БЕСКАРЫСЛІВАЯ АДДАНАСЦЬ ВЫБАРШЧЫКАМ

У пятніцу, 14 сакавіка г.г., адбылася ХХІ сесія Маларыцкага раённага Савета дэпутатаў 26 склікання.
Дэпутаты заслухалі справаздачу старшыні райсавета дэпутатаў Пятра Губея аб дзейнасці Савета дэпутатаў у 2013 годзе і стане спраў на падведамаснай тэрыторыі. На сесіі таксама выступілі дэпутаты Таццяна Камянчук, Анатоль Навакоўскі.
Па другім пытанні “Аб зацвярджэнні тэрытарыяльнай праграмы дзяржаўных гарантый па забеспячэнні медыцынскім абслугоўваннем грамадзян, якія пражываюць у Маларыцкім раёне, на 2014 год”, выступіў галоўны ўрач цэнтральнай райбальніцы дэпутат Пётр Селівонік.
Дэпутаты разгледзелі і іншыя пытанні, па якіх прыняты адпаведныя рашэнні.

Са справа­здачы старшыні райсавета дэпу­татаў Пятра Губея:
— Прыемна адзначыць, што дзейнасць дэпутатаў 26 склікання характарызавалася ўзгодненасцю і канструктыўнас­цю. Яна была накіравана на дасягненне параметраў сацыяльна-экана­мічнага раз­віцця і праграмы мадэрнізацыі раёна.
З задавальненнем адзначу, што прыкладам работы летась, як і раней, былі прадпрыемствы, дзе кіраўнікі – дэпутаты раённага Савета дэпутатаў.
Па-ранейшаму асноўным вытворцам і экспарцёрам прамысловай прадукцыі ў раёне застаецца ААТ “Маларыцкі кансервавагароднінасушыльны камбінат”, дзе дырэктарам працуе дэпутат раённага Савета дэпутатаў Таццяна Камянчук. Удзель­ная вага прадпрыемства ў прамысловай вытворчасці раёна складае 42%.
Добрай ўраджайнасці ў вытворчасці зерня дасягнуў СВК “Дарапеевічы” (кіраўнік дэпутат райсавета дэпутатаў Васіль Юхімук). Тут атрымалі больш чым па 40 цэнтнераў з гектара, у разліку на бала-гектар раллі 84 кілаграмы зерня. З году ў год СВК “Дарапеевічы” дабіваецца высокіх вынікаў у вытворчасці кармоў. І мінулы год не стаў выключэннем. У чарговы раз гэтая гаспадарка прызнана пераможцай у рэспубліканскім спаборніцтве па нарыхтоўцы кармоў з прысуджэннем першага прызавога месца. Тут было нарыхтавана па 34,5 цэнтнера кармавых адзінак.
СВК “Чарняны” (старшыня дэпутат райсавета дэпутатаў Міхаіл Перкавец) заняў трэцяе прызавое месца ў рэспубліканскім спаборніцтве, дзе нарыхтавана 33,5 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы.
У 2013 годзе працягвалася газіфікацыя населеных пунктаў раёна. Так, прыродны газ быў пададзены ў в. Гусак, пабудавана больш чым 12 кіламетраў газавых размеркавальных сетак у вёсках Збураж, Чарняны, Макраны, Арэхава, Ляхаўцы, Лешніца, Гусак і ў г. Маларыта. Газіфікавана каля 150 прыватных дамоў.
На пасяджэннях прэзідыума раённага Савета дэпутатаў неаднаразова, сумесна са старшынямі органаў улады пярвічнага ўзроўню, службамі раёна, грамадскімі фарміраваннямі абмяркоўваліся пытанні якасці паслуг, прадастаўляемых жыхарам сельскай мясцовасці.
Камунальнай службе раёна былі перада­дзены палігоны цвёрдых бытавых адходаў, аб’екты водазабеспячэння, водаправодныя і каналізацыйныя сеткі. Сёлета на баланс камунальнікаў неабходна перадаць могілкі, якія ёсць на тэрыторыі раёна. Але гэта ніяк не азначае, што сельскія Саветы, грамадскасць павінны заставацца ўбаку і не наводзіць, не падтрымліваць парадак на могілках, ды і ў цэлым на тэрыторыях населеных пунктаў.
Важную ролю ў рабоце з насельніцтвам займае ДзУ “Маларыцкі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва”. Пад увагай спецыялістаў Цэнтра знаходзіцца 6068 грамадзян 24 катэгорый, у тым ліку ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, і асобы, якія пацярпелі ад вынікаў войнаў, адзінокія і пажылыя грамадзяне, адзінокія інваліды І і ІІ груп, маладыя інваліды, асобы з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, і іншыя. На працягу 2013 года спецыялісты Цэнтра ў складзе мабільнай брыгады 43 разы выязджалі ў сельскія населеныя пункты, 32 – у аграгарадкі. З 306 просьбаў, якія паступалі, амаль усе выкананы. Праведзены рамонт печаў, замена электраправодкі, устаноўлены аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі і інш.
Немалаважную ролю ў развіцці раёна адыгрывае малое прадпрымальніцтва. Толькі ў 2013 годзе створана 19 суб’ектаў, зарэгістравана ў якасці ІП 98 фізічных асоб. У раёне створаны і будуць стварацца спрыяльныя ўмовы для равіцця прадпрымальніцтва. Толькі ў 2013 го­дзе на аўкцыёнах прададзена 9 аб’ектаў нерухомасці, сума здзелак склала больш чым 600 мільёнаў рублёў.
У цэлым застаецца стабільнай сітуацыя на рынку працы. Хаця захоўваецца дысбаланс попыту і прапановы рабочай сілы.
