Шмат ідэй на карысць людзей

Скептык падумае, ну пра якую ролю прафсаюзнай арганізацыі сёння можна гаварыць, калі яна зводзіцца да збору ўзносаў ды закупу падарункаў да навагодніх свят. Але дзейнасць прафсаюзнай арганізацыі ЦБУ № 120 ААТ “ААБ Беларусбанк”, нязменным старшынёй якой на працягу апошніх 6 год з’яўляецца Наталля Куц, абвяргае падобныя выказванні. Тут умеюць задзейнічаць любыя рэсурсы, неабавязкова фінансавыя, каб кожны, хто працуе ў калектыве, не абмяжоўваўся толькі работай.
— Штогод напярэдадні свята мужчын, — пачынае расказ Наталля Куц, — мы арандуем залу ў спартыўным цэнтры “Жамчужына” і праводзім унутрыкалектыўныя спаборніцтвы па розных відах спорту. А сёлета арганізавалі тур выхаднога дня на базе ведамаснага санаторыя “Сонечны”, што непадалёк ад Брэста. Тры дні нашы спартсмены, а іх аказалася 15 чалавек, там адпачывалі і зноў жа праводзілі розныя спаборніцтвы.
Напярэдадні свята жанчын, як звычайна, арганізоўваем конкурс “Лепшы кулінар года”. У ім удзельнічаюць усе, хто жадае. Жанчыны і дзяўчаты рыхтуюць звычайна каля 30 страў, журы ацэньвае кулінарныя здольнасці нашых жанчын, лепшыя заахвочваюцца.
Штогод у ЦБУ № 120 арганізоўваюцца турыстычныя паездкі па знакамітых мясцінах Беларусі. Летась у снежні мы ездзілі ва Ужгарад, Мукачава, Львоў, Карпаты. Пяць дзён адпачывалі там. Некаторыя ездзілі ўсёй сям’ёй. А сёлета ў маі плануем паездку ў Чэхію на 5-6 дзён. Усе мерапрыемствы арганізоўваюцца за кошт прафсаюза, адзінае, што турыстычныя паездкі за мяжу аплачваюцца ў памеры 50% на 50%.
Наогул трэба сказаць, што “Беларусбанк” прадастаўляе сваім работнікам шырокі сацыяльны пакет. Скажам, ён аплачвае 80% кошту санаторнай пуцёўкі. Штогод прыкладна 20 чалавек з нашага калектыву выкарыстоўваюць такую магчымасць. На аздараўленне можна ехаць з дзецьмі. Для іх жа летам працуюць аздараўленчыя лагеры.
У сацыяльны пакет “Беларусбанка” ўваходзіць адна “фішка”, якой, напэўна, не мае ні адна арганізацыя. Нашы спецыялісты па аказанні рознічных банкаўскіх паслуг, якія працуюць у аддзяленнях, маюць права згодна з адпаведнай праграмай добраахвотнага медыцынскага страхавання бясплатна праходзіць абследаванне, лячыцца, рабіць аперацыі і інш. у любым медыцынскім цэнтры рэспублікі, вядучых клініках. Іх застрахаваў банк, ён жа плаціць узносы. Праграма добраахвотнага медыцынскага старахавання пачала працаваць летась, і гэта вельмі важна, паколькі самае каштоўнае, самае галоўнае багацце для кожнага з нас – здароўе. Пакуль у сацыяльным пакеце не было такога новаўвядзення, мы, прафсаюзная арганізацыя, запрашалі да сябе спецыялістаў вузкага профілю з абласных медыцынскіх цэнтраў, арганізоўвалі з іх удзелам абследаванне нашых работнікаў.
Сёлета стартавала новая сацыяльная праграма, згодна з якой нашы лепшыя работнікі, пераможцы конкурсаў і да т.п. маюць права бясплатна папраўляць здароўе ў санаторыях. 100% кошту пуцёўкі аплачвае прафсаюз.
Прафсаюзная арганізацыя выдзяляе сродкі, каб наведаць у бальніцы работніка, які хварэе больш чым 10 дзён. Трэба сказаць, што сума выдзяляецца немалая.
Вельмі актыўна дапамагаюць прафсаюзнай арганізацыі прадстаўнікі такіх грамадскіх аб’яднанняў, як БРСМ, “Белая Русь”, асабліва сакратар пярвічнай маладзёжнай арганізацыі Наталля Васільева. Наладзіць свята для воінаў-афганцаў з уручэннем ім падарункаў альбо павіншаваць маладых з Днём святога Валянціна ў яе ніколі не знікае жаданне.
Мы знаходзім магчымасць удзельнічаць і ў акцыях “Нашы дзеці”, “Мы – дзецям”. У нас ёсць 4 сям’і, у якіх выхоўваюцца дзеці-інваліды. Гэта дзеці нашых работнікаў, таму мы часта наведваем іх і ўручаем падарункі. Не забыты ў ЦБУ і былыя работнікі. Падтрымліваем цесныя сувязі са старшынёю ветэранскай арганізацыі, былым дырэктарам ЦБУ № 120 Валянцінай Мікалаеўнай Кароль. Штогод наладжваем сустрэчы з калектывам тых, хто працаваў у аддзяленні. Гэта ў нас ужо стала традыцыяй. Да сустрэчы заўсёды рыхтуем міні-канцэрты, накрываем салодкі стол.
Часта чуеш: “Хочам нешта арганізаваць, ды грошай у прафсаюза няма”. Я ж сваім калегам гавару: “Грошы – гэта не самае галоўнае, што патрэбна для таго, каб калектыў жыў не толькі работай, але і з карысцю і цікавасцю праводзіў свой вольны час, быў адной сям’ёй. Калі на тое ці іншае мерапрыемства сапраўды не хапае грошай, можна прыдумаць нешта такое, што яны наогул не спатрэбяцца. Галоўнае – жаданне. І мне прыемна адзначыць, што ў нашым калектыве ёсць касцяк, на які заўсёды можна паспадзявацца, з якім можна вынікова працаваць. Гэта людзі з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, яны поўныя ідэй і ініцыятыў, не могуць абмяжоўвацца тым, што прыйшлі на работу ў 8 гадзін і ў 17 гадзін пайшлі дамоў. Яны заўсёды нешта прапаноўваюць, нешта ініцыіруюць. Хто яны? Андрэй Рагуля, Аляксей Дацык, Сяргей Тарасюк, Людміла Чэчун і інш. Усе яны члены прафсаюза і з’яўляюцца маімі добрымі памочнікамі. Дзякуй ім!
Падрыхтавала Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: старшыня прафсаюзнай арганізацыі ЦБУ № 120 Наталля КУЦ.
Фота Святланы МАКСІМУК.

Опубликовано в «ГЧ» 5.03.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий