“У маленькай сіняй кніжцы – летапіс жыцця”

Для 26 маладых людзей з нашага раёна мінулы паня­дзелак застанецца ў памяці як урачыстая і памятная дата. У рамках усебеларускай акцыі “Мы – грамадзяне Беларусі” яны атрымалі свой галоўны дакумент – пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Арганізатары святочнага мерапрыемства, якое праходзіла ў вялікай зале райвыканкама, пастараліся зрабіць усё для таго, каб для 14-гадовых юнакоў і дзяўчат кожны момант урачыстасці быў незабыўным.
Сімвалічна, што ўручэнне пашпартоў юным грамадзянам прымеркавана да Дня Канстытуцыі, бо асноўны дакумент дзяржавы абараняе правы і інтарэсы сваіх грамадзян. Але быць грамадзянінам – гэта, у першую чаргу, несці адказнасць і за свае ўчынкі, і за будучыню краіны.
Аб гэтым напомнілі маладым людзям, уручыўшы першы ў іх дарослым жыцці дакумент, старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Губей, намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Шпетны, інспектар аддзялення па грамадзянству і міграцыі Маларыцкага РАУС Аляксандр Шаламай. Яны пажадалі юнакам і дзяўчатам дастойна несці па жыцці званне грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, выхоўваць у сабе працавітасць, імкнуцца да ведаў, развіваць свае таленты і, куды б ні закінуў лёс, заўжды памятаць, што нарадзіліся ў Беларусі, на Маларытчыне, добрымі справамі праслаўляць свой родны край.
— Мы будзем імкнуцца з павагай ставіцца да нашай гісторыі, цаніць працу лю­дзей, садзейнічаць росквіту і дабрабыту краіны, — запэўніў ад імя ўсіх маладых лю­дзей, што былі ў зале, вучань Гвозніцкай школы Андрэй Афанасенка.
Святочныя моманты ў жыцці дзяцей радасцю адбіваюцца ў сэрцах іх самых блізкіх людзей. З важным крокам у дарослае жыццё ад імя бацькоў павіншавала юнакоў і дзяўчат адна з матуль – Святлана Вітаноўская. Яна адзначыла, што ў маленькай сіняй кніжцы з назвай пашпарт умяшчаецца ўвесь летапіс жыцця чалавека. Тут і адзнака аб стварэнні сям’і, і запіс аб нараджэнні дзяцей, службе ў арміі. Яна пажадала, каб гэты летапіс у кожнага быў напоўнены добрымі падзеямі, каб кожны з юных грамадзян Рэспублікі Беларусь стараўся ўмацоўваць аўтарытэт краіны.
Стала добрай традыцыяй у час акцыі “Мы — грамадзяне Беларусі” ўручаць членскія білеты тым, хто папаўняе рады раённай арганізацыі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Віншаванні з уступленнем у маладзёжную арганізацыю гучалі ў час урачыстага мерапрыемства для 23 юнакоў і дзяўчат – вучняў Мельніцкай БШ і раённай гімназіі. А каб сустрэча была сапраўды запамінальнай, свае шчырыя песні пра Беларусь падарылі маладым людзям салісты гарадскога Дома культуры.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: пашпарты ў руках паўнапраўных грама­дзян сваёй краіны.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 19.03.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


https://np.com.ua

https://ford.niko.ua

surrogacycmc.com