ЛАКМУСАВАЯ ПАПЕРА

— Рознічны гандаль з’яўляецца вядучым не толькі па свайму эканамічнаму патэнцыялу, але і свайго роду лакмусавай паперай, што фарміруе грамадскую думку, — заўважыла старшыня райспажыўтаварыства Алена Цімашэнка, якая выступала з дакладам на нядаўнім справаздачна-выбарным сходзе, што прайшоў у райспажыўтаварыстве.1.
Гаварыць пра дэфіцыт тавараў сёння не даводзіцца. Перад работнікамі прылаўка стаіць іншая праблема: як прадаць тавар, чым прыцягнуць пакупніка, зацікавіць яго, каб ён не ехаў у суседнія з намі краіны – Польшчу ці Украіну альбо ў Брэст у гіпер- і супермаркеты, а каб яму хацелася набыць тавар тут, у сябе дома.
Будзем аб’ектыўнымі: што залежыць непасрэдна ад спажыў­кааперацыі раёна, дык прадстаўнікі яе, а гэта ў першую чаргу кіраў­ніцтва райспажыўтаварыства, стараюцца рабіць усё, каб спажывец не застаўся пакрыўджаным. Калі браць непасрэдна гандаль, у райспажыўтаварыстве цяпер функцыянуе 68 стацыянарных рознічных гандлёвых прадпрыемстваў, з іх 25 магазінаў па продажы прадуктовых тавараў, 16 — па продажы непрадуктовых тавараў, 27 — па продажы тавараў паўсядзённага попыту, 3 — аўтамагазіны. Сярэднямесячны тавараабарот на 1 чалавека, якога абслугоўваюць, па райспажыўтаварыству склаў за 2013 год 5821,8 тысяч рублёў. Гэта сёмае месца ў аблспажыўсаюзе.
Развіццё гандлёвых прадпры­емстваў у райспажыў­таварыстве ажыццяўляецца па двух напрамках, першы з якіх – развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы галіны за кошт новага будаўніцтва, рэканструкцыі гандлёвых аб’ектаў, набыцця аўтамагазінаў, укаранення прагрэсіўных форм гандлю, развіцця безнаяўных разлікаў і інш.
За 2009-2013 гады ў Маларыце ўведзены ў эксплуатацыю вялікі гандлёвы аб’ект супермаркет “Родны кут”, пабудаваны 4 новыя міні-магазіны крокавай даступнасці: у в. Ужова і г. Маларыта па вул. Заслонава, “Гарачы хлеб”, “Прамтавары” ў в. Велікарыта; адноўлена работа раней закрытых магазінаў у в. Перавое, Багуслаўка, Хаціслаў, Олтуш; пасля рэканструкцыі новае жыццё атрымалі магазіны “Універмаг”, “Бусляня”, “Еўрастыль”, “Хлеб” у в. Мельнікі; у фармаце дысконтнага гандлю па продажы насельніцтву тавараў па зніжаных цэнах адкрыта гандлёвая кропка “Верас-дыскаунтэр” і 4 аддзелы ў сельскіх магазінах вёсак Макраны, Олтуш, Чарняны і Лукава; з мэтай павышэння ўзроўню абслугоўвання жыхароў малых населеных пунктаў, дзе адсутнічае стацыянарная гандлёвая сетка, набыты 2 новыя аўтамагазіны, аснашчаныя сучасным халадзільным і гандлёвым абсталяваннем з забеспячэннем умоў для ажыццяўлення гандлю ў адпаведнасці з санітарнымі патрабаваннямі, на шасі сучасных аўтамабіляў з нізкім расходам паліва; у ходзе развіцця сістэмы безнаяўных разлікаў устаноўлена 68 банкаўскіх плацёжных тэрміналаў; адрамантавана 45 гандлёвых аб’ектаў, па метаду самаабслугоўвання працуе 51 магазін, закуплена і ўстаноўлена 109 адзінак халадзільнага абсталявання. У райспажыўтаварыстве ўкаранёны актыўныя формы гандлю – кірмашы, выязны гандаль. З мэтай стымулявання пакупніцкага попыту летась, да прыкладу, праводзіліся шматлікія акцыі, як пастаянна дзеючыя, так і перыядычныя: “Вечар нізкіх цэн”, “Ноч скідак”, “Падары свята”, “Святочныя скідкі”, “Дзень імянінніка”, “Навагодні цэнапад” і інш. Дзякуючы гэтаму ўдалося павялічыць рэалізацыю па 16 таварных групах прадуктаў і 10 таварных групах не прадуктаў.
