10 год таму назад у нашым райцэнтры пачаў працаваць клуб «Тарнада».

Упершыню пра брэсцкі фізкультурна-спартыўны цэнтр адзінаборстваў “Тарнада” маларытчане даведаліся дзесяць гадоў назад. Менавіта тады ў горадзе пачала працаваць секцыя тхэквандо, і трэнеры клуба набралі першую групу школьнікаў, якія пажадалі вывучаць баявыя мастацтвы. За дзесяцігоддзе клуб падрыхтаваў нямала спартыўных зорачак, якія ўзнімаліся на п’едэсталы не толькі на рэспубліканскіх, але і на еўрапейскіх і сусветных турнірах..
Вядома ж, з першых дзён секцыя ад “Тарнада” імкнулася зацікавіць дзяцей, стварыць сваю надзейную каманду.
— Шмат гадоў сваімі вынікамі і перамогамі мы заваёўвалі рэпутацыю клуба, цяпер нашы дасягненні – лепшая рэклама, — падкрэсліў галоўны трэнер па Брэсцкай вобласці Вадзім Вайцюк, з якім сустрэліся мы за некалькі хвілін да пачатку яго трэніроўкі з маларыцкімі тхэквандыстамі. — Даведаўшыся, што многія выхаванцы “Тарнада” сталі прызёрамі і чэмпіёнамі, да нас пацягнуліся хлопчыкі і нават дзяўчынкі.
Прыйсці займацца ў клуб можа любое дзіця з 5-6 –гадовага ўзросту. Зусім не важна, як адзначаюць трэнеры, ёсць у яго фізічныя задаткі ці няма, галоўнае, каб было жаданне займацца. Асноўная мэта клуба – выпрацаваць у дзіцяці ўпэўненасць у сабе, навучыць абараняцца і абараняць сваіх блізкіх, вядома ж, у рамках закона, выхаваць смеласць і вытрымку і, безумоўна, даць магчымасць выступаць на спаборніцтвах розных узроўняў і дабівацца перамог.
— Мы зацікаўлены ў тым, каб у клуб прыходзілі маленькія выхаванцы. Калі яны ёсць, значыць у клуба ёсць перспектыва. Таленты трэба выхоўваць. Тыя падлеткі, якія сёння выступаюць на спаборніцтвах і паказваюць добрыя вынікі не толькі ў рэспубліцы, але і на сусветным узроўні, прыйшлі ў клуб шасцігадовымі хлопчыкамі. Цяпер, пасля многіх гадоў трэніровак, яны — асноўны касцяк, які дастойна прадстаўляе і клуб, і свой горад, і ў цэлым краіну на розных спаборніцтвах. – заўважае Вадзім Вайцюк.
Трэніроўкі ў “Тарнада” арганізаваны так, што іх цікава наведваць дзецям розных узростаў. Дзякуючы таму, што заняткі з хлопчыкамі і дзяўчынкамі (апошніх у клубе дзве), праводзяць адначасова два трэнеры, трэніровачны працэс атрымліваецца размяжоўваць. Са старэйшымі праводзіць заняткі галоўны трэнер Вадзім Вайцюк, а з маленькімі выхаванцамі цярпліва адпрацоўвае розныя элементы дырэктар цэнтра Аляксандр Буткевіч. Паколькі тэхніка і нагрузкі для кожнага розныя, дзеці адчуваюць сябе камфортна. Толькі адзінкі з тых, хто прыйшоў займацца баявымі мастацтвамі, пакідаюць клуб. Бо тут цікава кожнаму. Трэніроўкі даюць магчымасць узмацніць свой арганізм, падрыхтавацца да будучай службы ў арміі.
— Далёка не кожны падлетак, — дзеліцца думкамі Вадзім Леанідавіч, — самастойна займаецца спортам, толькі некаторыя, адмовіўшыся ад камп’ютарных гульняў, трэніруюцца на турніках. А клуб дае рэальную магчымасць фізічна развівацца, станавіцца мацнейшым.
А яшчэ, як заўважае трэнер, клуб – добры памочнік у выхаванні, бо дзеці заўжды знаходзяцца пад кантролем. І трэнер клапоціцца не толькі пра спартыўныя дасягненні свайго выхаванца, але цікавіцца яго поспехамі ў школе, яго паводзінамі. І калі нешта не так, карае… Прычым пакаранне абавязкова карыснае. Вінаваты ў нечым – давядзецца адціскацца ад падлогі ці выконваць іншыя практыкаванні. А яшчэ значную ролю іграе сама гутарка з трэнерам, бо ён для дзяцей – сапраўдны аўтарытэт.
— Многія лічаць, што калі дзіця вельмі непаседлівае, яго нельга аддаваць у секцыю, дзе вучаць баявым мастацтвам, маўляў, хлопец вырасце хуліганам. Але такім дзецям якраз і месца менавіта ў нашым клубе, бо тут дысцыпліна і ў той жа час тут ёсць магчымасць рэалізаваць сваю энергію з карысцю для сябе. Тут дзеці выхоўваюцца не толькі фізічна, але і духоўна, — перакананы Вадзім Вайцюк.
