Масавы футбол — у масы!

У Маларыце адкрыта міні-поле

У панядзелак, 17 мая, Маларыта жыла футболам. На кожным кроку ў апошнія дні размовы пра гэта толькі і вяліся сярод дзяцей і дарослых. Для мясцовых аматараў гэтага віду спорту гэта было сапраўднае і доўгачаканае свята. Пачалося яно ў другой палове дня на тэрыторыі раённай гімназіі, дзе ўрачыста пераразалася стужка міні-футбольнага поля са штучным пакрыццём і агароджай памерам 20х40м пад адкрытым небам. Унікальная, без перабольшання, падзея, унікальнае поле не толькі для вучняў гімназіі, але і ўсіх жыхароў горада і раёна. Тут можна будзе згуляць у футбол камандам у любы зручны час. Варта нагадаць, што гэты аб’ект узводзіўся па рашэнні бюро выканаўчай асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола” згодна з праграмай АБФФ і УЕФА “Hat Trick”. На адкрыццё аб’екта і перадачы яго раённай уладзе прыбылі высокія госці са сталіцы і абласнога цэнтра. З хлебам-соллю  шчыра сустракалі Генадзя Нявыгласа, старшыню АБФФ; Мікалая Хевука, начальніка ўпраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму Брэсцкага аблвыканкама; Яўгена Трацюка, старшыню федэрацыі футбола Брэсцкай вобласці. Пра значнасць падзеі сведчыў і той факт, што на цырымоніі прысутнічалі прадстаўнікі мясцовых органаў улады: Вадзім Шпетны, намеснік старшыні райвыканкама, Пётр Губей, старшыня раённага Савета дэпутатаў, Таццяна Лаўрэенка, начальнік РАА.
Пад гукі гімна Рэспублікі Беларусь  права ўзняць Дзяржаўны сцяг прадастаўляецца Таццяне Луцык, вучаніцы 10 “А” класа раённай гімназіі, члену зборнай каманды вобласці па футболу. Затым слова бярэ Генадзь Нявыглас. У сваім выступленні, між іншага, ён адзначыў, што ў Беларусі з 17 па 23 мая праводзіцца Адзіны тыдзень масавага футбола пад эгідай УЕФА. У нашай краіне яго арганізуе  Беларуская федэрацыя футбола пры падтрымцы Адміністрацыі Прэзідэнта і ў цесным узаемадзеянні з некаторымі міністэрствамі, органамі ўлады на месцах, грамадскімі арганізацыямі і аб’яднаннямі. Наогул, праект Тыдня складаецца з двух узаемазвязаных кампанентаў:  спартыўна-масавых спаборніцтваў і спаборніцтваў з мэтай далейшай папулярызацыі футбола з максімальным далучэннем усіх, хто захапляецца і любіць гэтую гульню. Акрамя таго, гэтае мерапрыемства мае і сацыяльна-патрыятычную накіраванасць, бо павінна дапоўніць тое, што праводзіцца ў краіне ў рамках святкавання 65-годдзя Вялікай Перамогі…
Старшыня АБФФ пада­рыў раённай гімназіі 18 камплектаў прафесійнай футбольнай формы і 20 мячоў, за што яму шчыра дзякавалі ў сваіх выступленнях Вадзім Шпетны, намеснік старшыні райвыканкама, і Сяргей Антонаў, дырэктар раённай гімназіі.
І вось настае самы адказны і хвалюючы момант: урачыста пераразаецца чырвоная стужка. Дзве футбольныя каманды выходзяць за суддзёй на поле. Ганаровае права першага сімвалічнага ўдару па мячу прадастаўляецца Генадзю Нявыгласу. Затым даецца старт дэбютнаму тур­ніру па міні-футболу паміж вучнямі 5,7 і 8 класаў раённай гімназіі.
А свята працягвалася. Яго эпіцэнтр перамясціўся на гарадскі стадыён. Тут узнагароджвалі тых, хто ўнёс значны ўклад у развіццё  масавага футбола. Сярод іх – вядомыя ў вобласці людзі, прадпрыемствы, арганізацыі, установы з Брэста, Баранавіч, Пінска… Артысты-футбалісты беларускай эстрады і тэатра (Альберт Скараход, Сяргей Мінскі і інш.) даюць невялікі канцэрт для балельшчыкаў, каб узняць настрой. Пасля размінкі пачынаецца матч паміж зборнымі камандамі Брэсцкай вобласці і паслоў масавага футбола з ліку вядомых спартсменаў і трэнераў, грамадскіх дзеячаў. Галоўным суддзёй яго стаў адзін з самых вядомых і паважаных арбітраў у рэспубліцы, арбітр міжнароднай катэгорыі Вадзім Жук. Пасля завяршэння гульні з лікам 5:5 многія змаглі ўзяць аўтографы ў любімых футбалістаў.
P.S. У зборнай камандзе Брэсцкай вобласці лепшым  іграком гульні быў прызнаны выхаванец маларыцкага футбола Аляксандр Галоўчык.
Мікалай НАВУМЧЫК.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий