Медыкі раёна падвялі вынікі работы ўстаноў аховы здароўя за 2013 год.

Акрамя іх, у традыцыйнай на пачатку года нарадзе ўзялі ўдзел: Вадзім Шпетны, намеснік старшыні райвыканкама, і Ігар Максімаў, начальнік аддзела лячэбна-прафілактычнай дапамогі насельніцтву ўпраўлення аховы здароўя Брэсцкага аблвыканкама.
Са справаздачным дакладам “Аб выніках работы ўстаноў аховы здароўя Маларыцкага раёна за 2013 г. і ўдасканаленне медыцынскай дапамогі насельніцтву раёна на 2014 г.” выступіў галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Пётр Селівонік.
Пётр Міхайлавіч адзначыў, што дзейнасць лячэбных устаноў раёна ў мінулым годзе была накіравана на паляпшэнне якасці медыцынскай дапамогі, яе даступнасці, павышэнне культуры абслу­гоўвання пацыентаў, эфек­тыўнасці работы па захаванню і ўмацаванню здароўя насельніцтва, прафілактыку захворванняў і прапаганду здаровага ладу жыцця, удасканаленне першаснай медыка-сацыяльнай дапамогі,выкарыстанне высокатэхналагічных метадаў дыягностыкі і лячэння.
Размова атрымалася канкрэтнай, вострай, надзённай. Быў прааналізаваны стан спраў у Маларыцкай ЦРБ ўвогуле і канкрэтна на кожным участку.
Медыцынскую дапамогу жыхарам раёна аказваюць 542 медыцынскія работнікі ў стацыянары ЦРБ на 158 ложкаў, паліклініцы на 375 наведванняў у адну змену, 5-ці амбулаторыях агульнай практыкі, 10-ці ФАПах, 2-х бальніцах і аддзяленні хуткай медыцынскай дапамогі. Пётр Селівонік падкрэсліў, што ўкамплектаванасць ФАПаў медыцынскімі работнікамі складае 100%, амбулаторый урачамі – 93,6%. У раёне працуе 14 урачоў пенсійнага ўзросту. Аднак на сённяшні дзень не хапае ўрача-тэрапеўта, рэнтгенолага, урачоў ультрагукавой дыягностыкі, прыёмнага аддзялення і хуткай дапамогі.
Праведзены капітальны рамонт дзённага стацыянара, рамонты Радзеж­скага і Мельніцкага ФАПаў. За мінулы год набыта медыцынскага абсталявання на суму 667,8 мільёна рублёў. За кошт раённага бюджэту закуплена крэсла гінекалагічнае, адсмоктвальнік медыцынскі з педаллю, электракардыёграф “Альтонік”, камплект манітораў (холтэр). Па лініі цэнтралізаванага забеспячэння ўпраўлення аховы здароўя набыта абсталявання на 121,4 мільёна рублёў, па лініі Міністэрства аховы здароўя – на 484,4 мільёна рублёў. Усяго за 3 апошнія гады для Маларыцкай ЦРБ было закуплена медыцынскага абсталявання на суму амаль 2 мільярды рублёў. Для завяршэння ўсіх запланаваных будаўнічых работ неабходна 20 мільярдаў рублёў, на сённяшні дзень выдзелена 2 мільярды для правядзення рамонту хірургічнага корпуса.
У дакладзе прагучалі і такія лічбы. У 2013 г. у раёне 68 чалавек у працаздольным узросце атрымалі 1-3 групу інваліднасці, 420 — памерла (72 з іх – у працаздольным узросце). На першым месцы ў агульнай структуры смяротнасці знаходзяцца хваробы кровазвароту (53,8%), новаўтварэнні (9,5%), няшчасныя выпадкі, траўмы, атручванні (7,6%). Нараджальнасць за мінулы год павялічылася і склала 14,1 на тысячу жыхароў, натуральны прырост насель­ніцтва — -2,8. На 1 студзеня гэтага года на Маларытчыне пражывала 24853 чалавекі (з іх у райцэнтры – 11727), 5465 дзяцей ва ўзросце ад нараджэння да 18 гадоў. За апошнія 4 гады колькасць дзяцей зменшылася на 6,4%. Флюараграфічнае абследванне прайшло 98,3% дарослага насельніцтва. У 2013 г. у Маларыцкай ЦРБ сталі праводзіцца даследаванні: вызначэнне ўтрымання СА-125 імуна­храматаграфічным метадам, знаходжанне хелікабактэрый і схаванай крыві ў кале імунахрамата­графічным метадам.
Дзяржава клапоціцца пра стан здароўя сваіх грамадзян і затрачвае на гэта значныя сродкі, пра што сведчаць, напрыклад, і такія лічбы. Адзін ложка-дзень у стацыянары абыходзіцца дзяржаве ў 204736 рублёў, амбулаторны прыём урача – у 50769 рублёў, ложка-дзень у дзённым стацыянары – у 23501 рубель, выезд хуткай медыцынскай дапамогі – у 243664 рублі…
Затым выступілі: Анжаліка Станкевіч, намеснік галоўна­га ўрача па медыцынскай экспертызе і рэабілітацыі МЦРБ; Аляксандр Мартынюк, загадчык тэрапеўтычнага аддзялення; Святлана Лужаніна, загадчыца неўра­лагічнага аддзялення; Юрый Яўлаш, урач-анколаг.
— Жыццё і здароўе – гэта тое, што людзі імкнуцца больш за ўсё захаваць, але менш за ўсё берагуць, — сказаў у заключным слове Пётр Селівонік. – Выбіраючы здаровы лад жыцця, мы забяспечваем сабе здароўе і даўгалецце. Аднак не ўсе гэта ўсведамляюць. Таму задача медыцынскіх работнікаў і ў тым, каб займацца прафілактыкай захворванняў, фарміра­ваць навыкі і патрэбу насельніцтва ў здаровым ладзе жыцця і гэта прапагандаваць.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымках: падчас падвядзення вынікаў работы Маларыцкай ЦРБ за мінулы год.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 19.02.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.