Мельніцкая базавая школа сёлета адзначае два юбілеі

— Архіўныя дакументы сведчаць, што ў 1884 г. у в. Мельнікі, — кажа Пётр Ківачук, настаўнік, — на сродкі вернікаў і намаганнямі святара Хаціслаўскай царквы Фёдара Сіткевіча пабудавана царкоўна-прыходская школа. Яна была 1-класнай, 4-гадовай, з рускай мовай навучання. У 1901 г. у школе навучалася 30 хлопчыкаў. З 1915 па 1921 гады ўстанова адукацыі не працавала. У 1921-1939 гадах прадметы выкладаліся на польскай мове (дырэктар Лявонцій Іванко). У 1931 г. у ёй навучалася 80 дзяцей. Да 1935 г. школа існавала як 2-класная, а пасля – 4-класная. Вучні, якія добра засвойвалі праграму, пасля заканчэння Мельніцкай школы маглі далей вучыцца ў 5, 6 класах Маларыцкай школы. З 1939 па 1941 гады школа мае статус пачатковай з рускай мовай навучання. У гады Вялікай Айчыннай вайны Маларыцкі раён немцамі быў уключаны ў склад Украіны. У Маларыце ствараецца ўправа, якая і кіруе ўсімі справамі. Таму ў Мельніках стала дзейнічаць пачатковая школа з украінскай мовай навучання. Узначальваў установу адукацыі Лявонцій Іванко (у кастрычніку 1944 г. ён пайшоў на фронт, вайну закончыў у Чэхаславакіі), настаўнікамі працавалі Кацярына Іванко, Кацярына Гілеўская і Іосіф Ківачук. У 1943 г. школу спалілі нем­цы. У 1944 г. у Мельнікі накі­равалі працаваць настаў­нікам і адначасова дырэктарам Міхаіла Івашына, былога партызана з Мінскай вобласці. Установа адукацыі размяшчалася тады па вясковых хатах, а затым – у недабудаваным магазіне. У класах навучаліся дзеці 7-12 гадоў. Час быў неспакойны. Міхаілу Іосіфавічу даводзілася ў цёмны час сутак хавацца ад бандэраўцаў, кожны раз начаваць на новым месцы. Да 1952 г. школа была пачатковай з рускай мовай навучання, а з 1952 па 1958 гг. – сямігадовай з беларускай мовай навучання. Наступныя дзесяць гадоў установа адукацыі працавала як пачатковая з беларускай мовай навучання. З 1969 па 1980 гг. дырэктарам сярэдняй школы з рускай мовай навучання была Кацярына Ківачук. Пасля (ў 1980 г.) установа адукацыі стала базавай. Яе да 2006 г. узначальвала Кацярына Трафімаўна. У 2006-2009 гадах дырэктарам Мельніцкай базавай школы быў Валерый Жыгалаў, з 2009 г. – Іван Шышук.
14 лютага 1969 г. у Мель­ніках свае дзверы адчыняе новы будынак сярэдняй школы. Усе дзеці з 1-4 класаў Мельніцкай школы і 5-8 класаў Хаціслаўскай школы сталі тут вучыцца. Працавалі 14 настаўнікаў, якія навучалі 194 вучні. Усе наступныя дзесяць гадоў ва ўстанове адукацыі налічвалася ў сярэднім па 250 вучняў, а ў 1974 г. – нават 266. Для параўнання: цяпер у школе працуюць 18 настаўнікаў і навучаецца 80 дзяцей.
* * *
Педагагічны калектыў Мельніцкай школы працаваў заўсёды плённа і творча. Напрыклад, у 1984 г. установа адукацыі стала лепшай у Брэсцкай вобласці і ўзнагароджана Граматай Міністэрства асветы БССР. У 1986 г. за выніковую работу па выхаванні і навучанні маладога пакалення Кацярына Ківачук, дырэктар, атрымала званне выдатніка асветы СССР. У 1987 г. рашэннем Брэсцкага аблвыканкама педагагічнаму калектыву было даручана наладзіць дзелавыя сувязі з польскімі калегамі з Матыцкай школы Люблінскага ваяводства Польшчы для абмену вопытам работы. Адбылося некалькі візітаў, апошні з іх – у 1990 г.
14 лютага ва ўстанове адукацыі адзначаецца як дзень яе нараджэння. Тут праходзяць урачыстыя мерапрыемствы. Не стаў выключэннем і сёлетні год. Яшчэ з самага ранку ў сценах школы панавала святочная атмасфера. У раскладзе 1-9 класаў з’явіліся незвычайныя ўрокі: “Школа ў лічбах”, “ Школа сёння”, “Школа будучыні”, “Школьная планета”. Таксама прайшлі класныя гадзіны “Падарожжа ў школьнае мінулае” з запрашэннем на іх ветэранаў педагагічнай працы, урок гісторыі, дзе быў паказаны відэафільм “Школьныя гады цудоўныя”. Затым адбылася конкурсная праграма “Мінута славы”, дзе вучні дэманстравалі сваё сцэнічнае майстэрства.
Асаблівая ўвага на дні нараджэнні школы была скіравана на тых, хто ўсё сваё жыццё аддаў педагагічнай працы ў школе. Сярод іх – Кацярына Трафімаўна Ківачук, якая дырэктарам працавала 36 гадоў; Марыя Сцяпанаўна Кірычук, настаўніца матэматыкі з 36-гадовым педагагічным стажам; Кацярына Авакумаўна Тыцык, якая настаўніцай пачатковых класаў адпрацавала 36 гадоў; Марыя Яфімаўна Алексяюк, рускай мове і літаратуры дзяцей в. Мельнікі вучыла на працягу 29 гадоў; Галіна Сцяпанаўна Братчук, якая 32 гады аддала прафесіі настаўніка рускай мовы і літаратуры; Ніна Сцяпанаўна Смаль, якая 41 год навучала дзяцей роднай мове і літаратуры; Пётр Іванавіч Ківачук, настаўнік гісторыі з 48-гадовым стажам працы…
Мікалай НАВУМЧЫК.

На здымку: Ветэраны педагагічнай працы Мельніцкай школы з сённяшнім яе дырэктарам Іванам Шышуком.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 22.02.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


www.kompozit.ua

techno-centre.niko.ua

http://avrora-trans.com