Жывы сведка далёкіх падзей

Хутка гісторыка-краязнаўчаму музею Мельніцкай базавай школы споўніцца 33 гады з моманту адкрыцця. За гэты час яго наведала больш за 7,5 тысячы чалавек. На экскурсіях пабывалі прадстаўнікі не толькі Брэстчыны, але і іншых рэгіёнаў краіны. У кнізе наведванняў – запісы-падзякі ад жыхароў Масквы, Ленінграда, Кіева, Варонежа, Ніжняга Ноўгарада, Новасібірска, Валгаграда, Белай Царквы…Музеем загадвае Пётр Ківачук, ініцыятар, стваральнік і нязменны яго кіраўнік, выдатнік асветы БССР(1983 г.), настаўнік-метадыст (1988 г.), настаўнік гісторыі з 48-гадовым стажам працы.
Адкрыццё музея было прымеркавана да 18 мая 1980 года.
У гэты дзень на базе Мельніцкай школы адбыўся злёт партызанаў атрадаў імя Жукава і Варашылава. Прысутнічала 18 былых партызан на чале з Грэбеневым і Падалякам. Аднак і пазней музей быў месцам сустрэчы ўдзельнікаў вайны. Напрыклад, у 1981 г. у школе прайшоў злёт былых воінаў 75-й стралковай дывізіі, якая вяла баі з немцамі ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Маларыцкага раёна. Памятным стаў і 1984 г., калі на базе Мельніцкай школы прайшоў злёт воінаў 38-й гвардзейскай Лазоўскай стралковай дывізіі, якая прымала ўдзел у вызваленні Маларыцкага раёна ў 1944 г. У музеі традыцыйна праводзяцца сустрэчы з ветэранамі вайны, экскурсіі для вучняў школ раёна, шматлікіх гасцей.
-Пётр Іванавіч, калі ўзнікла задумка стварыць гісторыка-краязнаўчы музей?
— У ваколіцах нашай вёскі 25 чэрвеня 1941 г. воіны 75-й стралковай дывізіі знішчылі больш за 300 гітлераўцаў. У адказ немцы пачалі страляць у мірнае насельніцтва. Матэрыялу было дастаткова. Неабходна было правесці пошукавую работу, каб увекавечыць ваенныя падзеі таго часу і іх непасрэдных удзельнікаў. Хацелася, каб маладое пакаленне ведала па прозвішчах, імёнах усіх тых, хто для іх заваяваў цаной уласнага жыцця мірнае і чыстае неба над галавой. На збор матэрыялу, яго вывучэнне, сістэматызацыю затрачана было амаль10 гадоў. Праведзена вялікая работа. Патрэбную інфармацыю “шукалі” ў архівах, запісвалі са слоў жывых сведак. Значную дапамогу ў стварэнні экспазіцыі бою ля вёсак Мельнікі і Хаціслаў аказалі ўдзельнікі бою 75 стралковай дывізіі Давід Барысавіч Кац з Гродна, Мікалай Макаравіч Пузікаў з Растова. Шмат звестак аб партызанскім руху паведамілі Васіль Мікалаевіч Грэбенеў (г. Бор з былой Горкаўскай вобласці), былы камандзір атрада імя Варашылава, а затым камісар брыгады імя Леніна, а таксама Аляксей Данілавіч Падаляк (г. Брэст), былы начальнік асобага аддзела брыгады імя Леніна… Важным звяном работы музея з’яўлялася і з’яўляецца пошукавая работа па выяўленні захаванняў былых воінаў і іх перазахаванне.
Цікавасць да падзей Вялікай Айчыннай вайны не змяншаецца. Аб гэтым сведчаць экскурсіі, якія пастаянна праводзіць Пётр Іванавіч.
У перыяд з 2009 па 2011 гг. Пётр Ківачук вёў работу па прызнанні былой партызанкі Кацярыны Васільеўны Саўчук (да замужжа Церашчук) удзельніцай вайны.
Кацярына Саўчук з сакавіка па кастрычнік 1943 г. з’яўлялася сувязной партызанскага атрада імя Варашылава брыгады імя Сталіна Брэсцкай вобласці. 28 кастрычніка яна была паранена ў нагу і дастаўлена партызанамі ў в.Сварынь (Драгічынскі раён), дзе знаходзіліся штаб Брэсцкага злучэння і партызанскі аэрадром. Адсюль праз 2 тыдні жанчына была вывезена за лінію фронту самалётам у Маскву для лячэння.
У 50-я гады ў час пажару згарэлі дакументы жанчыны. Яна не хадзіла па інстанцыях, нічога не прасіла, не спрабавала аднавіць страчаныя паперы. За справу ўзяўся Пётр Ківачук. Аднак пошукі і паходы па інстанцыях занялі некалькі гадоў. І толькі напярэдадні 23 лютага 2011 г. Кацярыне Саўчук урачыста ўручылі пасведчанне партызана Беларусі, памятны знак “Партызан Беларусі”, юбілейны медаль “65 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў”.
За час работы Мельніцкага музея Пётр Ківачук устанавіў дзясяткі імёнаў землякоў і тых, хто змагаўся ў ваколіцах вёсак Мельнікі і Хаціслаў. Пошукавая праца працягваецца яшчэ і цяпер.
— Многае, на жаль, яшчэ невядома, прыхавана ўжо даўнасцю гадоў, — кажа Пётр Ківачук. – Пакуль ёсць яшчэ жывыя сведкі тых падзей, то неабходна выкарыстоўваць такую магчымасць.
* * *
Сёння ў музеі Мельніцкай базавай школы 7 экспазіцый: “Гісторыя ўзнікнення вёскі і яе развіццё да 1941 г.”, “Пачатак Вялікай Айчыннай вайны і бой ля вёсак Мельнікі і Хаціслаў 25.06.1941 г.”, “Партызанскі рух у Маларыцкім раёне і ўдзел у ім жыхароў вёсак Мельнікі і Хаціслаў”, “Аперацыя савецкай разведкі 14 мая 1944 г. па выратаванні і адпраўцы ў Маскву польскай дэлегацыі на сустрэчу са Сталіным”, “Нашы аднавяскоўцы – удзельнікі вызвалення Еўропы ад фашызму”, “Трагедыя партызанскіх сем’яў”, “Гісторыя Мельніцкай школы: 1884-2014 гг.” Як бачым, асноўнае месца ў гісторыка-краязнаўчым музеі Мельніцкай базавай школы займае тэма Вялікай Айчыннай вайны. Цікавасць да гэтай тэмы ніколі не знікне.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Пётр Ківачук праводзіць чарговую экскурсію ў музеі.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 12.03.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


www.iwashka.com.ua

monaliza.kiev.ua

мягкая черепица цена