У гаспадарках раёна пачаліся справаздачныя сходы.

У пятніцу, 7 лютага, такі сход прайшоў у калектыве СВК “Макраны”.

— Вынікі мінулага года, — прызнаўся ў сваім дакладзе старшыня СВК “Мак­раны” Леанід Селех, — нас не радуюць. Па тэмпу росту вытворчасці валавой прадукцыі гаспадарка прырасла толькі на 0,4%. У раслінаводстве дапушчаны найбольшы правал. Гас­падарка недаатрымала ў параўнанні з 2012-м годам 1060 тон зерня. І гэты недабор выклікаў ланцуговую рэакцыю, паўплываўшы на паказчыкі ў раслінаводстве, жывёлагадоўлі і эканоміку гаспадаркі ў цэлым.
Безумоўна, як адзначыў кіраўнік, можна спаслацца на прыроду. Вясна летась значна спазнілася, глеба была пераўвільготненая, многія палі стаялі цалкам у вадзе. Гэта, вядома, не садзейнічала ўраджаю. Але, як заўважыў Леанід Міхайлавіч, праблема яшчэ і ў парушэнні асобных элементаў тэхналогіі. Свае словы старшыня падмацаваў канкрэтным прыкладам таго, як захаванне тэхналагічных працэсаў можа паўплываць на канчатковы вынік. Вясной, калі трэба было праводзіць падкормку рапсу, на палях стаяла вада. Спецыяльнай тэхнікі для работы ў такіх умовах у гаспадарцы няма. Але дапамагла кемлівасць і ўчасткі з рапсам былі своечасова падкормлены. У выніку гэтая культура парадавала ўраджаем і прынесла гаспадарцы больш за 1 мільярд рублёў выручкі. Ці быў бы такі вынік, калі б быў згублены час і не захаваны тэрміны падкормкі? Безумоўна, не. А таму старшыня яшчэ раз засяродзіў увагу на неабходнасці навуковага падыходу да справы, прычым як у раслінаводстве, так і ў жывёлагадоўлі – галіне, на якой трымаецца гаспадарка.
Лакмусавая папера работы гаспадаркі, як падкрэсліў Леанід Селех, гэта вытворчасць малака. Яго летась было рэалізавана дзяржаве 3312 тон, што на 254 тоны больш, чым у 2012 годзе. Таварнасць малака склала 89%. Ад кожнай каровы было атрымана ў сярэднім па 5392 кг малака. Трое аператараў машыннага даення – Алена Сівоха, Марыя Навасадзец і Ірына Алесяюк — у вытворчасці малака перасягнулі ўжо 6-тысячную мяжу. Гэта, як адзначыў старшыня гаспадаркі, радуе і павінна стаць прыкладам і стымулам для іншых. А вось па якасці малака СВК летась здаў свае пазіцыі. Вышэйшым гатункам было рэалізавана толькі крыху больш за 78% малака, 108 тон яго прададзена 2 гатункам. З-за нізкай якасці малака СВК недаатрымала 366 мільёнаў рублёў грашовай выручкі. Да канца лютага, як паведаміў Леанід Міхайлавіч, будзе завершаны перавод жывёлы на новую ферму і ў гаспадарцы будуць рэалізоўваць праграму па паляпшэнні якасці малака. Вышэйшым гатункам і гатункам экстра запланавана сёлета прадаць 90% малака.
— Калі ёсць усе ўмовы, каб атрымліваць якаснае малако, — падкрэсліў кіраўнік гаспадаркі, — мы не маем права працаваць дрэнна.
Але новыя ўмовы, як адзначалася ў выступленні, патрабуюць і новых падыходаў да ўтрымання і кармлення жывёлы. Статак круглы год цяпер будзе знаходзіцца на фермах, а значыць трэба забяспечыць для кармлення жывёлы бесперапынны зялёны канвеер. Акрамя таго, будаўніцтва новых памяшканняў дае магчымасць гаспадарцы павялічыць пагалоўе. Дойны статак, як плануюць у “Макранах”, да канца года будзе налічваць 800 галоў. Акрамя таго, тут зоймуцца адкормам бычкоў, што было немагчыма раней з-за адсутнасці свабодных плошчаў. А значыць павялічыцца і агульнае пагалоўе. Таму планка ў 28,7 цэнтнера кармавых адзінак на 1 умоўную галаву, якая была ўзята летась, сёлета павінна павысіцца. Для таго, каб забяспечыць надзейны запас кармоў, іх трэба нарыхтаваць, як намецілі ў гаспадарцы, не менш чым 35 цэнтнераў кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву.
На сённяшні дзень, як падкрэсліў Леанід Селех, паказчык шчыльнасці жывёлы на 100 гектараў у гаспадарцы вельмі нізкі, усяго 49,2%, у той час, як у сярэднім па раёне гэтая лічба складае 79,3%. З заканчэннем будаўніцтва фермы, калі гаспадарка атрымае яшчэ два памяшканні для ўтрымання жывёлы на 150 і 400 галоў, у СВК з’явіцца магчымасць значна павялічыць пагалоўе. І гэта рэальная магчымасць палепшыць эканоміку гаспадаркі, бо 58,7% ад агульнай выручкі складае менавіта выручка за малако.
— У вас ёсць рэзервы і ў вытворчасці малака, і ў вытворчасці мяса. Патрэбны толькі правільны падыход. Вынікаў дабіцца можна тады, калі будзе дысцыпліна, прафесіяналізм кожнага спецыяліста, новая культура працы, — заўважыў, выступаючы перад удзельнікамі сходу, старшыня райвыканкама Казімір Лапіч.
На сходзе па традыцыі назвалі імёны лепшых работнікаў, тых, хто за сваю працавітасць заслужыў падзякі і прэміі.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час сходу.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 12.02.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


здесь

citroen.niko.ua

Этот нужный веб сайт , он рассказывает про ковролин www.kover-samolet.com.ua