Музычнае спатканне з мінулым

“Песні, як людзі: у іх свая біягра­фія, свой лёс…” – такімі словамі пачалася тэматычная праграма “Песні, абпаленыя вайной”, якая была арганізавана спецыялістамі тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і калектывам раённай гімназіі. Сабрала яна ў зале людзей розных пакаленняў – членаў клуба зносін для пажылых людзей “Незгасальны агеньчык”, які дзейнічае пры тэрытарыяльным Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, ветэранаў вайны, былых вязняў канцлагераў, прадстаўнікоў раённай арганізацыі таварыства інвалідаў па зроку, маладых лю­дзей з аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў, вучняў раённай гімназіі. Гледачоў чакала не толькі канцэртная праграма, у якой гучалі песні, што былі напісаны ў суровы час, калі ішлі цяжкія баі на франтах Вялікай Айчыннай вайны, але і знаёмства з гісторыяй стварэння кожнага музычнага твора.
Песні аб вайне… Колькі іх, прыгожых, незабыўных. У іх радках ёсць усё: і горыч адступленняў у першыя месяцы вайны, і эпізоды ваеннага жыцця салдат, і расказы аб баявых падзвігах, і боль страт, і надзея, з якой жылі людзі ваеннага пакалення, і радасць вяртання дамоў з перамогай, і памяць аб тых, каму не пашчасціла ўбачыць мірны світанак. У акіян успамінаў змаглі акунуцца ўсе ўдзельнікі сустрэчы. Дапамаглі ў гэтым юныя салісты – вучні раённай гімназіі.
“…Вставай, страна огромная, вставай на смертный бой…” — заклікалі словы песні, якая з’явілася ў першыя дні вайны, і ўжо 27 чэрвеня 1941 года пад гукі яе баявыя эшалоны адпраўляліся на фронт. Песня і сёння не пакідае раўнадушнымі людзей, якія памятаюць страшныя старонкі гісторыі. Слухаючы фанаграму песні, без запрашэння вядучых таксама паднялася ўся зала. Пранікнёныя словы песні ўскалыхнулі ўсім душу…
Заціхлі акорды “Свяшчэннай вайны”, і па зале разлілася новая мелодыя – лёгкая, задзірыстая, напоўненая аптымізмам. Прыгожую песню “Кацюша” з першых нот пазналі ўсе. І разам заспявалі. Песня гэтая, як сведчыць гісторыя, з’явілася яшчэ да вайны. Напружаная атмасфера пачатку саракавых гадоў сама падказала паэту тэму верша – каханне дзяўчыны і воіна-абаронца Радзімы. Так з’явілася песня аб абавязку байца і вернасці ў каханні, аб вялікіх патрыятычных пачуццях савецкіх людзей. У гады Вялікай Айчыннай вайны “Кацюша” загучала па-новаму, з’явіліся дзясяткі іншых варыянтаў гэтай песні. Але якія б радкі ні дабаўляліся ў яе, яна заставалася любімай музычнай спадарожніцай на фронце і ў тыле. З задавальненнем, падхопліваючы словы, заспявалі “Кацюшу” і ўдзельнікі сустрэчы.
Мілагучная, душэўная “Сіняя хустачка” — любімая песня людзей старэйшага пакалення. Яна таксама нарадзілася яшчэ да вайны, але ў ваенны час тэкст песні значна змяніўся. Гэты твор у ваенны час нядоўга гучаў са сцэны. Але пачуўшы песню, людзі падхапілі словы і мелодыю і спявалі яе ўсюды. Дружна падтрымала зала гэтую песню ў новым выкананні, апладысментамі сустрэўшы на сцэне юных артыстаў.
Разам удзельнікі сустрэчы спявалі і песню “Цёмная ноч”. Была напісана гэтая песня, як фонавая музыка для фільма “Два байцы”. Шчырасць слоў, душэўнасць мелодыі зрабілі песню папулярнай.
Не менш хвалююча гучала са сцэны і песня “У зямлянцы”. Далёка не кожны ведае, што з’явілася яна зусім выпадкова. Спачатку словы песні былі часткай пісьма, якое напісаў сваёй жонцы пасля цяжкага бою франтавы журналіст. На шчырыя, напоўненыя тугою ад разлукі з каханай радкі, якія патрапілі ў рукі кампазітара, хутка лягла музыка. Лірычную песню адразу палюбілі і байцы, і тыя, хто чакаў іх.
Першыя гукі мелодыі песні “Алёша” напомнілі пра падзеі апошняга года вайны, калі савецкі салдат, вызваліўшы сваю Радзіму, не спыніўся, пайшоў далей, каб дапамагчы вызваліцца ад фашызму іншым народам. Гэтая песня стала сваеасаблівым музычным помнікам. У час сустрэчы прагучала яна ўрачыста, нібы сімвалізуючы перамогу дабра над злом.
Спяваючы песні, юныя выканаў­цы старанна ўжываліся ў ролі, акуналіся ў гісторыю, якую ведаюць па кнігах, фільмах, расказах дзедаў і прадзедаў. З асалодай паслухаўшы выступленне школьнікаў, свой музычны падарунак вырашылі зрабіць моладзі прадстаўнікі таго пакалення, на лёсе якога свой адбітак пакінула вайна. У выкананні народнага хору ветэранаў гарадскога Дома культуры прагучала некалькі ваенных песень.
…У песні, як і ў чалавека, свой адрэзак жыцця. Адны паміраюць, толькі з’явіўшыся на свет, іншыя, успыхнуўшы ярка, хутка гаснуць. Але ёсць нямногія, якія жывуць доўга і не старэюць. Менавіта такімі з’яўляюцца многія песні ваенных гадоў. Успомніўшы іх, удзельнікі сустрэчы нібы пагарталі старонкі гісторыі. І музычнае спатканне з мінулым нікога не пакінула раўнадушным.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час музычнай сустрэчы.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 15.03.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.