Дарапеевіцкія вуллі-калоды

Напэўна, многія яшчэ са школьных гадоў памятаюць радкі з паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”:
Яшчэ з вясны, у час перабору,
Сюды прывезлі пчол калоду,
Ну, так, між іншым, для заводу.
Пчаліныя калоды… Што гэта такое? Дзе іх можна ўбачыць цяпер? Адказ просты: на вясковых могілках у Дарапеевічах. Менавіта там знаходзяцца некалькі нямых сведак старажытнага промыслу мясцовых жыхароў.
Пчалярства як промысел мае глыбокія вытокі на Беларусі. Яно ўзнікла на базе дзікага пчалярства як адна з форм збіральніцтва. Сяляне адшуквалі ў лесе пчаліныя дуплы-борці, выбіраючы мёд. Для гэтага даводзілася выкурваць дзікіх пчол.Пасля нашы продкі дадумаліся рабіць для іх штучныя дуплы ў месцах, да якіх было б прасцей дабрацца. Так з’явіліся борці (калоды) – выдзеўбаныя ствалы дрэў, куды пераносілі раі. Пазней вынаходніцтва ўдасканалілі: дуплы рабілі ўжо ў ссечаных ствалах, якія можна было ўсталяваць, прымацаваўшы, амаль на любым вялікім дрэве.
Вулей-калода — жытло для пчол. Выдзёўбвалі яго з тоўстага сасновага (дубовага)камля, у якім быў трухлявы асяродак. Зверху і знізу дупло закрывалася выразанымі кругамі. Каб вада не трапляла ў вулей, наверх калоды ставілі растапыраны абмалочаны сноп саломы. Каб мя­дзведзям і іншым аматарам мёду было цяжэй да борці дабрацца,замацоўвалі іх на вышыні прыкладна 6-10 метраў ад зямлі.
Па спосабе ўстаноўкі адрозніваюцца два віды калодавых вулляў: стаяк і ляжак (лежань).Першы ўсталёўваўся вертыкальна.Калоды вырабляліся прыкладна так. Спачаткубралася дрэва з дуплом, распілоўваўся камель на кавалкі памерам прыкладна па 2—3 метры. Затым высякалася спарахнелая сярэдзіна, дзве часткі (паловы) складваліся разам, рабілася лётка — адтуліна, праз якую лётаюць пчолы, у сярэдзіну калоды ўстаўляліся казялкі — змацаваныя крыж-накрыж палачкі для мацавання воску. Пасля дзве паловы канчаткова складаліся ра­зам, сціскаліся абручамі і абмотваліся стужкай з ліпавай кары для лепшай цеплаізаляцыі.Каб прывабіць дзікіх пчол, рабілі прынаду. Для гэтага сценкі борці націралі духмянымі зёлкамі, часцей за ўсё мелісай, клалі на дно маладую галінку алешыны…
Калоды-вуллі вы­рабляліся з мэтай іх працяглага выкарыстання.
Дакладны час з’яўлення борцяў не вызначаны, але ўжо ў паэме М.Гусоўскага “Песня пра зубра” (1523) калоды згадваюцца як рэаліі добра вядомыя і шырока распаўсюджаныя. Бортніцва таксама лічылася візітнаю карткаю беларускага Палесся, дзе яно мела важную гаспадарчую ролю да пачатку ХХ стагоддзя. Па прычыне шырокага распаўсюджвання рамкавых вулляў бортніцтва страціла сваё значэнне і практычна знікла.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: вуллі-калоды на векавых дубах на могілках у в.Дарапеевічы.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 19.03.2014 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.