Значную ролю ў сістэме спажыў­кааперацыі адыгрывае прамысловасць райспажыў­таварыства. Гэтая галіна на працягу многіх год забяспечвае стабільную рэнтабельную работу. Чысты прыбытак за 2013 год склаў 567 мільёнаў рублёў, у тым ліку ў хлебапячэнні 508 мільёнаў рублёў, у кандытарскай вытворчасці – 110 мільёнаў руб.
2.
Адной з задач спажывецкай кааперацыі з’яўляецца асваенне лішкаў сельскагаспадарчай і дзікарослай прадукцыі, закупленай у насельніцтва, стымуляванне развіцця асабістых падсобных гаспадарак грамадзян.
Для забеспячэння пастаўленай задачы ў райспажыўтаварыстве ёсць 2 стацыянарныя прыёма-нарыхтоўчыя пункты, 5 нарыхтоў­шчыкаў, 68 прадпрыемстваў гандлю. З мэтай стварэння належных умоў для закупу ў насельніцтва лішкаў прадукцыі ў сезон адкрываюцца дадатковыя нарыхтоўчыя пункты.
Летась аб’ём нарыхтоўчага абароту склаў 6365 мільёнаў рублёў, у тым ліку закуп сельгаспрадукцыі і сыравіны ў насельніцтва — 4375 мільёнаў руб.
3.
Паспяховае вырашэнне задач, што стаяць перад сістэмай спажыўкааперацыі, знаходзіцца ў прамой залежнасці ад развіцця і ўмацавання тэхнічнай базы. За справаздачны перыяд (2009-2013 гг.) затраты на інвестыцыі склалі 10332 мільёны руб., у тым ліку за 2013 год аб’ём інвестыцый, накіраваных ва ўсе галіны, склаў 1184 мільёны рублёў, з іх у гандлёвую галіну накіравана 742 мільёны рублёў, грамадскае харчаванне – 30 мільёнаў руб., прамысловасць – 190, нарыхтоўкі — 222 мільёны руб.
І сёння перад сістэмай спажывецкай кааперацыі, і ў пры­ватнасці перад Маларыцкім райспажыўтаварыствам, стаіць задача: забяспечыць эфектыўную высокарэнтабельную работу, захаваўшы пры гэтым сацыяльную накіраванасць сваёй дзейнасці.
4.
На сходзе быў заслуханы таксама даклад старшыні рэвізійнай камісіі Вадзіма Улезлы.
У абмеркаванні даклада прынялі ўдзел майстар-повар рэстарана “Рыта” Зінаіда Грачова, старшы прадавец міні-магазіна “Родны кут” па вул. Заслонава Любоў Меляшчук, кандытар Святлана Кучмінская, рабочая па пранні і рамонту спецадзення камбіната кааператыўнай прамысловасці Любоў Кулагіна, вядучы таваразнаўца Сяргей Сацюк, вадзіцель Васіль Аляксюк, прадавец аўтамагазіна Ніна Наўрось, былы дырэктар камбіната кааператыўнай прамысловасці Алена Лямачка.
5.
Прысутныя на сходзе аднагалосна выбралі старшынёю праўлення райспажыўтаварыства зноў Алену Аляксандраўну Цімашэнка.
Лепшыя работнікі былі заахвочаны. У прыватнасці, граматай аблспажыўсаюза — вядучы бухгалтар Вера Юшчук, граматамі праўлення райспажыўтаварыства і прафсаюзнага камітэта — рабочая па рамонту і пранні спец­адзення камбіната кааператыўнай прамысловасці Любоў Кулагіна, старшы прадавец магазін “Блюз” Любоў Вярэніч і повар кафэ “Скарпіён” Тамара Куран.
Каштоўнымі падарункамі былі ўзнагароджаны таксама лепшыя калектывы райспажыўтаварыства. Сярод іх калектывы кафэ “Скарпіён”, аўтагаража, склада “Халадзільнік”, магазіна “Родны кут” і хлебазавода.
У рабоце сходу прынялі ўдзел і выступілі намеснік старшыні аблспажыўсаюза Дзмітрый Глушынскі і намеснік старшыні райвыканкама Эдуард Кандзярэшка.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: у час справа­здачна-выбарнага сходу ў рай­спажыўтаварыстве.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 15.03.2014 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!