15 лютага 1989 года апошняя калона савецкіх войскаў перасякла па мосце граніцу з Афганістанам і вярнулася ў сваю краіну.

Гэтая дата адначасова трагічная і гераічная  
Вайна ў Афгане афіцыйна закончылася 15 лютага 1989 г. У адпаведнасці з заключанымі Жэнеўскімі пагадненнямі ў гэты дзень апошні савецкі салдат пакінуў тэрыторыю Дэмакратычнай Рэспублікі Афганістан.
Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў увабраў у сябе горыч вайны, якая працягвалася амаль дзесяць гадоў. Удзел у ёй прымалі і многія нашы землякі. Яны праявілі храбрасць і самаахвярнасць, мужнасць і гераізм, сталі прыкладам сумленнага выканання свайго воінскага абавязку.
— Сёння на тэрыторыі Маларытчыны пражываюць 98 воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія знаходзяцца на ўліку ў раённым ваенным камісарыяце, — гаворыць Алег Шышацкі, ваенны камісар. – З іх 25 з’яўляюцца членамі Маларыцкай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”. Былыя воіны-інтэрнацыяналісты прапісаны на пастаяннае месца жыхарства практычна ва ўсіх населеных пунктах раёна. На жаль, 2 з іх з афганскай вайны жывымі дадому не вярнуліся. Юрый Шэлегейка пахаваны на могілках у Чарнянах, Іван Кіцель -у Дарапеевічах.
— Алег Уладзіміравіч, колькі чалавек з тых, хто служыў у Афганістане, узнагароджаны медалямі і ордэнамі?
— Маларытчане свой інтэрнацыянальны абавязак выконвалі добрасумленна. Многія з іх – прыклад для маладога пакалення. Перакананы, што месца подзвігу заўсёды ёсць у жыцці. Для жыхароў раёна ім стаў Афганістан. На цяперашні дзень на Маларытчыне пражывае 98 чалавек, якія прымалі ўдзел у баявых дзеяннях, з іх — 19 афіцэраў, 8 прапаршчыкаў. Ордэнамі ўзнагароджана 7 афіцэраў і адзін салдат, медалямі – 29 чалавек (6 афіцэраў, 3 прапаршчыкі, 20 салдат). А Васіль Аляксандравіч Шалашоў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалём “За баявыя заслугі”. Раненні на афганскай вайне атрымала 4 чалавекі. Для выканання інтэрнацыянальнага абавязку на службу з раёна прызываліся юнакі, мужчыны з 1952 па 1969 гады нараджэння…
У былых таварышаў па зброі і сёння ёсць агульныя інтарэсы. Іх, афганцаў, аб’ядноўвае раённая арганізацыя ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”. Кожны год 15 лютага воіны-інтэрнацыяналісты знаходзяць у сабе сілы сабрацца разам, каб успомніць былыя ваенныя падзеі, сваіх баявых таварышаў, падтрымаць адзін аднаго.
* * *
Былыя афганцы Маларыцкага раёна таксама на працягу многіх гадоў падтрымліваюць цесныя сувязі з воінамі-інтэрнацыяналістамі з Ратнаўскага раёна Валынскай вобласці Украіны. Не стаў выключэннем і гэты год.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Алег Шышацкі, раённы ваенны камісар.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 15.02.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.