Прыярытэты ранейшыя

Пры фарміраванні бюджэту на 2014 год захавана сацыяльная накіраванасць расходаў. Летась жа на сацыяльную сферу пайшло 59,6% расходаў.
Дасведчаны чытач добра ведае, што наш невялікі раён па-ранейшаму атрымлівае 65% датацый з абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў. І толькі 35% усіх грашовых сродкаў паступае непасрэдна з раёна. За кошт чаго фарміруецца раённы бюджэт, асноўная накіраванасць расходаў, якія з іх складаюць найбольшую ўдзельную вагу, ці ўсё ў парадку з фінансавай дысцыплінай – на гэтыя і іншыя пытанні карэспандэнт рэдакцыі пачула адказы ад начальніка фінансавага аддзела райвыканкама Уладзіміра Еўдакімава.

— Уладзімір Уладзіміравіч, чытачам нашай газеты будзе цікава ведаць, за кошт якіх плацяжоў фарміруецца асноўная частка ўласных даходаў?
— Асноўная частка ўласных даходаў фарміруецца за кошт паступленняў падаходнага падатку, падатку на дабаўлены кошт, падатку на ўласнасць, падатку ад выручкі і рэалізацыі прадукцыі, на прыбытак. Падатковыя даходы летась, да прыкладу, склалі 91,3%.

— Кожнага з нас, падаткаплацель­шчыкаў, цікавіць заканамернае пытанне: на што былі выкарыстаны падатковыя адлічэнні?
— У прыярытэтным парадку забяспечвалася фінансаванне па першачарговых расходах, а гэта заработная плата, трансферты насельніцтву: адрасная дапамога, бясплатнае харчаванне для дзяцей да 2 год, медыкаменты па льготных цэнах і інш., а таксама камунальныя плацяжы, субсідзіраванне жыллёва-камунальных паслуг, паслуг транспарту і інш. Іх удзель­ная вага ў структуры расходаў склала 80,7%, ці 164909,0 мільёна рублёў.

— Акрамя фінансавання першачарговых расходаў, напэўна, выдзяляліся сродкі і на развіццё ўстаноў сацыяльнай сферы?
— Скажам, на капітальны рамонт устаноў культуры летась было накіравана 1460,8 мільёна рублёў. За гэтыя сродкі праве­дзены капітальны рамонт сельскага Дома культуры ў в. Арэхава і пачаты работы па капітальным рамонце Дома культуры ў в. Чарняны. Быў пачаты рамонт хірургічнага аддзялення райбальніцы. На яго, а таксама на будаўніцтва і аснашчэнне ўстаноў аховы здароўя было выдзелена 3695,2 мільёна рублёў. 88406,0 мільёна рублёў было накіравана ў сферу адукацыі.

— 2013-ы быў Годам беражлівасці. Якія мерапрыемствы праводзіліся ў раёне па скарачэнні бюджэтных расходаў?
— Да прыкладу, ва ўстановах аховы здароўя за кошт упарадкавання сеткі і штатаў, адмоў ад паслуг пазаведамаснай аховы, рацыянальнага расходавання паліўна-энергетычных рэсурсаў было з’эканомлена 631 мільён рублёў. Летась была аптымізавана і сетка ўстаноў культуры: закрыты 2 Дамы сацыяльных паслуг, 2 сельскія клубы, сельскі клуб і бібліятэка аб’яднаны ў адну ўстанову; былі скарочаны 2 штатныя адзінкі. Эканамічны эфект ад гэтага склаў 38,1 мільёна рублёў.
На працягу года праводзілася работа па аптымізацыі сеткі ўстаноў адукацыі і штатнай колькасці работнікаў. Скарочана 6 педагагічных ставак за кошт аб’яднанняў: 1-4 класаў з колькасцю да 6 вучняў па прадметах: музыка, выяўленчае мастацтва, фізкультура, працоўнае навучанне; 5-11 класаў – па прадметах: працоўнае навучанне, фізкультура і дапрызыўная падрыхтоўка. Сума эканоміі бюджэтных сродкаў у дадзеным выпадку склала 276,2 мільёна рублёў. Дарэчы, у час аналізу кантынгенту вучняў, якія сёлета прыйшлі ў школы, былі выяўлены рэзервы па далейшай аптымізацыі сеткі ўстаноў адукацыі і штатнай колькасці. Вось, да прыкладу, у “Збуражскім вучэбна-вытворчым камбінаце дзіцячы сад-сярэдняя школа” навучаецца 42 школьнікі, у тым ліку ў старэйшых класах (10-ым і 11-ым) усяго толькі 7 вучняў. Побач, на адлегласці 8 кіламетраў, знаходзіцца Гвозніцкая школа, якая ў ходзе рэканструкцыі аснашчана сучасным вучэбным і лабараторным абсталяваннем. Пры рэарганізацыі Збуражскай школы ў школу базавага ўзроўню і з улікам таго, што дзяцей-старшакласнікаў будуць падвозіць у в. Гвозніца, эканомія бюджэтных сродкаў складзе 125 мільёнаў рублёў.

