Выпрабаванне Афганам

Аркадзь быў сёмым дзіцем у сям’і. Малодшанькага, як звычайна, больш шкадавалі. А ў армію праводзілі, вядома, вельмі хваляваліся. І калі ваенная камісія настойліва прапанавала юнаку “аказаць сяброўскую дапамогу народу Афганістана”, Аркадзь цвёрда для сябе вырашыў: бацькі, узрост якіх быў ужо далёка не маладым, ні ў якім разе не павінны ведаць, што ён трапіў на вайну. У пісьмах, якія дасылаў сын дамоў, ён расказваў пра тое, як яму служыцца ў пагранічных войсках на мяжы. Праўду ведалі толькі браты і сёстры. Бацькам яна адкрылася толькі тады, калі іх любімы сын вярнуўся дамоў.
Сваю службу Аркадзь Кавальчук пачаў у кастрычніку 1987 года ў Сярэдняй Азіі, куды накіравалі яго ў вучэбны пункт. Тут за тры месяцы неабходна было навучыцца ўсяму, што трэба ў баі кожнаму салдату. Праўда, пра тое, што бу­дзе служыць у Афганістане, даведаўся юнак толькі за тыдзень да адпраўкі на афганскую зямлю. Калі верталёт, разразаючы спякотнае паветра, “прынёс” маладое папаўненне на месца службы, у тое, што яны трапілі на вайну, юнакам яшчэ не верылася. Але першая ноч прымусіла адчуць рэальнасць. У кішлаку, які быў побач, пачалася сапраўдная кананада. Ад выстралаў, пастаяннага грукату Аркадзю не ўдалося заснуць да ранку.
— Але да ўсяго давялося прывыкнуць. Калі не быў на пасту, хацелася спаць, а таму вельмі хутка проста перастаў заўважаць, што побач страляюць, — успамінае воін-інтэрнацыяналіст свае ваенныя будні .
Трапіў служыць Аркадзь Кавальчук ва ўзвод сувязі спецыяльнай групы пагранічных войскаў. Гэтая група забяспечвала рух калон з Афганістана ў Савецкі Саюз, і з Саюза на афганскую тэрыторыю, удзельнічала ў аперацыях па ахове людзей, якія рамантавалі пасля душманскіх дыверсій нафтаправод, праводзіла разведку ў тыле ворага. Галоўнай задачай самога Аркадзя было забеспячэнне сувязі. І хоць быць непасрэдна ў баях байцу так і не давялося, ён добра ведае, што такое абстрэл снайпераў, калі ўцалець можна было, толькі рухаючыся па вырытых акопах, добра памятае, якім небяспечным быў рух калон, калі на замініраваных участках падрываліся машыны. Ды і ўвогуле камандна-штабны БТР, у якім знаходзілася сувязь, заўжды быў жаданай мішэнню для ворага.
— Сувязь пры баявых дзеяннях – гэта адзіная магчымасць перадаць важную інфармацыю, паклікаць на дапамогу. Гэта добра ведаў вораг, а таму стараўся знішчыць менавіта машыну сувязі. Але гэта было няпроста, бо ў калоне гэтая машына рухалася пад прыкрыццём іншых машын. Усе ведалі: згубіць сувязь – гэта значыць згубіць жыццё, — успамінае Аркадзь Сцяпанавіч.
Служба Аркадзя Кавальчука выпала якраз на апошні год афганскай вайны. Ён успамінае, якім прыўзнятым быў настрой, калі даведаліся пра вывад войскаў з Афганістана. У лютым 1989 года на адным з участкаў мяжы трэцяя мотастралковая група, у якой служыў Аркадзь, вярнулася на радзіму, у Савецкі Саюз. Служыць салдату цяпер ужо на мірнай зямлі заставалася яшчэ восем месяцаў.
Хоць прайшло ўжо шмат гадоў, але ўспаміны, як прызнаецца Аркадзь, часам вяртаюць у былое. Летам, калі на двары спякота, успамінаецца афганская пустыня, тыя выпрабаванні, якія трэба было вытрымаць пад пякучымі промнямі сонца. Да новага клімату, як успамінае Аркадзь, прыстасавацца было цяжка. Днём цярпелі ад спякоты, а ўначы даймаў холад. Усё было зусім не так, як на радзіме.
— Там і зямля была чужая, зусім іншая, і расліннасць, і нават неба, нейкае пустое, без адзінага воблачка. Вядома, сумавала душа па родным краі, па сваёй прыродзе, па родных людзях,- задумліва расказвае былы “афганец”.
Пасля армейскай службы ў воіна-інтэрнацыяналіста засталося шмат баявых сяброў. Але паколькі радзімай тады быў увесь Савецкі Саюз, усіх саслужыўцаў раскідала жыццё за сотні і тысячы кіламетраў. Цяпер спрабуе Аркадзь Сцяпанавіч адшукаць іх з дапамогай інтэрнэта. Калі з’яўляецца магчымасць, абавязкова сустракаецца з воінамі-інтэрнацыяналістамі, якія жывуць у раёне. Кожнаму з іх ёсць што ўспомніць, ёсць што расказаць, бо ўсе яны прайшлі адно выпрабаванне вайной.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: былы воін-інтэрнацыяналіст Аркадзь Кавальчук.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 15.02.2014 г. 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


https://monaliza.kiev.ua

посмотреть

У нашей организации классный веб сайт , он рассказывает про погремушка iwashka.com.ua