“Хата гасцямі багата”

У славян здаўна гасціннасць з’яўляецца добрай традыцыяй. А ў нас, беларусаў, увогуле ёсць правіла: калі ўжо сустракаць гасцей, дык так, каб стол быў багаты, каб той, хто прыйшоў у нашу хату, адчуваў, што яму рады. Пацвярджэнне таму – многія прыказкі і прымаўкі. Яшчэ нашы продкі казалі: “ Хата гасцямі багата”, “Чым багаты, тым і рады”, “Пашлі, Бог, гасцей і гаспадар будзе свяцей”. Чытачоў газеты мы папрасілі адказаць на пытанне: “А як жа ў іх сям’і заведзена сустракаць гасцей?”.

Наталля Халізева, за­гадчыца аддзела абслу­гоўвання раённай біблія­тэкі:
— У нашым доме госці бываюць часта. І мы ім заўжды рады, бо ёсць добрая прыказка: “Госць на парог – шчасце ў дом”. Калі загадзя ведаю, што ў доме будуць госці, гатую сваю фірменную страву “Курыца з карры”. Як тэатр пачынаецца з вешалкі, так любое свята – з прыходу гасцей. Мы жывем у сваім доме, а таму, калі на вуліцы цёпла, часта накрываем стол у двары. Тут жа смажым шашлыкі, муж гасцей частуе юшкай. А калі прыязджаюць да нас сваякі з Канады ці Украіны, стараюся прыгатаваць нашы традыцыйныя беларускія стравы – дранікі, зразы, каб сапраўды яны адчулі, што знаходзяцца ў Беларусі. Нядаўна трапіла на вочы нямецкая прымаўка: “Які гаспадар, такіх і гасцей яму Бог пасылае”. Стараемся сваіх гасцей сустракаць шчыра, хлебасольна і вельмі рады, калі бачым, што змаглі падарыць ім добры настрой.

Барыс Самасюк, старшыня Макранскага сельвыканкама:
— Як і ў большасці сем’яў сваіх гасцей сустракаем гасцінна, сардэч­на, заўж­ды рады, калі прыязджаюць сябры, былыя аднакласнікі ці калегі. Гэтай дружбай мы вельмі даражым, таму гасцей заўжды чакае стол з пачастункамі, розныя сюрпрызы, якія рыхтуе жонка, эксклюзіўныя моманты сустрэчы і провадаў. Цяпер ужо гасцямі можна назваць і дзяцей, якія жывуць у Мінску. Калі прыязджаюць – у доме сапраўднае свята. Дом у нас вялікі, усім месца хапае. Раней, калі за сталом збіраліся госці, часта спявалі песні. Цяпер перавагу ўсё больш аддаем шчырай размове. Увогуле, госці ў доме – гэта заўжды прыемна.

Вольга Табачкоўская, мастацкі кіраўнік гарадскога Дома культуры:
— Я родам з Расіі, з Поўначы, і на маёй радзіме гас­цін­насць, ветлі­васць, хлебасоль­ства ніколі не былі проста словамі. Як гаворыцца: “Госць на парог – што ў печы, тое на стол нясі”. З маленства засвоіла традыцыі гасціннасці, і госця трэба спачатку накарміць, а потым ужо распытваць аб тым, што яго прывяло. Увогуле, традыцыя сустракаць гасцей здаўна пайшла з таго, што пасяленні людзей былі далёка адно ад аднаго, а таму людзі рэдка сустракаліся. І калі ўжо адбывалася сустрэча, гаспадары ў радасці шчыра запрашалі гасцей з’есці што-небудзь. Так і павялося здаўна – частаваць тых, хто прыходзіць у дом. Я вельмі люблю, калі да мяне прыходзяць госці, стараюся, каб ім усё спадабалася, а таму заўжды эксперыментую. У мяне няма сваёй традыцыйнай фірменнай стравы, бо мне падабаецца здзіўляць гасцей, адшукваць нешта новае, частаваць смачнымі, арыгінальнымі стравамі. У нашай сям’і трывала жыве руская традыцыя чаяпіцця. Пайшла яна ад бабулі. Унукаў у яе было шмат, усе збіраліся за вялікім сталом, елі, потым прыбіралі посуд, наводзілі парадак, каб распачаць доўгае чаяпіцце з самаварам і паўночнымі пірагамі-бруснічнікамі. Вось і цяпер, калі ў дом прыхо­дзяць госці, усе любяць піць чай. А яшчэ мне вельмі падабаюцца вялікія сямейныя гутаркі, калі за сталом збіраюцца ўсе блізкія, каб пагутарыць ва ўтульнай хатняй атмасферы. Дні нараджэння ў нашай сям’і – гэта вечары ўспамінаў з праглядам фотаздымкаў, відэаархіву. Прычым кожны ведае, што яму ў нашым доме заўжды рады.

