Адным лёсам звязала вайна…

У “афганцаў”, якія жывуць на Маларытчыне, ёсць добрая традыцыя. Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў яны адзначаюць ра­зам з баявымі сябрамі з Ратнаўшчыны у парку Дружбы, што знаходзіцца на мяжы Беларусі і Украіны. Каб успомніць былое, ушанаваць памяць тых, каго так і не дачакаліся родныя і блізкія з афганскай вайны, і разам адзначыць 25-годдзе з дня вываду савецкіх войскаў з Афганістана, дэлегацыя раённай арганізацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў з Маларыты ў мінулы чацвер адправілася ў парк Дружбы. Па алеі памяці ратнаўскія і маларыцкія воіны-афганцы разам прайшлі да памятнага знаку воінам-інтэрнацыяналістам, усклалі вянкі, схілілі галовы ў хвіліне маўчання.
— Мы зноў сабраліся разам, каб вярнуцца ва ўспамінах у мінулае. Вельмі добра, што жыве наша традыцыя разам адзначаць важны для кожнага, хто ваяваў у Афганістане, дзень. Аднавіць парк Дружбы на мяжы дзвюх дзяржаў пятнаццаць гадоў таму прапанавалі беларускія воіны-інтэрнацыяналісты, іх ідэю падтрымалі нашы ратнаўскія хлопцы. Мы разам працавалі, добраўпарадкоўвалі тэрыторыю, садзілі алею памяці і сваімі сіламі, без бюджэтных сродкаў, да 10-гадовай гадавіны вываду войскаў з Афганістана зрабілі памятны знак. Ён — сімвал нашай памяці аб баявых сябрах і сімвал нашай дружбы, — адзначыў, вітаючы ўсіх намеснік старшыні раённай рады Ратнаўскага раёна Васіль Півень, які ўзначальваў дэлегацыю ратнаўскіх воінаў-інтэрнацыяналістаў не толькі, як прадстаўнік улады, але і як непасрэдны ўдзельнік афганскай вайны.
Афганцы Маларытчыны шмат цікавага даведаліся пра дзейнасць раённай арганізацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў горада Ратна, распавялі пра сваё жыццё, свае справы па захаванні памяці і гісторыі. Усе выступленні былі прасякнуты адзінай думкай: вельмі важна захаваць успаміны, расказаць маладому пакаленню праўду аб вайне, дапамагчы моладзі зразумець, якую каштоўнасць уяўляе мір і якімі цяжкімі, балючымі і непапраўнымі могуць быць вынікі ўзброеных канфліктаў.
— Я належу да пакалення, якое ўжо не закрануў той перыяд гісторыі, калі маладым хлопцам даводзілася браць у рукі зброю, ваяваць, аддаваць жыццё, выконваючы свой інтэрнацыянальны абавязак. Мы, тыя, хто не бачыў вайны, ганарымся вамі, — падкрэсліў, працягваючы размову, прадстаўнік беларускай дэлегацыі, загадчык аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Андрэй Гарбацэвіч.
Сустрэча былых воінаў-афганцаў была сапраўды цёплай. Ды і як жа інакш. Нехта сустрэў тут свайго баявога сябра, нехта – добрага знаёмага, з кім не раз ужо адзначаў даты, звязаныя з памяццю аб афганскай вайне.
— Хоць нас раздзяляюць адлегласць, межы краін, але мы сустракаемся, і гэта добра. На вайне не было беларусаў, украінцаў, рускіх. Усе мы былі адзінай сям’ёй. Тых, каго аб’яднала, цесна звязала адным лёсам вайна, не раздзеляць ніякія межы, — упэўнена гаварыў, абдымаючы таварышаў, былы воін-інтэрнацыяналіст з Маларыты Мікалай Базылюк.
Якая сустрэча без успамінаў? А якія ўспаміны без шчырай салдацкай песні, што кранае душу?
Посмотрите ребята, посмотрите девчата,
Память лица поставила в ряд.
Это парни, которым будет вечно по двадцать,
Это те, кто прославил Афган.
Гэтыя словы пад перабор гітарных струн гучалі ўрачыста, і кожны, хто спяваў іх, у думках быў там далёка, у Афганістане. Глядзела на твары гэтых людзей і разумела: колькі б ні прайшло гадоў, вайна засталася ў іх душах ранай. І хоць час лепшы лекар, але і ён не здольны цалкам заглушыць боль успамінаў. А, можа, гэта і да лепшага. Пакуль самі афганцы памятаюць пра вайну, пра гераізм сваіх баявых сяброў, яны могуць перадаць свой вопыт маладому пакаленню. Расказаць, папярэдзіць, навучыць…
* * *
На ўрачыстую сустрэчу, прысвечаную 25-годдзю вываду абмежаванага кантынгенту савецкіх войскаў з Афганістана, сабраліся ў гарадскім Доме культуры тыя, хто быў непасрэдным удзельнікам ваенных падзей, хто прайшоў пад душманскімі кулямі серпанціннымі дарогамі Афганістана і, вярнуўшыся з чужыны на сваю зямлю, назаўжды застаўся “афганцам”. Было шмат успамінаў, якія навеяла дакументальная стужка пра афганскую вайну. Гэтая вайна забрала жыцці каля 15 тысяч савецкіх воінаў. Яшчэ каля 500 тысяч засталіся пакалечанымі. У афганскай кампаніі ўдзельнічала 28 тысяч 832 беларусы, мы згубілі 771 салдата, сямёра прапалі без вестак. У спісе тых, хто загінуў, і трое выхадцаў з Маларытчыны. У час сустрэчы гучаў расказ аб мужнасці і храбрасці, баявым сяброўстве і адданасці сваёй радзіме, якая дала загад выканаць інтэрнацыянальны абавязак. І гэтыя словы былі адрасаваны былым воінам-інтэрнацыяналістам. Многія ветэраны афганскай вайны за сваю актыўную жыццёвую пазіцыю атрымалі ўзнагароды. Ганаровая грамата райвыканкама была ўручана Алегу Шышацкаму, Пісьмо падзякі райвыканкама атрымаў Анатоль Бурштын, Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў узнагароджаны Леанід Міхалюк, а Пісьмом падзякі раённага Савета дэпутатаў — Іван Анішчук. Дружнымі апладысментамі павіншавалі прысутныя ў зале і былых воінаў-інтэрнацыяналістаў Васіля Шалашова і Сяргея Пашко, якім згодна з загадам Міністра абароны РБ прысвоены чарговыя воінскія званні.
Душу кожнага ўдзельніка сустрэчы кранулі афганскія песні ў выкананні артыстаў ГДК.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКАХ: у час сустрэчы воінаў-інтэрнацыяна­лістаў у парку Дружбы;  ваенкам Алег ШЫШАЦКІ ўзнагароджвае былых афганцаў.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Добавить комментарий


http://pharmacy24.com.ua

у нас

https://oncesearch.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!