ТУТ ЯЕ ПРЫСТАНЬ

Тое, што з выбарам прафесіі не памылілася, Людміла Вазнасіменка, тады студэнтка Маладзечанскага палітэхнікума, зразумела, калі была на практыцы на Маларыцкім гароднінасушыльным заводзе. Таму шчыра абрадавалася, калі пасля заканчэння навучання была размеркавана на Маларыцкі гароднінасушыльны завод, дзе ёй прапанавалі пасаду таваразнаўцы па збыту гатовай прадукцыі. Пераканаўшыся, што ў Людмілы шмат дзелавых якасцей, што яна далікатная ў адносінах з людзьмі, любіць іх і неабыякавая да іх праблем, маладому спецыялісту ў хуткім часе прапанавалі новую пасаду – начальніка аддзела забеспячэння і збыту. І тут у яе ўсё атрымлівалася. Кіраўніцтва прадпрыемства было ўпэўнена, што лепшыя якасці Людмілы, у тым ліку і яе прафесійныя навыкі, якія ўжо набыла, будуць дапамагаць ёй і на чарговай, больш высокай пасадзе – намесніка дырэктара. 12 год яна ім і з’яўляецца. Акрамя таго, у яе распараджэнні пытанні ідэалагічнай работы. А гэта работа з людзьмі. І ад таго, якую жыццёвую пазіцыю ідэолаг займае, як успрымае праблемы і запыты людзей, як на іх рэагуе, як аператыўна стараецца іх вырашаць, залежыць не толькі яго асабісты аўтарытэт, але і аўтарытэт таго прадпрыемства, дзе ідэолаг працуе.
ААТ “Маларыцкі кансервавагароднінасу­шыльны камбінат” мае добрую славу. Яго ведаюць і ў раёне, і ў вобласці, і ў рэспубліцы. І не толькі таму, што на камбінаце выпускаюць сацыяльна значны прадукт. Тут даўно няма цякучасці кадраў, а ўладкавацца сюды на работу – вялікі гонар. І тыя, каму шанцуе, добра ведаюць, што правы іх абараняюць не толькі дзяржава, але і прафсаюзная арганізацыя прадпрыемства, кіраўніцтва яго.
— У нас багаты сацыяльны пакет, — кажа Людміла Васільеўна. – Мы, да прыкладу, прапаноўваем кожнаму, хто працуе на прадпрыемстве 20 і больш год, па 2 пуцёўкі ў санаторый на год, зразумела ж, бясплатна, каб чалавек змог з’ездзіць сам ці з некім з членаў сваёй сям’і. Кожны работнік у нас застрахаваны ад няшчаснага выпадку. На ўсе святы мы выдаем сваім работнікам прэміі, прафкам аплачвае кошт абанементаў ў трэнажорную залу, басейн і г.д.
Людміла Васільеўна прызналася, што да яе з рознымі просьбамі часта прыходзяць не толькі работнікі камбіната, не толькі ветэраны вытворчасці, але і інваліды, якія жывуць у горадзе і раёне, пенсіянеры, састарэлыя людзі.
— І як жа ім не дапамагчы, — кажа Людміла Васільеўна, — калі яны прыйшлі з надзеяй, што іх не толькі паслухаюць, але і абавязкова пачуюць. Стараемся нікому не адмовіць, нават у самым нязначным.
Не ігнаруюць у калектыве ні адну акцыю, датычыцца яна збору сродкаў на лячэнне хворых дзетак ці проста матэрыяльнай падтрымкі чалавека, які аказаўся ў бя­дзе. І прыклад тут падае сама Людміла Васільеўна.
27 гадоў аддала Людміла Васільеўна Вазнасіменка камбінату. Яна добра ведае кожнага работніка, яго праблемы, шчыра рада, калі ў калектыў прыходзяць маладыя.
— Мы моладзь паважаем, — прызнаецца Людміла Васільеўна, — яна вельмі разумная, мабільная, адукаваная, у тым ліку і тэхнічна. У многіх шмат карысных і цікавых ідэй, і мы ніколі не ігнаруем іх. Наадварот, стараемся ажыццявіць, ды і самі многаму ў маладых вучымся.
Няпоўным быў бы партрэт Людмілы Васільеўны, калі б мы нічога не сказалі пра яе сям’ю. Дружная яна ў яе, хоць і невялікая. З мужам Анатолем, з якім пазнаёміліся тут, у Маларыце, сёлета будуць адзначаць 30-годдзе сумеснага жыцця. Надзейны ён спадарожнік, адданы, клапатлівы. Дачка, якая таксама на камбінаце працуе, і ў якой свая сям’я, таксама прыстойная жонка, клапатлівая маці. Падарыла бацькам дваіх унукаў. Таму любімыя сямейныя стравы Людміла Васільеўна цяпер ужо рыхтуе і для іх.
Аб’ядноўвае Вазнасіменкаў і яшчэ адно – усе яны прыхільнікі здаровага ладу жыцця, часта наведваюць басейн, неабыякавыя да спорту, усе любяць зямлю, працаваць на ёй, любяць кветкі, займаюцца развядзеннем іх, любяць адпачываць усе разам. А гэта пастаянна дае новы зарад станоўчай энергіі, якая так патрэбна пры рабоце з людзьмі.
Можна спадзявацца, што і ў раённым Савеце, куды яна вылучана кандыдатам у дэпутаты, Людміла Васільеўна Вазнасіменка будзе актыўна працаваць, адстойваць інтарэсы сваіх выбаршчыкаў.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: намеснік дырэктара ААТ “Маларыцкі кансервавагароднінасушыльны камбінат” Людміла ВАЗНАСІМЕНКА.
Фота Святланы МАКСІМУК.

Опубликовано в «ГЧ» 5.03.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.