НА ПЕРШЫМ МЕСЦЫ — ЧАЛАВЕК

Марыя Афанасенка, дырэктар Гвозніцкага д/с-СШ, зарэгістравана кандыдатам у дэпутаты Брэсцкага абласнога Савета па Маларыцкай выбарчай акрузе. У прэтэндэнты на дэпутацкае месца Марыя Міхайлаўна вылучана працоўным калектывам Маларыцкай цэнтральнай раённай бальніцы, а таксама ініцыятыўнай групай у складзе прадстаўнікоў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Маларыцкага райвыканкама, кансервавагародніна­сушыльнага камбіната.
— Я разумею, — кажа Марыя Афанасенка, — якая гэта вялікая адказнасць, як шмат неабходна будзе зрабіць, каб апраўдаць давер выбаршчыкаў, калі стану дэпутатам.Бо асноўны яго абавязак – дзейнічаць у адпаведнасці з запатрабаваннямі жыхароў горада і раёна, вырашаць набалелае і на­дзённае разам з зацікаўленымі службамі, у кампетэнцыі якіх знаходзіцца тое ці іншае пытанне. А яшчэ — абазначаць пытанні і адстойваць інтарэсы Маларытчыны ў вырашэнні таго ці іншага пытання на абласным узроўні.
Аднак можна быць упэўненым, што веды, уменні, перакананні, жыццёвы вопыт, грама­дзянская пазіцыя, настойлівасць Марыі Міхайлаўны ў дасягненні пастаўленай мэты дасць ёй магчымасць аператыўна вырашаць пытанні, якія ўзнікнуць. У Марыі Афанасенкі ёсць жаданне працаваць для далейшага росквіту раёна, паляпшэння дабрабыту людзей. Яна добра ведае праблемы, якія характэрны для горада і сельскай мясцовасці. Таму перадвыбарная праграма кандыдата Марыі Афанасенкі ў абласны Савет дэпутатаў грунтуецца на пунктах, якія вынікаюць з рэалій нашага сённяшняга жыцця.
У выпадку абрання сваю дэпутацкую дзейнасць Марыя Афанасенка будзе ажыццяўляць па наступных асноўных накірунках: актыўны ўдзел у грамадскім жыцці акругі, выяўленне і вырашэнне праблемных пытанняў ва ўсіх сферах жыцця.
— Неабходна звярнуць увагу на забеспячэнне гарантаванай даступнасці і якасці аказання медыцынскіх паслуг, бытавога абслугоўвання, спажывецкай кааперацыі, у тым ліку і на вёсцы, — гаворыць Марыя Міхайлаўна. – Я буду імкнуцца садзейнічаць вырашэнню пытанняў фінансавання і будаўніцтва жылля, развіцця транспартнага забеспячэння насельніцтва раёна, нацыянальнай культуры і самабытнасці, добраўпарадкавання дваровых тэрыторый, рамонту жыллёвага фонду. Таксама нельга пакідаць без увагі здаровы лад жыцця насельніцтва горада, раёна і далейшае замацаванне агульначалавечых духоўных каштоўнасцей у грамадстве…
Хвалюе Марыю Афанасенку і газіфікацыя населеных пунктаў Ланская,Радзеж, Гвозніца, незавершанае асфальтавае пакрыццё дарог да вёсак Дарапеевічы, Гвозніца, а таксама — шматдзетныя сем’і, адзінокія людзі, састарэлыя, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і працы, маламаёмныя, узвядзенне ў Маларыце дзіцячага дома сямейнага тыпу…
— Пры правядзенні мерапрыемстваў па аптымізацыі сетак устаноў адукацыі, культуры неабходна выбіральна падыходзіць да іх захавання і мінімальнага скарачэння штату работнікаў, — кажа Марыя Міхайлаўна. – Сёння востра стаіць пытанне павышэння прэстыжу сям’і, яе ролі ў грамадстве. Асобнае пытанне –маладая сям’я, а таксама апякунская і прыёмная. Для іх трэба, каб былі створаны адпаведныя жыллёвыя і сацыяльна-бытавыя ўмовы. На прыкладзе Гвозніцы бачу праблему замацавання маладых спецыялістаў на вёсцы. Гэтым таксама трэба актыўна займацца, як і стварэннем спрыяльных умоў для развіцця малога і сярэдняга бізнесу, для вядзення сельскай фермерскай гаспадаркі. Пры гэтым нельга забываць пра належныя бяспечныя ўмовы працы на любой вытворчасці…
У перадвыбарнай праграме Марыі Афанасенкі на першым месцы стаіць чалавек, клопат пра яго. А вырашэнне канкрэтных праблем грамадзян і будзе спрыяць у канчатковым выніку павышэнню аўтарытэту мясцовай улады.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Марыя Афанасенка, дырэктар Гвозніцкага д/с-СШ, кандыдат у дэпутаты абласнога Савета дэпутатаў.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 15.03.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.