ДЭПУТАЦТВА – ГЭТА АДКАЗНАСЦЬ

Усяго некалькі тыдняў засталося да выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў. Кандыдаты знаёмяць жыхароў раёна са сваімі праграмамі. Усіх гэтых людзей аб’ядноўвае адно – актыўная грамадская пазіцыя і жаданне дапамагаць сваім выбаршчыкам у вырашэнні розных пытанняў і праблем. Пасля выбараў, ужо дэпутатамі, усе яны адзінай камандай будуць працягваць агульную справу, добры фундамент для якой заклалі дэпутаты папярэдніх скліканняў. Тры дэпутацкія скліканні інтарэсы жыхароў раёна на абласным узроўні прадстаўляў Вадзім Паўлавіч Шпетны, дэпутат абласнога Савета. Жыхары нашага горада і раёна добра ведаюць яго і як намесніка старшыні райвыканкама, які курыруе пытанні сацыяльнай сферы. Якімі былі гады дэпутацкай дзейнасці, якія важныя для жыхароў Маларытчыны пытанні былі вырашаны за гэты час, і ў якім накірунку трэба працягваць работу дэпутатам 27 склікання — на гэтыя і многія іншыя пытанні даў адказы Вадзім Паўлавіч Шпетны.

— Нават у дэпутата сельскага ці раённага Савета дэпутатаў ёсць магчымасць пасадзейнічаць у вырашэнні многіх праблем, а абласны Савет дэпутатаў – гэта ўжо іншы ўзровень, адпаведна і магчымасці адкрываюцца большыя?..
— Абласны Савет дэпутатаў, як Вы правільна заўважылі, гэта больш высокі ўзровень мясцовага самакіравання і, адпаведна, задачы, якія стаяць перад ім, крыху адрозніваюцца. Хоць, калі браць па вялікім рахунку, любая дэпутацкая работа – дэпутат гэта сельскага, раённага ці абласнога Савета, у першую чаргу — гэта работа з людзьмі: прыём грамадзян, садзейнічанне ў вырашэнні іх канкрэтных праблем. У сваёй дзейнасці, як дэпутат абласнога Савета, вырашаючы пытанні раённага маштабу, якія, нярэдка, патрабуюць вялікіх фінансавых сродкаў, заўжды працаваў у цесным супрацоўніцтве з выканаўчай уладай. Такое ўзаемадзеянне вельмі важнае.
— Вадзім Паўлавіч, калі прааналізаваць вашу дэпутацкую дзейнасць, якія пытанні часцей за ўсё даводзілася вырашаць?
— Пытанні розныя. Мне адразу ўспомнілася маё першае дэпутацкае заданне, з якім давялося звярнуцца ў абласны Савет дэпутатаў. Было гэта напачатку двухтысячных гадоў. У той час ішла рэканструкцыя нашага гарадскога стадыёна. Я атрымаў просьбу ад выканаўчай улады ўзняць на сесіі абласнога Савета дэпутатаў пытанне аб дадатковым фінансаванні для завяршэння рамонту стадыёна. Гэта быў першы мой зварот. Пытанне вырашылася, рэканструкцыя стадыёна была праведзена, і цяпер мы маем у горадзе цудоўны спартыўны аб’ект. Увогуле пытанні даводзілася вырашаць розныя. Але сярод тых, што найбольш хвалявалі людзей, – газіфікацыя населеных пунктаў, якая патрабуе вялікіх фінансавых укладанняў, пытанні добра­ўпарадкавання, будаўніцтва дарог, падвозу дзяцей у школьныя і дашкольныя ўстановы, а таксама праблемы, звязаныя з работай жыллёва-камунальнай службы, гандлёвага і медыцынскага абслугоўвання, якасці паслуг. Мне як намесніку старшыні райвыканкама многія праблемы, якія хвалююць жыхароў раёна, вядомыя па абавязку службы, паколькі даводзіцца пастаянна сустракацца з людзьмі. З дапамогай перамоў, хадайніцтваў іх удаецца вырашыць. Сярод такіх надзённых пытанняў і рэарганізацыя, закрыццё ўстаноў сацыяльнай сферы. Галоўнае ў гэтай справе — вывучыць сітуацыю, каб не нашкодзіць. Напрыклад, нядаўна ў раёне хадзілі чуткі аб тым, што Збуражская сярэдняя школа будзе ператворана ў базавую. Абмеркаваўшы гэтае пытанне разам са старшынёй райвыканкама Казімірам Віктаравічам Лапічам, мы вырашылі, што Збуражская школа пакуль павінна працаваць у тым жа фармаце, што і раней, паколькі яна ў вёсцы цяпер не толькі навучальная ўстанова, але і культурны цэнтр. На базе гэтай школы мы праводзім эксперымент па інтэграцыі бібліятэк. Вырашаць даводзіцца і многія індывідуальныя пытанні. Так, прыходзяць людзі з просьбамі дапамагчы з уладкаваннем дзіцяці ў дашкольную ўстанову, звяртаюцца і з пытаннямі працаўладкавання. Калі ў раён прыязджаюць маладыя спецыялісты, ім патрэбна дапамога ў выдзяленні службовага жылля.
— Удзел у сесіях, рабоце камісій абласнога Савета дэпутатаў, наведанне іншых раёнаў, зносіны з калегамі-дэпутатамі, — усё гэта, напэўна, дапамагло пераняць для сябе і нашага раёна карысны вопыт?
