактаў (з 11 да 18) паўторнага на працягу года кіравання транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап’янення, адказнасць за якое ўстаноўлена арт. 317-1 КК. Гэта можна рас­тлумачыць актывізацыяй работы службы ДАІ РАУС, штат якой летась быў укамплектаваны ў поўным аб’ёме. Цяпер у ёй працуюць 6 супрацоўнікаў.
Па 2 праверкі ў мінулым годзе праведзена па пытаннях захавання прыродаахоўнага і зямельнага заканадаўства, заканадаўства аб адміністрацыйнай адказнасці. Як станоўчы момант, можна адзначыць тое, што судом раёна задаволена 27 пратэстаў пракурора на незаконныя пастановы аб адміністрацыйнай адказнасці, вынесеныя іншымі органамі, якія вялі адміністрацыйны працэс.
— Фізічныя і юрыдычныя асобы нярэдка звяртаюцца ў праваахоўныя органы з іскамі аб спагнанні запазычанасці на сваю карысць з вінаватых. Наколькі ўдавалася вырашаць гэтыя праблемы летась?
— Ажыццяўляючы нагляд за адпаведнасцю закону судовых рашэнняў па грамадзянскіх справах, у 2013 г. супрацоўнікі пракуратуры прынялі ўдзел у разглядзе 88 грамадзянскіх спраў, з іх 43 – па сваіх ісках у інтарэсах прадпрыемстваў, арганізацый, дзяржавы, а таксама фізічных асоб. Па ісках пракурора з вінаватых судом спагнана больш за 259,2 мільёна рублёў нанесеных матэрыяльных страт. Задаволены 3 іскі, заяўленыя пракуратурай раёна ў гаспадарчы суд, аб спагнанні на карысць прадпрыемстваў нашага раёна дэбіторскай запазычанасці на агульную суму больш за 246 мільёнаў рублёў.
Хацелася б звярнуць увагу кіраўнікоў суб’ектаў гаспадарання раёна на адсутнасць належнай актыўнасці па спагнанню дэбіторскай запазычанасці, у тым ліку шляхам звяртанняў у пракуратуру раёна з хадайніцтвамі аб прад’яўленні іскавых заяў у абарону іх маёмасных інтарэсаў. Па стану на 1 снежня мінулага года дэбіторская запазычанасць прадпрыемстваў і арганізацый раёна з падпарадкаванасцю рэспубліканскім і мясцовым органам кіравання склала 101079,0 млн. рублёў.
Акрамя таго, падтрымана дзяр­жаўнае абвінавачванне па 70 крымінальных справах у адносінах 73 асоб, што ўчынілі злачынствы. Апраўдальныя прыгаворы па справах, накіраваных пракуратурай раёна летась у суд, не выносіліся.
— Пракуратура – орган, куды нярэдка звяртаюцца грамадзяне па дапамогу. Калі прааналізаваць звароты іх, што найбольш хвалюе нашых жыхароў?
— Летась пракуратура раёна вырашыла па сутнасці 40 зваротаў грамадзян. Палова з іх – са скаргамі на рашэнні, прынятыя РАУС па заявах і паведамленнях аб злачынствах, 6 – па пытаннях парушэння працоўных правоў (палова з іх – па пытаннях аплаты працы), 6 – па пытаннях заканадаўства аб адміністрацыйнай адказнасці, 2 звароты паступілі па пытанню работы са зваротамі грамадзян, 1 – па зямельным пытанні.
Задаволены 2 звароты аб парушэннях працоўнага заканадаўства. Так, напрыклад, 30 мая 2013 г. у пракуратуру звярнуўся стропальшчык ПМК-8 Пішчык П. Ф. аб тым, што з 20.05.2013 г. яму прадастаўлены працоўны водпуск наймальнікам, аднак сярэдні заробак за час водпуску не выплачаны. Заяўнік прасіў правесці праверку і прыняць меры рэагавання. У ходзе праведзенай праверкі Пішчыку П. Ф. выплачаны адпускныя 03.06.2013 г. у поўным аб’ёме. За парушэнне заканадаўства аб працы на прадпрыемства па пастанове пракурора абласным упраўленнем Дэпартамента дзяржінспекцыі працы і сацыяльнай абароны РБ накладзены штраф у суме 10 базавых велічынь. Потым гэтая сума па патрабаванню пракуратуры раёна ўтрымана наймальнікам з вінаватай асобы – галоўнага бухгалтара прадпрыемства.
1 сакавіка 2013 г. у пракуратуру звярнулася Аўдзяюк А. А. з тым, што ПГУП “Юанта” не выплаціла ёй сацыяльную дапамогу па догляду за дзіцём да дасягнення ім узросту 3 гадоў за студзень і люты 2013 г. Па прадпісанню пракуратуры раёна наймальнік выплаціў дапамогу ў поўным аб’ёме. Такім чынам, зварот Аўдзяюк А. А. задаволены.
І гэта толькі нязначная частка праведзенай пракуратурай работы, накіраванай на ўмацаванне законнасці і правапарадку, абарону правоў і законных інтарэсаў грамадзян, юрыдычных асоб, дзяржавы.
— Раман Яўгенавіч, што зроблена ў сферы каардынацыі барацьбы з карупцыяй, якія вынікі дасягнуты ў гэтым напрамку?
— Галоўным вынікам з’яўляецца ўзбуджэнне органамі Следчага камітэта ў 2013 г. дзвюх крымі­нальных спраў па фактах крадзяжоў шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі ў адносінах адказнай асобы ўчастка “Руда” рыбгаса “Сакалова” ААТ “Палессегіправадгас”, а таксама ў адносінах галоўнага бухгалтара Маларыцкага РЦГіЭ. У 2012 г. карупцыйныя злачынствы сіламі праваахоўных і кантралюючых органаў раёна не выяўляліся зусім.
— Што адметнага ў планах пракуратуры раёна на сёлетні год?
— У гэтым годзе, аб’яўленым Годам гасціннасці, запланавана ўдзяліць павышаную ўвагу выкананню мясцовымі сельвыканкамамі заканадаўства па навядзенню парадку на зямлі. У сувязі з ростам вытворчага траўматызму пад пастаянным кантролем застанецца захаванне патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта РБ № 1, а таксама працоўнага закана­даўства. Не застануцца без увагі і суб’екты прафілактыкі, якія займаюцца папярэджаннем зла­чынстваў і правапарушэнняў, у тым ліку непаўналетнімі, а таксама пытанні захавання міграцыйнага заканадаўства і заканадаўства аб дзяржаўнай граніцы, выяўлення лжэпрадпрымальніцкіх структур, эканамічных і карупцыйных злачынстваў.
Ніна СВІЦЮК.

Опубликовано в «ГЧ» 8.02.2014 г.

Добавить комментарий


ukrterminal.kiev.ua

www.apothekegenerika.com/viagra/

www.thailand-option.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!