— Раён не абыходзіўся без фінансавай падтрымкі абласнога бюджэту. Куды ў асноўным накіроўваліся выдзеленыя грошы?
— З абласнога бюджэту, акрамя запланаваных сродкаў, дадаткова паступалі грошы ў выглядзе міжбюджэтных трансфертаў ў суме 4850,3 мільёна рублёў. У тым ліку 1 мільярд на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы цэнтральнай райбальніцы, 500 мільёнаў рублёў на капітальны рамонт з мадэрнізацыяй будынка райветстанцыі, 300 мільёнаў на завяршэнне капрамонту ў сярэдняй школе № 2 г. Маларыты, 283,7 мільёна на будаўніцтва службовага жылля і інш.

— Як вядома, у прыярытэтным парадку забяспечвалася фінансаванне першачарговых расходаў, заработная плата і г.д. Ці былі затрымкі з выплатай яе летась і запазычанасць па плацяжах?
— Прыемна адзначыць, што за апошнія 5 год не было выпадкаў, калі б заработная плата работнікам бюджэтнай сферы затрымлівалася. Мы яе выплачвалі своечасова, прычым дзень у дзень. Стараліся ў тэрмін разлічвацца і за электраэнергію, за ацяпленне і інш.

— Ці маюць суб’екты гаспадарання раёна запазычанасці перад бюджэтам?
— На 1 студзеня 2014 г. запазычанасці па падатковых плацяжах у бюджэт няма.

— Пры фарміраванні расходнай часткі бюджэту раёна на 2014 год сацыяльная накіраванасць яго захавалася?
— Безумоўна. Расходы бюджэту вызначаны ў суме 224 мільярды 297 мільёнаў рублёў, большая частка прызначана для фінансавання сацыяльнай сферы. У прыватнасці, на адну толькі адукацыю плануецца выдзеліць 41,3% бюджэтных сродкаў, на ахову здароўя – 18,5. Для ажыццяўлення сацыяльнай палітыкі прадугледжаны расходы на аказанне дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі малазабяспечаным грамадзянам, на ўтрыманне ўстаноў сацыяльнай абароны, сацыяльна-педагагічных устаноў, утрыманне дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў, на бясплатнае забеспячэнне прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця і інш.

— Не магу не задаць Вам і такое пытанне: ці дапускаліся ў раёне парушэнні фінансавай дысцыпліны, ці заўсёды забяспечваецца мэтавае і эфектыўнае выкарыстанне бюджэтных сродкаў?
— У час праверак, што праводзіліся ў 2013 годзе ва ўстановах, арганізацыях і на прадпрыемствах раёна, былі выяўлены парушэнні бюджэтнага заканадаўства, з-за чаго бюджэту нанесена шкода на суму 131,7 мільёна рублёў. Спагнана адміністрацыйных штрафаў, даналічана плацяжоў і іншых сум, што належаць бюджэту, 221 мільён рублёў. Папярэджана незаконнае расходаванне 119,2 мільёна рублёў.
Гутарыла Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Уладзімір ЕЎДАКІМАЎ.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 19.02.2014 г.

Добавить комментарий


http://np.com.ua

www.avrora-trans.com/services/ukraine/shipping_200
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!