“СЛУЖЫЦЕ ТАК, КАБ НЕ БЫЛО СОРАМНА ГЛЯДЗЕЦЬ У ВОЧЫ ЛЮДЗЯМ”

Такую задачу ставіць перад сваімі падначаленымі начальнік райаддзела ўнутраных спраў Віталь Ганчарук.

Па чым мы мяркуем аб рабоце міліцыі? Найперш па парадку ў нашым агульным доме. Калі мы не баімся позна вечарам выйсці на вуліцу, адчуваем сябе ў бяспецы ў грамадскіх месцах, упэўнены, што ніхто не замахнецца на нашу маёмасць, а тым больш – жыццё, значыць, супрацоўнікі праваахоўных органаў сапраўды дастойна выконваюць свае прафесійныя абавязкі.
Наш горад – спакойны і ціхі. Гэта, дарэчы, заўважаюць і прыезджыя госці, маючы на ўвазе найперш забеспячэнне грамадскага парадку. Таму, вядома ж, нельга тут не аддаць належнае людзям у міліцэйскіх пагонах, асноўная работа якіх накіравана на прафілактыку правапарушэнняў, абарону законных правоў і інтарэсаў кожнага з нас, на выкрыццё злачынстваў, што былі ўчынены.
Начальнік райаддзела міліцыі Віталь Ганчарук (на здымку) ў інтэрв’ю райгазеце “” адзначыў, што летась выкрывальнасць злачынстваў склала 73%. Прычым, гэта лепшы паказчык, калі параўноўваць з годам папярэднім.
Маніторынг, які супрацоўнікі Мініс­тэрства ўнутраных спраў праводзілі летась, пераконвае і ў тым, што разам з выкрывальнасцю злачынстваў палепшыўся і такі паказчык, як ступень даверу міліцыі. А ён найлепш адлюстроўвае ўзаемаадносіны вартавых парадку і нас, грамадзян.
Віталь Іванавіч падкрэсліў, што ў райаддзеле праводзіцца мэтанакі­раваная работа па павышэнні сту­пені даверу.
— На кожным інструктажы, кожнай рабочай нарадзе, — кажа Віталь Іванавіч, — я паўтараю асноўную нашу задачу – пастаянна павышаць імідж супрацоўніка міліцыі. Мы павінны жорстка выкараняць, прынцыпова адносіцца да любых праяўленняў супрацьпраўных дзеянняў. А пры разглядзе зваротаў, скаргаў адно­сіцца да людскіх праблем так, як да сваіх. Заўсёды даражыць гонарам мундзіра, памятаць, што мы такія ж грамадзяне, як і ўсе. А што гэта не пустыя словы, пацвярджаюць наступныя факты. Наша каманда заўсёды ўдзельнічае ў спартыўных спаборніцтвах. Нядаўна стварылі гурток мастацкай самадзейнасці і сваімі сіламі падрыхтавалі канцэрт да ўрачыстага сходу ў гонар Дня міліцыі.
Калі ў некалькіх словах гаварыць пра калектыў, які ўзначальваю, — працягвае Віталь Іванавіч, — ён здаровы, згуртаваны. Кожны з супрацоўнікаў разумее, што наша сіла ў адзінстве. Дрэнны той салдат, які не марыць стаць генералам. Таму нікога з супрацоўнікаў не ўтрымліваю, калі ім прапаноўваюць работу ў абласных структурах, хаця часам шкада развітвацца з высокімі прафесіяналамі. Я зацікаўлены, каб нашы рады папаўняліся за кошт маладых супрацоўнікаў, праўда, не прыхільнік таго, каб гэта былі людзі прыезджыя, а не свае.
Якія задачы стаўлю перад сваімі падначаленымі? Найгалоўнейшая – працаваць так, каб не было сорамна глядзець людзям у вочы, каб кожны грамадзянін быў упэўнены, што нічога дрэннага з ім не здарыцца, ну, а калі здарыцца, дык яму заўсёды прыйдуць на дапамогу, абароняць яго правы людзі ў міліцэйскіх пагонах.
4 сакавіка мы будзем адзначаць прафесійнае свята, таму напярэдадні яго хачу павіншаваць супрацоўнікаў з Днём міліцыі і выказаць шчырую падзяку ўсяму асабоваму саставу за згуртаванасць і самааддачу ў паўсядзённай службе, добры маральна-псіхалагічны клімат у калектыве. Асобыя словы падзякі — мудрым і клапатлівым настаўнікам маладых байцоў правапарадку, ветэранам унутраных спраў, якія прайшлі нялёгкую службу ў органах унутраных спраў ад пачатку да выхаду на заслужаны адпачынак. Шчыра жадаю ўсім калегам, ветэранам і іх сем’ям моцнага здароўя, бадзёрасці духу, міру, утульнасці і радасці дома, новых дасягненняў у рабоце, вытрымкі і цярпення. Заўсёды вяртайцеся дамоў, дзе вас чакаюць і любяць.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 1.03.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.