Непакоіць дэмаграфічная сітуацыя ў раёне. І хоць летась нязначна павысілася нараджальнасць, аднак узровень смяротнасці застаецца высокім.
За апошнія гады цалкам абноўлены аб’екты аховы здароўя, незакончаным застаўся толькі хірургічны корпус.
Летась завершана рэканструкцыя будынка лабараторыі пад дзённы стацыянар, праведзены капітальны рамонт Олтушскай участковай бальніцы, рамонты ў Мельніцкім і Радзежскім фельчарска-акушэрскіх пунктах. Набыты аўтамабіль хуткай медыцынскай дапамогі з камплектацыяй агульным коштам 519 мільёнаў рублёў.
На сённяшні дзень у сельскай мясцовасці ўсе ўрачэбныя амбулаторыі і ФАПы забяспечаны медыцынскімі работнікамі.
У раёне вырашаюцца першачарговыя задачы па павышэнню якасці адукацыі, дынамічнаму развіццю сістэмы.
Стабільны са штогадовым прыростам 1-2% паказчык паступлення нашых выпускнікоў у ВНУ. Летась ён склаў 50,2%.
Матэрыяльна-тэхнічная база гарадскіх устаноў культуры дазваляе праводзіць мерапрыемствы высокага ўзроўню. Адно з такіх ужо стала традыцыйным. Гэта абласны тур Усебеларускага фестывалю нацыянальных культур “Суквецце культур”.
З увядзеннем у 2010 годзе ў строй універсальнага спартыўнага комплексу “Жамчужына” жыхары раёна, моладзь, вучні атрымалі магчымасць з карысцю для здароўя, у камфортных умовах праводзіць вольны час. Аднак мы яшчэ не сфарміравалі ў свядомасці людзей, і ў першую чаргу ў дзяцей і моладзі, неабходнасць у здаровым ладзе жыцця, актыўных занятках фізічнай культурай, спортам і турызмам.
Раённы Савет дэпутатаў ажыццяўляе сваю дзейнасць не толькі праз правядзенні сесій, але таксама і праз пасяджэнні прэзідыума і пастаянныя камісіі, іншыя органы Саветаў, а таксама шляхам рэалізацыі дэпутатамі сваіх паўнамоцтваў у парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
У райсавеце створаны і функцыянуюць 4 пастаянныя камісіі: мандатная і па пытаннях мясцовага кіравання і самакіравання, па пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця, па захаванні законнасці і ахове правоў грамадзян, па аграрных, харчовых пытаннях і экалогіі.
У выніку актывізацыі кантролю за фарміраваннем і выкананнем бюджэту пярвічнага ўзроўню доля ўласных даходаў у бюджэтах сельскіх Саветаў склала 48,8%. Больш эфектыўна працавалі па папаўненні бюджэту за кошт уласных сродкаў Велікарыцкі, Лукаўскі, Олтушскі сельскія Саветы.
Вялікую дапамогу ў асвятленні дзейнасці райсавета дэпутатаў аказвае творчы калектыў раённай газеты “”. У газеце рэгулярна публікуюцца матэрыялы аб рабоце Савета, аб дзейнасці дэпутатаў усіх узроўняў. У артыкулах знаходзяць адлюстраванне пытанні, што разглядаюцца на сесіях і пасяджэннях прэзідыума райсавета дэпутатаў па розных сферах дзейнасці.
Цяпер органы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання раёна прадстаўлены 57 старастамі ў вёсках і 72 старшымі па дому ў горадзе.
Хацелася б адзначыць работу такіх стараст, як Мікалай Сцяпанавіч Герасімук з Мельнік, Іван Мікалаевіч Дуль з Велікарыты, Мікалай Васільевіч Ляўчук з Гвозніцкага сельсавета, Анатоль Васільевіч Шульжык з Олтушскага.
Значная роля дэпутатаў пярвічнага ўзроўню ў пытаннях жыццядзейнасці грамадзян. Трэба адзначыць, што многае робіцца па ініцыятыве дэпутатаў.
Да прыкладу, па ініцыятыве дэпутатаў Хаціслаўскага сельсавета на вул. Леніна і Гагарына ў Хаціславе была праведзена работа па пракладцы тратуару, могілкі ў вв. Хаціслаў і Отчын былі агароджаны. У в. Мельнікі ўдалося захаваць хлебны магазін. Былі абуладкаваны пляцоўкі каля кантэйнераў для збору смецця ў в. Хаціслаў. Не засталіся без увагі пытанні вулічнага асвятлення, чысткі дарог, добраўпарадкавання вуліц і дваровых тэрыторый.
Шмат увагі медыцынскаму абслугоўванню насельніцтва, умацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы, добраўпарадкаванню тэрыторый удзяляе дэпутат раённага і Олтушскага сельскага Саветаў Наталля Паздзяйкіна. Аўтарытэтам сярод насельніцтва карыстаюцца дэпутаты Макранскага сельсавета Уладзімір Кійко, Іван Панчук, Вера Мішчук, да якіх звяртаюцца людзі па розных пытаннях, што іх хвалююць.
Было б несправядлівым сёння не сказаць усім вам, паважаныя дэпутаты, словы падзякі за бескарыслівае служэнне сваім выбаршчыкам.
Дзейнасць Маларыцкага раённага Савета і ў далейшым будзе накіравана на выкананне задач, пастаўленых Прэзідэнтам нашай краіны Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам, урадам, вышэйстаячымі выканаўчымі і распарадчымі органамі для жыццезабеспячэння нашых грамадзян.

