Гурток па ткацтву “Цудадзейны чаўнок” пры раённым Цэнтры народнай творчасці наведваюць не толькі дзяўчаты, але і юнакі

У Маларыцкім раённым цэнтры народнай творчасці цішыня. Толькі ў адным з яго пакояў мерна і нягучна стукаюць кросны: “шумяць” бёрды, бегае паміж нітоў чаўнок.Паступова атрымліваецца ўзор, закладзены ў нітах. Творчую атмасферу час ад часу парушае голас Валянціны Струнец, дырэктара ўстановы. Жанчына падказвае, што і ў якой паслядоўнасці неабходна рабіць. За ткацкім станком яна і чацвёра юнакоў. Андрэй Варанчук, Максім Лямачка, Сяргей Горбік і Сяргей Картавых вучацца ткаць.
— Юнакі — навучэнцы І курса Маларыцкага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці, — кажа Валянціна Мікалаеўна. – А з кастрычніка мінулага года яны наведваюць гурток па ткацтву “Цудадзейны чаўнок”, які ў нас існуе з 1998 г. Андрэя, Максіма і двух Сяргеяў у РЦНТ прывёў іх выкладчык Уладзімір Галавій. У хлопцаў узнікла ідэя навучыцца ткаць пасля экскурсіі ў раённы Цэнтр народнай творчасці.
— Усім вядомы верш Максіма Багдановіча “Слуцкія ткачыхі”, — сцвярджае Андрэй Варанчук. — Але той, хто добра ведае гісторыю, можа заўважыць у ім адну асаблівасць. У творы гаворка ідзе аб прыгонных дзяўчатах-ткачыхах. У сапраўднасці такія паясы ткалі мужчыны. Іх бралі па найме.
— Хлопцы, а ці цяжка навучыцца ткаць?
— Здаецца, што не, — пераконвае Сяргей Горбік. -Аснаваў, навіў, заправіў у ніты, закінуў у бёрды, прывязаў понажы, нацягнуў ніткі і пайшла справа. Галоўнае тут – жаданне і бачыць канчатковы вынік сваёй справы.
— Ці асвоілі вы ўжо старажытнае рамяство цалкам?
— Яшчэ, напэўна, не зусім, — кажа Сяргей Картавых. – Часу прайшло не так і многа. Мы пачыналі з нуля. Усім сакрэтам ткацтва вучыла і вучыць Валянціна Мікалаеўна. На заняткі мы наведваемся два разы на ты­дзень. Спачатку асвойвалі кросны, іх будову, асноўныя часткі і іх ролю, вучыліся хадзіць па панажах, вытыкаючы посцілкі. Цяпер селі за станок, дзе запраўлена тэхналогія ткацтва “кажушком”.
Валянціна Струнец патлумачыла, што на 4 рэмізках (нітах) атрымліваецца гладкая тканіна, якая нагадвае сацін. На вонкавым яе баку не бачна нітаў асновы. Такі від ткацтва быў характэрны ў асноўным толькі для нашага рэгіёна — для Маларыцкага строю адзення.
— Цяпер наша мэта,- дзеліцца планамі Андрэй Варанчук, — закончыць ткаць сурвэтку. Праца над ёй пакуль не завершана. Сурвэтка мае памер 45 Х 90 сантыметраў.Даткаць яе неабходна ў бліжэйшы час.
Юнакі спяшаюцца, бо вырашылі прыняць удзел у абласным аглядзе-конкурсе “Сёння ў нашай хаце свята”. Захапіў іх гэтым творчым спаборніцтвам выкладчык Уладзімір Галавій.
— Мерапрыемства праводзіцца ў рамках рэспубліканскага конкурсу “Беларускі вянок”, — гаворыць Уладзімір Апанасавіч. – Мы будзем прымаць удзел у намінацыі “Ад прадзедаў спакон вякоў…”
Маларытчына багата на таленты. Але майстроў, якія ў свае вырабы ўкладваюць усю душу, нацыянальны дух і традыцыі, з кожным днём становіцца ўсё менш і менш. Адна з іх — Сцепаніда Аляксееўна Сцепанюк, народная майстрыха з в.Дарапеевічы, якая пастаянна дзеліцца сакрэтамі ткацтва.Яно — гэта вялікая частка нашай гісторыі і культуры, таму мы павінны ведаць, шанаваць, берагчы, захоўваць гэты від рамяства. Каб быць самабытнымі, не асімілявацца з іншымі народамі.
* * *
На развітанне юнакі прызналіся, што ў кожнага з іх ёсць агульная мара і мэта ў жыцці: выткаць да заканчэння вучобы ў прафесійным ліцэі сабе і будучай жонцы… камплекты шлюбных убораў, каб быць у іх на вяселлі. Андрэй, Максім і два Сяргеі перакананы, што ў доме, які яны пабудуюць, абавязкова знойдзецца месца і кроснам.Яны ў доме стануць звыклым прадметам інтэр’еру.
* * *
У Маларыцкім раённым цэнтры народнай творчасці цішыня. Толькі мерна і нягучна стукаюць кросны.Рытм гэты нельга забыць, бо ён жывы, вечны.
…І тчэ юначая рука, ствараючы хараство на маларыцкі лад.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Валянціна Струнец, дырэктар Маларыцкага раённага Цэнтра народнай творчасці, са сваімі вучнямі — Андрэем Варанчуком, Максімам Лямачкам, Сяргеем Горбікам і Сяргеем Картавых — за кроснамі.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 12.03.2014 г.

Гурток па ткацтву “Цудадзейны чаўнок” пры раённым Цэнтры народнай творчасці наведваюць не толькі дзяўчаты, але і юнакі: 1 комментарий

  • 20.12.2015 в 1:02 пп
    Permalink

    Суперхлопцы! Сёння мала хто мае сілу траціць час на нешта істотнае, а не на марнаванне ў соцсетках. І настаўніца маладзец.

Добавить комментарий


https://yarema.ua

https://oncesearch.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!