Радзіму важна ўмець абараняць

На Маларытчыне стартаваў месячнік ваенна-патрыятычнага выхавання, прымеркаваны да 25-й гадавіны вываду савецкіх войскаў з Афганістана, да Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Ва ўрачыстым адкрыцці, якое прайшло на базе СШ №1 райцэнтра, бралі ўдзел: Сяргей Строк, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі; Уладзімір Бойка, старшыня раённага савета ветэранаў; Аляксей Дзямінскі, першы сакратар РК ГА “БРСМ”, а таксама Мікалай Наўрось, ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Мікалай Пятровіч сказаў, што вогненныя саракавыя гады мінулага стагоддзя назаўсёды засталіся ў яго памяці.
— Вы, маладое пакаленне, павінны зрабіць усё магчымае, — падкрэсліў ветэран вайны, — каб вораг ніколі больш не ступаў нагой на тэрыторыю нашай краіны. А для гэтага неабходна вучыцца быць яе абаронцам. Радзіма ў нас адна. Вельмі важна ўмець яе абараняць.
…У рамках месячніка ў раёне запланаваны шэраг разнастайных мерапрыемстваў, накіраваных на патрыятычнае выхаванне маладога пакалення. У ліку найбольш значных — тэматычная сустрэча, прысвечаная 25-й гадавіне вываду савецкіх войскаў з Афганістана “Няхай не цьмее золата пагон”, урачысты сход і святочны канцэрт “Святая справа — Радзіме служыць”, прымеркаваная да Дня абаронцаў Айчыны. Гэтыя і іншыя мерапрыемствы будуць сумесна праводзіцца з удзелам грамадскіх арганізацый “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”, “Беларускі саюз афіцэраў”.
* * *
Месячнік выхаваўча-патрыя­тычнай работы на Маларытчыне адкрыўся правядзеннем першынства раёна па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі. 45 юнакоў дапрызыўнага і прызыўнога ўзросту, якія прадстаўлялі 15 каманд устаноў адукацыі раёна, выйшлі на старт, каб паспаборнічаць за званне найбольш трапнага стралка. У спартыўнай зале СШ №1 разгарэлася сапраўдная барацьба за перамогу. У атмасферы спартыўнага саперніцтва кожны са стралкоў імкнуўся стаць лепшым. Па колькасці трапных выстралаў вызначаны пераможцы ў асабістым заліку. У стральбе з апорай на стол лепшымі сталі Раман Курыла (І месца, Олтушская СШ), Аляксей Бурштын (ІІ месца, СШ №2), Арцём Наўрось (ІІ месца, Збуражскі д/с-СШ). У стральбе стоячы роўных не знайшлося Артуру Крэню (І месца, Олтушская СШ), Антону Нікіцюку (ІІ месца, Чарнянская СШ), Кірылу Касянюку (ІІІ месца, Пажэжынская СШ).У практыкаванні “Стральба з калена” самымі трапнымі былі Віктар Кулічык (І месца, Чарнянская СШ), Дзмітрый Сінавец (ІІ месца, Олтушская СШ) і Ігар Алесік (ІІІ месца Ланская СШ). У камандным заліку пераможцамі зноў, як і некалькі гадоў запар, сталі стралкі з Олтушскай СШ (настаўнік-трэнер Анатоль Алесік), на другую прыступку ўзнялася каманда Чарнянскай СШ, трэцяе месца занялі прадстаўнікі Хаціслаўскай СШ.
* * *
У час адкрыцця месячніка Валянціна Козак, інструктар Кобрынска-Маларыцкай міжраён­най арганізацыйнай структуры ДТСААФ, падвяла вынікі работы пярвічных аргструктур сярод устаноў адукацыі раёна. За актыўнае садзейнічанне ў рэалізацыі дзяржаўных задач Граматамі ўзнагароджаны: Олтушская СШ (І месца), СШ №2 (ІІ месца), Ляхавецкі д/с-СШ (ІІІ месца). Таксама Дыпломамі за плённую работу былі адзначаны пярвічныя аргструктуры Хаціслаўскай СШ, раённай гімназіі, Гвозніцкага д/с-СШ і Чарнянскай СШ.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымках: падчас адкрыцця месячніка ваенна-патрыятычнага выхавання на Маларытчыне.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 15.02.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.