З выступлення дэпутата па Заводскай выбарчай акрузе Таццяны Камянчук:
— Сёння, паважаныя дэпутаты, у нас асобая сесія. Дэпутацкі корпус трымае справа­здачу аб сваёй рабоце не перад выбаршчыкамі, а адзін перад адным. І я думаю, што мы накіроўвалі сваю дзейнасць на паляпшэнне жыцця нашых людзей, на выкананне тых праграм і задач, што стаяць перад раёнам.
Думаю, што дэпутату цяжка аддзяліць сваю работу ад работы кіраўніка. Таму некалькі слоў скажу, як працавала наша прадпрыемства, бо асноўныя мае выбаршчыкі – гэта работнікі камбіната.
Як вядома, наша прадпрыемства спецыялізуецца на выпуску дзіцячага харчавання. Яно займае сёння 85 – 90% ад усяго асартыменту. Мы выпускаем каля 200 найменняў прадукцыі дзіцячага харчавання і каля 100 – сокаў, варэнняў, джэмаў, соусаў і інш.
За апошнія 4 гады прадпрыемства зрабіла значны крок наперад. Вытворчасць прадукцыі вырасла на 453%. У камбінат укладзена больш за 30 мільярдаў інвестыцый. За гэты час мы зрабілі зусім новую вытворчасць па выпуску яблычнага соку прамога адціскання. Усе, напэўна, разумеюць, што гэта такое. На камбінаце ўстаноўлена новая лінія, вельмі беражлівая.
Мы адзіныя ў Беларусі выпускаем такую прадукцыю, як маркоўны сок.
Прыбытак за апошнія 4 гады вырас больш чым у 3 разы, больш чым у 4 разы вырасла выручка ад рэалізацыі прадукцыі. Зарплата работнікаў камбіната павялічылася ў 5,5 раза і складае ў сярэднім 4,7 мільёна рублёў.
Вельмі актыўна працуе прадпрыемства па экспарту. На сённяшні дзень мы прадалі прадукцыі на 2 мільёны долараў. Гэта больш чым 25% ад усёй выпушчанай. Такога ў гісторыі нашага прадпрыемства яшчэ не было. Сярод спажыўцоў нашай прадукцыі ў першую чаргу расіяне, украінцы, казахі, малдаване. У апошнія гады нашымі дзелавымі партнёрамі з’яўляюцца прадстаўнікі Туркменістана і Эстоніі. Геаграфія пастаянна пашыраецца. І мне вельмі прыемна, калі да нас прыязджаюць нашы партнёры і кажуць: “Вось мы там і там бачылі вашу прадукцыю, спрабавалі яе на смак, яна нам вельмі спадабалася. Хочам купляць яе ў вас”.
А вырабляюць прадукцыю высокай якасці на нашым камбінаце мае выбаршчыкі, за што ім вельмі ўдзячна.

