Як працуеш, такі і аўтарытэт маеш

Аб эфектыўнасці работы мясцовых органаў улады час ад часу ўзнікае шмат дыскусій. Аднак у іх самую аб’ектыўную ацэнку дзейнасці як асобных дэпутатаў, так і Саветаў у цэлым можа даць толькі выбаршчык. Таму сёння важна, каб пастаянна ажыццяўлялася “жывая сувязь” улады і народа, якая ніколі не павінна перарывацца, для таго, каб людзі ведалі сваіх дэпутатаў, а ўлада — запыты, пажаданні насельніцтва.
— Дэпутат не павінен быць “мёртвым” для сваіх выбаршчыкаў, — кажа Надзея Курдзюк. – Для таго ён і абраны, каб вырашаць надзённыя пытанні. А яны ўзнікаюць розныя, але ўсе аднолькава важныя. Пераканана, што якасць жыцця людзей у многім залежыць ад работы дэпутатаў мясцовых Саветаў.
Я ўжо трэці тэрмін з’яўляюся дэпутатам па Кіраўскай выбарчай акрузе № 11. Свае паўнамоцтвы ажыццяўляю згодна з Законам РБ “Аб статусе дэпутата мясцовага Савета дэпутатаў”. Рэгулярна прымаю ўдзел у рабоце раённых сесій, з’яўляюся сакратаром пастаяннай камісіі па пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця і бюджэту, членам раённай камісіі па прадастаўленні адраснай і сацыяльнай дапамогі. На пасяджэннях камісіі, якія праходзяць адзін раз у квартал, разглядаюцца самыя розныя пытанні: аб прагнозных паказчыках сацыяльна-эканамічнага развіцця Маларытчыны, аб прадастаўленні дзяржаўнай адраснай і сацыяльнай дапамогі, выкананні бюджэту і іншыя.
Прыём выбаршчыкаў вяду на рабочым месцы па аўторках з 14 да 17 гадзін альбо праводжу сустрэчы-гутаркі з выбаршчыкамі па месцы іх жыхарства. Да мяне найчасцей звяртаюцца з пытаннямі, якія звязаны з работай прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі (стан падвальных памяшканняў, уборка тэрыторый), а таксама па пытаннях руху аўтобусаў, паляпшэння жыллёвых умоў, працаўладкавання. Вусныя звароты тычыліся набыцця інваліднай каляскі для перамяшчэння, замены вокнаў, рамонту аконных рам, набыцця дроў і інш. За мінулы год да мяне вусна звярталася 11 чалавек. Узнятыя імі пытанні і праблемы былі станоўча вырашаны.
Аналізуючы сваю працу як дэпутата і кіраўніка, Надзея Мікалаеўна адзначыла, што яна робіць усё магчымае, каб быць карыснай людзям на сваім месцы.
У Кіраўскай акрузе каля сямісот выбаршчыкаў, з якімі Надзея Курдзюк часта сустракаецца і па роду сваёй прафесійнай дзейнасці, бо яна дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы.
— Сёння праца бібліятэк выходзіць далёка за межы абслугоўвання насельніцтва кнігай, — гаворыць Надзея Мікалаеўна. — У складзе раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы налічваецца 23 бібліятэкі, у калектыве працуе 52 чалавекі. Кожны з іх уносіць свой уклад у развіццё бібліятэк. Для чытачоў арганізуюцца бібліятэчныя мерапрыемствы, сустрэчы з цікавымі суразмоўцамі. Дзякуючы падтрымцы мясцовых органаў улады і творчым адносінам да працы калег, матэрыяльная база большасці бібліятэк прыцягвае да сябе чытачоў. Належная ўвага надаецца камплектаванню, камп’ютарызацыі. Цяпер з 23 бібліятэк камп’ютарызавана 65%, акрамя таго, 49% бібліятэк падключаны да сеткі Інтэрнэт…
Як дэпутат, стараюся ўнікаць, разбірацца і, па магчымасці, дапамагаць выбаршчыкам вырашаць іх праблемныя пытанні. Як працуеш, такі і аўтарытэт маеш.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Надзея Курдзюк, дэпутат раённага Савета дэпутатаў ХХVІ cклікання па Кіраўскай выбарчай акрузе №11.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 19.02.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.