— Адной з важных форм работы дэпутацкага корпуса абласнога Савета дэпутатаў, калі яго ўзначаліў Сяргей Дзмітрыевіч Ашмянцаў, сталі выязныя сесіі. Дзякуючы гэтай ініцыятыве за час сваёй дэпутацкай дзейнасці мы наведалі практычна кожны раён вобласці. І ўсюды, безумоўна, пераймалі нейкі добры вопыт і ў добраўпарадкаванні населеных пунктаў, і ў рабоце ўстаноў адукацыі і аховы здароўя. Безумоўна, вельмі карысна параўнаць, як ідзе тая ж работа ў іншых рэгіёнах Брэстчыны. І вельмі прыемна, што Маларыцкі раён па многіх накірунках дзейнасці быў не горшы за іншых, а па некаторых і ў нас ёсць чаму павучыцца.
— Дэпутат – выбраннік народа. І сувязь з тымі людзьмі, хто аказаў свой давер, не павінна перарывацца. Што павінна падмацоўваць гэтую сувязь?
— Сапраўды, калі няма сувязі з насельніцтвам, дэпутату складана нешта вырашаць, планаваць сваю дзейнасць. Наведваючы населеныя пункты ў рамках работы інфармацыйна-прапагандысцкай групы ці ў час выязнога прыёму, я заўсёды стараюся пагутарыць з вяскоўцамі. Менавіта ад іх можна даведацца, якія існуюць праблемы, якія ўстановы працуюць добра, у якіх напрамках трэба паляпшаць работу. Аднак, акрамя таго, што трэба выслухаць людзей, важна яшчэ весці і тлумачальную работу. Не ўсе праблемы і пажаданні можна вырашыць, і людзі павінны разумець, якія складанасці ўзнікаюць і чаму. Такая форма работы дазваляе пазбягаць канфліктных сітуацый, і яе павінны выкарыстоўваць не толькі дэпутаты, але і ўсе кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў, дзяржаўныя служачыя.
— І як дэпутат, якому неабыякавы лёс раёна, і як намеснік старшыні райвыканкама, на што, перш за ўсё, звяртаеце ўвагу, калі наведваеце арганізацыі і прадпрыемствы Маларытчыны?
— Найперш мяне хвалююць пытанні бяспекі і працоўнай дысцыпліны. Як старшыня розных камісій – наглядальнай, камісіі па барацьбе з п’янствам, бачу, што менавіта алкагалізм становіцца крыніцай большасці праблем: сямейнага недабрабыту, парушэнняў працоўнай дысцыпліны, злачынстваў, няшчасных выпадкаў. Таму, калі наведваю калектывы, заўсёды стараюся звярнуць увагу людзей на гэтыя актуальныя праблемы.
— Вы, можна сказаць, трохразовы дэпутат абласнога Савета дэпутатаў. Якое значэнне мае для вас дэпутацкая дзейнасць?
— Так, гэта мой трэці тэрмін дэпутацкай дзейнасці. Пачынаў яе яшчэ, калі быў настаўнікам Ланской сярэдняй школы. У той час рэалізоўваць свае дэпутацкія ініцыятывы было больш складана. Людзям часцей за ўсё даводзілася звяртацца да мяне па тэлефону, бо жыў я ў сельскай мясцовасці. Ды і не так глыбока ведаў усе праблемы, якія ёсць у раёне. Калі пачаў працаваць на пасадзе намесніка старшыні райвыканкама ў 2009 годзе, з’явіліся большыя магчымасці, работа, можна сказаць, актывізавалася. Для мяне дэпутацтва заўсёды было вялікай адказнасцю. Калі за цябе галасуюць дзясяткі тысяч жыхароў, ты ўжо не маеш права падвесці людзей, стараешся максімальна вырашыць праблемы.
— У новым скліканні Вы не вылучалі сваю кандыдатуру ў абласны Савет дэпутатаў. Што параіце новаму народнаму абранніку ад Маларытчыны?
— Сапраўды, ад нас будзе новы дэпутат абласнога Савета дэпутатаў. Ёсць два кандыдаты, цяпер ідзе актыўная агітацыйная работа. Будучаму дэпутату абласнога Савета хочацца пажадаць адказнасці перад людзьмі. Каб ён заўжды звяртаў ўвагу на канкрэтныя праблемы грамадзян, імкнуўся ва ўзаемадзеянні з выканаўчай ўладай вырашаць іх. А я як прадстаўнік райвыканкама ў сваю чаргу абяцаю падтрымліваць і дапамагаць у вырашэнні пытанняў сацыяльнай сферы. Будучаму дэпутату трэба трымаць пад увагай такі шырокі спектр пытанняў, як работа грамадскага транспарту, далейшая газіфікацыя населеных пунктаў, узровень і якасць медыцынскага абслугоўвання, вырашэнне праблемы з месцамі ў дзіцячых садах, асабліва актуальная гэтая праблема для Хаціслаўскага дзіцячага сада, дзе патрэбна рэканструкцыя. Многія з праблем пачалі ўжо вырашацца, і гэтую работу трэба абавязкова завяршыць. А значыць, патрэбна вялікая актыўнасць.
Карыстаючыся магчымасцю, заклікаю ўсіх жыхароў Маларытчыны аддаць свой голас за кандыдатаў у дэпутаты сельскіх, раённых і абласных Саветаў. У каго не атрымліваецца гэта зрабіць у дзень выбараў, 23 сакавіка, з 18 па 22 сакавіка будзе праходзіць датэрміновае галасаванне.
Гутарыла Дар’я ЛУЦЫК.

НА ЗДЫМКУ: намеснік старшыні райвыканкама Вадзім ШПЕТНЫ.

Опубликовано в «ГЧ» 12.03.2014 г. 

Добавить комментарий


http://kover-samolet.com.ua

101binaryoptions.com

https://1cs.com.ua/services/uborka-posle-pozhara/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!