З выступлення дэпутата па Гвозніцкай выбарчай акрузе Анатоля Навакоўскага:
— У полі зроку сельскага Савета дэпутатаў, акрамя іншых, знахо­дзяцца і пытанні добраўпарадка­вання тэрыторый сельсавета. Штогод дэпутатамі сельскага Савета сумесна са старастамі вёсак, актывам сельвыканкама праводзіцца падворны абход грамадзян з мэтай вызначыць і ліквідаваць несанкцыянаваныя смеццязвалкі, указаць абыякавым гаспадарам, што яны дрэнна ўтрымліваюць свае падворкі. Абавязкова выпісваем прадпісанні. Прычым такі абход праводзім 2-3 разы ў год. Трэба сказаць, што яшчэ не выкаранена ўтрыманская пазіцыя грамадзян да пытанняў санітарнага стану. Некаторыя думаюць, што, маўляў, улада павінна прыбраць смецце, пакінутае гаспадаром, спілаваць дрэва ў двары, зрабіць агаро­джу і шмат іншага. Асабліва гэта датычыць гарадскіх грамадзян, бацькі якіх жывуць на тэрыторыі сельсавета. Догляд за сваімі бацькамі яны ўсклалі на плечы дзяржавы, забыўшы пра свае абавязкі.
Асаблівую занепакоенасць выклікаюць так званыя пустыя дамы, дзе ніхто не жыве. Я лічу, калі нашчадкі пасля смерці сваіх бацькоў ці блізкіх родзічаў не прынялі спадчыну, значыць, яна ім не патрэбна. Значыць, і дамы пакінутыя. Такіх у нас нямала, спадчыну прынялі і аформілі толькі адзінкі. І як вынік, каля дамоў, дзе ёсць гаспадары, парадак. А вось каля пакінутых добраўпарадкаваннем даводзіцца займацца сельвыканкаму, траціць немалыя грошы, якія можна было б накіраваць на іншыя патрэбы.
У адносінах да такіх уладальнікаў дамоў у нас вядзецца работа. За 7 гадоў, калі з’явіўся Указ Прэзідэнта № 100, у Гвозніцкім сельсавеце было знесена 43 дамы, дакументы на 12 дамоў былі перададзены ў суд, і 10 з іх суд перадаў у распараджэнне сельскага Савета, на 2 у судзе знайшліся нашчадкі і аформілі спадчыну.
Праўда, ёсць прэтэнзіі і да СВК “Гвозніцкі”. На балансе яго — нямала пустых дамоў. Асабліва ў Арлянцы, Брадзяціне. З імі трэба нешта рабіць, зносіць, калі яны не- патрэбныя ці непрыгодныя для жылля, ці закансерваваць і пастаянна падтрымліваць парадак ля іх.
Актуальным па-ранейшаму застаецца пытанне развіцця асабістых падсобных гаспадарак. Вядома ж, насельніцтва сельсавета старэе, і такіх гаспадарак становіцца ўсё менш і менш. І ў той жа час неабходна дапамога і падтрымка тым грамадзянам, у каго ёсць жаданне і сілы весці асабістую падсобную гаспадарку. Тым больш, што яна немалая прыбаўка да сямейнага бюджэту.
Чалавек не можа быць пакінутым сам- насам. Ён павінен быць сацыяльна абаронены. Гвозніцкі сельскі Савет удзяляе вялікую ўвагу інвалідам, пажылым людзям, малазабяспечаным сем’ям. Штогод дэпутатамі сельскага Савета праводзіцца абследванне ўмоў быту інвалідаў, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, вязняў канцлагераў, малазабяспечаных сямей і проста пажылых людзей. Складаецца план мерапрыемстваў па выкананні просьбаў гэтых катэгорый грамадзян, назначаюцца адказныя і тэрміны выканання. Вядома ж, хацелася б як мага больш зрабіць для названых катэгорый людзей. Але, на жаль, іншы раз тую ці іншую просьбу немагчыма выканаць з-за недахопу фінансавых сродкаў.
Падрыхтавала Ірына КАСЦЕВІЧ.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 19.03.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


lancer x

Культиваторы цена

там topobzor.info