Праўда, заўважае трэнер, дзецям спачатку вельмі не падабаюцца строгасць, дысцыпліна, некаторыя пачынаюць прасіць бацькоў забраць іх з клуба. Калі бацькі змогуць пераканаць дзіця застацца, праз пэўны час яно само ўжо нізашто не пакіне заняткі і паступова “вырасце” ў спартыўную зорку.
У кожнага з “тарнадаўцаў” добрая фізічная падрыхтоўка, адточаная тактыка вядзення бою, выдатна адпрацаваная тэхніка. Заняткі ў клубе прадугледжваюць комплекснае вывучэнне некалькіх стыляў баявых мастацтваў і спартыўных адзінаборстваў адначасова, што дае магчымасць дзецям удзельнічаць у спартыўных спаборніцтвах па тайландскаму боксу, рукапашнаму бою, кантактнаму каратэ, тхэквандо ITF, в’етвадао, і іншых відах і паказваць добрыя вынікі. Між іншым, перамог, якія былі заваяваны маларыцкімі тхэквандыстамі на спаборніцтвах розных узроўняў, не пералічыць. У красавіку мінулага года юныя спартсмены з “Тарнада” пабывалі на адкрытым чэмпіянаце рэспублікі. Каманда юнакоў заваявала першае месца. Большасць атрыманых цэнтрам медалёў была ў хлопцаў з Маларыты. Пяць маларыцкіх “тарнадаўцаў” удзельнічалі ў маі ў чэмпіянаце свету і ўсе вярнуліся дамоў з медалямі. А ў лістападзе, у чэмпіянаце рэспублікі па в’етвадао, які праходзіў у Магілёве, 30 спартсменаў з цэнтра “Тарнада” заваявалі 24 медалі. І зноў жа большасць узнагарод атрымалі маларыцкія в’етвадаісты. Плануе каманда цэнтра па­ехаць на чэмпіянат Еўропы, які будзе праходзіць у Варшаве, прыняць удзел у чэмпіянаце свету, які будзе праводзіцца ва Украіне. Рэгулярна трэніруючыся, выхаванцы клуба спадзяюцца на поспех. Дарэчы, трэнерам, адпраўляючыся з камандай на спаборніцтвы, ёсць ад каго чакаць новых перамог. Так, Кірыл Крэйдзіч, які ўжо даўно наведвае заняткі ў клубе і мае чорны пояс, другі дан, з’яўляецца 13-разовым прызёрам і чэмпіёнам міжнародных турніраў па тхэквандо, прызёрам і чэмпіёнам рэспублікі па в’етвадао, неаднаразовым прызёрам чэмпіянату свету. Чорны пояс і ва Улада Анішчука, чэмпіёна свету, шматразовага чэмпіёна рэспублікі. Віцэ-чэмпіёнам свету ў поўным кантакце, чэмпіёнам рэспублікі па в’етвадао, прызёрам рэспубліканскіх спаборніцтваў з’яўляецца і Дзмітрый Багута. Юнак, які таксама атрымаў ужо чорны пояс, пачаў займацца ў “Тарнада” яшчэ школьнікам. І хоць школьныя гады для яго ўжо ў мінулым, працягвае наведваць трэніроўкі. Як, між іншым, і Аляксандр Смаль, які ўжо адслужыў армейскую службу, працуе, але развітвацца з клубам не жадае, працягвае трэніравацца і дабівацца перамог. Ён прызёр чэмпіянату свету сярод мужчын, прызёр і чэмпіён рэспублікі. Немалыя надзеі ўскладваюць трэнеры і на юную зорачку – Данііла Новікава. Пяцікласнік Данііл, які займаецца ў клубе з 5-гадовага ўзросту, на нядаўніх рэспубліканскіх спаборніцтвах па в’етвадао стаў чэмпіёнам. Два баі ён выйграў датэрмінова з лікам 10:0. Наперадзе ў Данііла чэмпіянат свету для юніёраў.
Зразумела ж, не ўсе, хто наведвае клуб “Тарнада”, а зараз у ім займаецца больш за 60 дзяцей, стануць чэмпіёнамі. Але спартыўныя заняткі, якія трэніруюць цела і сілу духу, яшчэ ніколі нікому не пашкодзілі. Яны, з упэўненасцю заўважаюць трэнеры, дапамогуць узмацніць здароўе, паверыць у свае сілы і ў будучым зацікавіць здаровым ладам жыцця і цікавымі заняткамі ў спартыўнай зале сваіх дзяцей.
Святлана МАКСІМУК.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА і з архіва клуба.

Опубликовано в «ГЧ» 12.02.2014 г. 

Добавить комментарий


ukrterminal.kiev.ua

profvest.com

farm-pump-ua.com/danabol.html
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!