Таццяна Крэнь, загадчыца ясляў-сада вёскі Олтуш:
— Кожная гаспадыня, чакаючы гасцей, вядома ж, думае, чым пачаставаць іх, якія стравы прыгатаваць, каб прыемна ўразіць. Калі да нас прыязджаюць сваякі з Гродзеншчыны, стараюся на стол падаць тыя стравы, якія для іх новыя – бліны з грэцкай мукой, шчупака фаршыраванага, рыбу, засмажаную на мангале, а калі ў доме адна­вяскоў­цы, сюрпрыз для іх — стравы з маёй радзімы — калдуны і бабка з ножкай. А яшчэ на кожнае свята стол абавязкова ўпрыгожвае спечаны торт, які кожны раз аформлены па-новаму. Калі сустракаеш гасцей, асабліва здалёк, важна не толькі іх смачна накарміць, але і цікава заняць час. Вядома ж, заўжды хочацца, каб у гасцей, якія пабывалі ў цябе, засталіся незабыўныя ўспаміны. У нашай вёсцы ёсць прыгожае возера. З гасцямі заўжды адпраўляемся на яго бераг, каб і яны маглі палюбавацца хараством прыроды. Калі да нас прыязджалі госці з Германіі, ездзілі з імі ў лес па грыбы, хадзілі на рыбалку. Для іх гэта былі новыя ўражанні. Яшчэ ў нашай сям’і ёсць традыцыя хлебасольна праводзіць гасцей. Абавязкова рыхтуецца гасцінец у дарогу, прычым гэта не нешта купленае, а менавіта дамашняе, прыгатаванае сваімі рукамі, а значыць ад душы.

Таццяна Сацюк, спе­цыяліст па сацыяльнай рабоце тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання на­сельніцтва:
— Калі ведаем, што ў доме будуць госці, безумоў­на, рыхтуемся, наводзім парадак, прадумваем меню, святочна сервіруем стол. Для гасцей, вядома, гатуюцца самыя любімыя ў сям’і стравы. Бывае, праўда, што госці прыходзяць нечакана. У нашай сям’і выраз “нязваны госць” не існуе. Мы заўжды рады ўсім і ў любы момант знойдзем, чым пачаставаць. Калі ў доме збіраюцца дзеці, асабліва, калі гэта дзіцячае свята, стараемся падрыхтаваць для іх гульні, каб было весела і цікава. Калі за сталом старэйшае пакаленне, можам паспяваць песні ці проста весці шчырую размову. Для гасцей, якія прыязджаюць здалёк, абавязкова праводзім экскурсію па горадзе, папярэдне расказаўшы пра яго гісторыю і паказаўшы старыя фотаздымкі. Між іншым, цяпер у нашай Маларыце ёсць шмат прыгожых месцаў, якія не сорамна паказаць. І госці заўжды здзіўляюцца таму, што наш маленькі, малавядомы іншым горад выглядае, як сапраўдны еўрапейскі.
Святлана МАКСІМУК.
Фота аўтара і Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 12.03.2014 г.

Добавить комментарий


www.etalon.com.ua

www.viagraon.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!